Няпростая гісторыя шчучынскага Трыанона
Каб адрэстаўраваць палац за кошт мясцовага бюджэту, у раёне трэба на дзесяць гадоў адмовіцца ад рамонту школ. Ёсць у Беларусі месцы, якім, шчыра кажучы, не пашанцавала ні з архітэктурай, ні з гісторыяй. Няма там чаго глядзець — і ўсё тут. Шчучын да такіх адназначна не належыць. Людзі, якія ўпершыню бачаць фотакарткі горада ў Інтэрнэце, пачынаюць казаць пра беларускі астравок Швецыі або Германіі.
Выглядае ён сапраўды нетыпова, хаця і тут ёсць тыпова спраектаваныя будынак райвыканкама і вялікая цэнтральная плошча перад ім. Аднак больш увагі звяртаеш на касцёл святой Тэрэзы і царкву святога Архангела Міхаіла — каталіцкі і праваслаўны храмы, збудаваныя ў ХІХ стагоддзі, стаяць побач, таксама ў цэнтры. Непадалёк ад іх знаходзіцца ўтульны гатэльчык, які нагадвае бюргерскі домік і ўвогуле непадобны на гасцініцу савецкага тыпу. Таксама ў Шчучыне ёсць сваё возера, а на яго беразе стаіўся за драўлянай агароджай сапраўдны палац. Мясцовыя кажуць, што князі Друцка-Любецкія збудавалі яго па ўзоры Малога Трыанона, што ў Версалі. На жаль, у адрозненне ад французскага сабрата шчучынскі Трыанон пакуль што выклікае ў мясцовых жыхароў і нешматлікіх турыстаў не захапленне, а спачуванне...
Мара Ксаверыя
Шчучын доўгі час належаў роду Сцыпіа дэль Кампа. Нашчадкі старажытных рымлян прыехалі ў Вялікае княства Літоўскае разам з неапалітанскай прынцэсай Бонай Сфорца, якая ў 1518 годзе выйшла замуж за польскага караля Жыгімонта І. У гісторыі Бона Сфорца засталася як атрутніца (ёй прыпісваюць смерць Барбары Радзівіл) і вельмі дзелавая жанчына, якая ўмела “рабіць бізнэс”. Яе італьянскія служкі таксама знайшлі сябе на новай радзіме — яны займалі значныя пасады ў ВКЛ. Напачатку ХІХ стагоддзя 14-гадовая Марыя Сцыпіа дэль Кампа ўзяла шлюб са сваім дзядзькам Францішакам Ксаверыем Друцка-Любецкім. Шчучын быў яе пасагам. Так горад трапіў ва ўладанне да другога княжацкага роду.Ксаверый Францішак аказаўся чалавекам актыўным і таленавітым. Падчас знаходжання у сувораўскай арміі ён удзельнічаў у славутым пераходзе праз Альпы. Пасля прызначаўся расійскім царом гродзенскім губернатарам, міністрам фінансаў Польскага царства. Давялося яму пабываць па дзяржаўных справах і ў Парыжы. Напэўна, менавіта там з’явілася ў князя Друцка-Любецкага ідэя збудаваць у сваіх уладаннях версальскі палац.
Ваенная “беражлівасць”
Праўда, шчучынскі палац збудаваў не Ксаверый, а яго нашчадкі — дабудавалі яго ў 20-я гады мінулага стагоддзя. Друцка-Любецкія гаспадарылі тут да 1939-га. Пасля перамогі ў Вялікай Айчыннай на тэрыторыі княжацкага маёнтка збудавалі ваенны гарадок. Сам палац на доўгі час ператварыўся ў гарнізонны дом для афіцэраў.— Ваенныя сышлі ў канцы 90-х, тады ж райвыканкам перадаў палац на наш баланс, — распавядае начальнік аддзела адукацыі Шчучынскага райвыканкама Уладзімір Дубок. — Будынак быў, мякка кажучы, не ў вельмі добрым стане. Ваенныя вывезлі ўсё, нават плітку збілі ў санвузлах...
