Навіны сталіцы
Інфармацыйная сістэма "Мемарыял", якая дазваляе хутка адшукаць месца размяшчэння магілы, усталяваная на могілках "Усходнія".
Як паведаміў загадчык могілак Сяргей Мальцаў, у электронны тэрмінал з архіўных кніг занесены каля 29 тысяч запісаў пахаванняў. Карыстацца тэрміналам, прычым абсалютна бясплатна, можа кожны. Такія тэрміналы хутка з'явяцца і на іншых могілках. Цяпер у электронную сістэму па жаданні блізкіх можна дадаць любую інфармацыю пра нябожчыка: яго біяграфію, звесткі аб прафесійнай дзейнасці, заслугах, узнагародах. Гэта паслуга платная.
Любоў ЯГОРАНКАВА, "Мінск—Навіны".
Выратавальнікі вызвалілі дзяўчынку з... батарэі ацяпленняЯк паведаміў прэс-сакратар Мінскага гарадскога ўпраўлення МНС Аляксандр Лапанік, гэта адбылося ў спартзале садка № 389. Маленькая дзяўчынка вывучала будову батарэі, і яе рука захрасла паміж секцыямі. Выратавальнікі вызвалілі дзіця з дапамогай алею.
Дапамога выратавальнікаў спатрэбілася дзевяцігадоваму хлопчыку. У двары дома № 73 на Старавіленскім тракце ён забраўся на дрэва. Нага папала паміж галінамі, і школьнік павіс уніз галавой. Хлопчык не на жарт перапужаўся, забыў нават, як яго завуць і дзе жыве. Толькі аправіўшыся пасля шоку, ён паказаў свой дом.
Уладзімір ЖДАНОВІЧ, "Мінск—Навіны".
Пры мінскіх паліклініках будуць створаныя грамадскія саветыУ сталіцы ў І паўгоддзі пры паліклініках будуць створаныя грамадскія саветы. Пра гэта паведаміў старшыня Камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама Дзмітрый Піневіч.
— Гэта наш эксперымент, хоць падобныя саветы дзейнічаюць пры школах. Мы ствараем іх для больш шырокага кантакту з насельніцтвам, каб гараджане былі інфармаваныя аб працы ўстаноў аховы здароўя, у тым ліку і нашых праблемах, — адзначыў ён. Саветы будуць сфарміраваныя на сходах з насельніцтвам, якія пройдуць у паліклініках у маі-чэрвені. Сюды ўвойдуць найбольш актыўныя і ініцыятыўныя прадстаўнікі грамадскасці. Грамадскія саветы змогуць кантраляваць працу ўстаноў аховы здароўя, уносіць прапановы па яе ўдасканальванні. Іх рашэнні будуць мець рэкамендацыйны характар для кіраўніцтва паліклінік.
У Мінску натуральны прырост насельніцтва за студзень-люты 2009 года склаў 267 чалавекУ сталіцы за студзень—люты гэтага года нарадзіліся 3246 чалавек, памерлі 2979. У сталіцы знізіўся ўзровень смяротнасці сярод дзяцей і падлеткаў. Сярод гараджан працаздольнага ўзросту паказчык застаўся ранейшым, а ў старэйшай узроставай групе ўзрос.
Зменшылася смяротнасць ад знешніх прычын (забойстваў, самагубстваў, ДТЗ, атручвання алкаголем). Але, на жаль, павялічылася колькасць смерцяў ад хваробаў, выкліканых злоўжываннем алкаголем.
Святлана ФРАЛЯНКОВА, "Мінск—Навіны".