Нятанная памяць
З першага погляду цяжка зразумець, навошта аддзелу адукацыі палац. Аднак тут можна знайсці пэўную логіку. Як правіла, бюджэтныя сродкі выдзяляюцца толькі ў тым выпадку, калі яны прынясуць хоць нейкую аддачу. Таму Трыанон мала проста адрэстаўраваць.— Наша мэта — не толькі зберагчы будынак, але і пасля выкарыстоўваць яго, — пацвярджае здагадку Уладзімір Дубок. — Мы плануем размясціць у палацы Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі. Нашы дзеці пастаянна займаюць прызавыя месцы на творчых конкурсах, а свайго кутка ў іх зараз няма.Праектна-сметная дакументацыя рэканструкцыі палаца была распрацавана яшчэ ў пачатку 2000-х. Новы цэнтр творчасці “заважыў” больш як на шэсць мільярдаў рублёў. На той час гэта каля трох мільёнаў долараў. Зрэшты, ніхто не казаў, што захаванне спадчыны каштуе танна.
Рамонт ужо патрабуе рамонту
На працягу чатырох апошніх гадоў у дзяржбюджэце на палац знайшоўся толькі мільярд. Гэтых грошай хапіла на тое, каб усталяваць у будынку шклопакеты, пакласці сістэму абагравання на першым паверсе, умацаваць фундамент, правесці рэканструкцыю даху і падвальных памяшканняў. А што далей? Любы чалавек, які працаваў у будаўнічай галіне, вам скажа: лепш будаваць хутка. Так атрымліваецца танней.Агляд маёнтка ў гэтым толькі пераконвае. Вонкава — добры будынак, а вось унутры — сапраўдны вэрхал. Не так даўно адрамантаваны дах ужо цячэ. Можна не сумнявацца, што на яго спатрэбяцца яшчэ выдаткі. Будаўнічае смецце ляжыць непрыбраным. Вартаўнік Уладзімір Іванавіч раіць быць асцярожным, каб не наступіць на цвікі, якія ікламі тырчаць з падлогі. Гэта — “сляды” абадранага паркету. Па лесвіцах таксама трэба хадзіць з разлікам, каб не праваліцца.— Раней мы сюды на танцы бегалі, у більярд гулялі, — распавядае наш праваднік, і, здаецца, сам дзіву даешся, як ваенныя змаглі так хутка і “якасна” растрыбушыць палац, дзе яшчэ некалькі дзесяткаў год таму адпачывалі людзі.Між тым у раённым бюджэце на палац грошай няма, у абласным — таксама. — У раёне 56 устаноў адукацыі. У 2010 годзе нам на рамонт усіх гэтых аб’ектаў выдзелена 500 мільёнаў рублёў, — распавядае Уладзімір Дубок.На заканчэнне ж работ у палацы патрэбна яшчэ пяць мільярдаў рублёў. Няцяжка падлічыць: калі аддзел адукацыі будзе аднаўляць палац толькі сваімі сіламі, яму трэба як мінімум на дзесяць гадоў забыцца пра рамонт садкоў і школ. І ўсе грошы аддаваць выключна Трыанону.
Турысты нават зараз цікавяцца палацам
Шчучынцам лёс палаца неабыякавы. Жанчына, якая паказвала нам дарогу да маёнтка Друцка-Любецкіх, уздыхала.— Няўжо так дорага каштуе яго адрамантаваць? Можна было б скінуцца ўсім раёнам...Што ж, гэта задачка таксама простая. У Шчучынскім раёне пражывае каля 50 тысяч чалавек. Калі раскідаць пяць мільярдаў на ўсіх, з кожнага атрымаецца каля 35 долараў. Камусьці сума падасца невялікай, камусьці — непад’ёмнай. Тым больш спроба грамадскага ратавання палаца ўжо рабілася. Мясцовы энтузіяст Уладзімір Глаз збіраў грошы на рэстаўрацыю. Назбіраў тры мільёны. Гэтыя сродкі, канешне, пайшлі ў справу, але з такім бюджэтам далёка не прасунешся.Цікава, але нават у аварыйным стане шчучынскі палац прыцягвае ўвагу турыстаў.— Гэта ж ледзь не дакладная копія Версальскага палаца, і знаходзіцца яна ў цэнтры горада, — кажа начальнік раённага аддзела спорту і турызму Іван Гваздоўскі. — Аўтобусы з польскімі турыстамі тут часта спыняюцца...
Пра Малы Трыанон, што ў Версалі, ходзіць шмат паданняў. Адно з іх — нібыта гэты палац з’яўляецца варотамі часу. Так, напачатку ХХ стагоддзя настаўніцы з Англіі, якія адбіліся ад групы турыстаў, выпадкова натыкнуліся там на саму... колішнюю гаспадыню — каралеву Марыю-Антуанэту. Доўгі час брытанкам ніхто не верыў, бо яны казалі, што падышлі да Трыанона па мастку, а зараз там ніякага мастка няма. Аднак праз колькі год быў знойдзены план палаца XVIII стагоддзя, і ў ім сапраўды прысутнічаў масток...Шчучынскаму Трыанону таксама патрэбны вароты часу. Праўда, для падарожжа не ў мінулае, а ў будучыню.
Каментарый
Найбольшы інтарэс выклікаюць невялікія сядзібыАкрамя шчучынскага палаца ў Беларусі можна знайсці некалькі дзесяткаў аб’ектаў, якія маюць пэўнае гістарычнае або архітэктурнае значэнне і патрабуюць тэрміновай рэканструкцыі. Аднак дзе на ўсіх знайсці грошы? З гэтага пытання мы пачалі размову з начальнікам управы па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Ігарам Чарняўскім.— Міністэрства культуры таксама мае абмежаваны бюджэт, — зазначае Ігар Мяфодзьевіч. — Канешне, мы можам падзяліць грошы на ўсе аб’екты — тады кожны атрымае свой рубель. Але ці будзе з гэтага карысць? Мне больш эфектыўным падаецца фінансаванне невялікай колькасці праектаў.— Якія праекты прыярытэтныя сёлета?— Ідуць работы ў Мірскім замку, у гэтым годзе мы павінны іх завяршыць. Працягваецца рамонт палацавага ансамбля ў Нясвіжы — плануецца, што ён завяршыцца ў 2011 годзе. Яшчэ вядзецца рэканструкцыя на такіх аб’ектах, як езуіцкі калегіум у Юравічах, сядзібны дом у Чырвоным Беразе, палац у Жылічах, царква ў Сынкавічах. У полацкай Спаса-Прэабражэнскай царкве рэстаўруецца жывапіс.— Інвестараў могуць зацікавіць нашы гістарычныя помнікі?— Зараз мы па заданні ўрада распрацоўваем прапановы, як прыцягнуць інвестараў на аб’екты, якія не з’яўляюцца іх уласнасцю. Бізнесменаў перш за ўсё цікавіць, як яны могуць вярнуць укладзеныя грошы. Самы просты варыянт, які выкарыстоўваецца ва ўсім свеце, — гэта падатковыя ільготы.— У Ваўкавыскім раёне прадпрымальнік набыў сабе сядзібу ХІХ стагоддзя. Як вы ставіцеся да гэтага факта?— Мы зацікаўлены ў тым, каб у аб’екты ўкладваліся грошы. Аднак уласнікі павінны захоўваць іх у належным стане. Любыя змены робяцца толькі пасля ўзгаднення. І не для ўсіх мэт можна выкарыстоўваць пабудовы. Адна справа — турыстычны аб’ект, і зусім іншая — прамысловы цэх.— Да іншых сядзіб ёсць інтарэс?— Ёсць. Да аўкцыёну рыхтуюцца ў Пастаўскім і Ляхавіцкім раёнах. Да нас у апошні час сталі часцей звяртацца за інфармацыяй на гэты конт — ці ёсць такія аб’екты, у якім стане яны знаходзяцца? Найбольшую цікавасць уяўляюць менавіта невялікія сядзібы.— А, можа, былі спробы набыць Нясвіжскі палац або Мірскі замак?— Ёсць аб’екты, якія не прадаюцца. Тым больш інвестары ўмеюць лічыць грошы. Навошта ім такі замак? Што яны будуць з ім рабіць? Пакуль што такія багатыя людзі да нас не звярталіся.
Даведка “НГ”У 2010 годзе ў рамках Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы на рэканструкцыю і рэстаўрацыю 11 гістарычных аб’ектаў з бюджэту плануецца выдзеліць 68,6 мільярда рублёў, з іх на рэстаўрацыю замкавага комплексу ў Міры — 15,2 мільярда, музея-запаведніка “Нясвіж” — 35,7 мільярда, на адраджэнне Жыровіцкага Свята-Успенскага манастырскага комплексу — 7,3 мільярда.У 2009 годзе на рэстаўрацыю гістарычных аб’ектаў было накіравана 57,6 мільярда рублёў.