Юбілей у роднай школе

Источник материала:  

Выпускнік Ільянскай школы паэт Уладзімір Папковіч разам з Розай Шэрай.

Першага красавіка ў Ільянскай сярэдняй школе імя Грымаця адбылася цікавая літаратурная імпрэза, прысвечаная 75-годдзю паэта Уладзіміра Папковіча.

Паэты-літаратары Эдуард Акулін,  Леанід Дранько-Майсюк, Галіна Кутас - ганаровыя госці.

Аўтограф жадаючым.

- Нідзе яшчэ мяне так не віталі, як у роднай школе, - такімі словамі пачаў сваё выступленне юбіляр, колішні выпускнік Ільянскай школы, паэт, ураджэнец вёскі Дварэц Вілейскага раёна Уладзімір Папковіч.

І сапраўды. Кіраўнік музея “Вілейшчына літаратурная” Роза Шэрая са сваімі выхаванцамі пастараліся зрабіць так, каб мерапрыемства надоўга запомнілася і юбіляру, і шматлікім гасцям. Юныя экскурсаводы шчыра і пранікнёна чыталі вершы Папковіча, а Роза Канстанцінаўна расказала пра цяжкае ваеннае дзяцінства паэта, пра несправядлівы арышт яго бацькі па лжывым даносе.

Пасля паэт сам распавядаў пра вучобу ў Ільянскай школе, паступленне ў 1953 годзе ў інстытут замежных моў. Дарэчы, гэта навучальная ўстанова на ўсё жыццё стала роднай для паэта. Тут ён працаваў выкладчыкам, загадчыкам кафедры. Але нягледзячы на ўсю сур'ёзнасць сваёй пасады, Уладзімір Папковіч аказаўся шчырым гумарыстам. На “ўра” ў зале ўспрымаліся яго камічныя вершы, жарты і трапныя выслоўі.

Хутка да юбіляра далучыліся яго сябры - паэт Леанід Дранько-Майсюк і бард Эдуард Акулін. І зноў паліліся вершы, жарты, песні пад гітару… Гледачы, асабліва юныя, сядзелі, як зачараваныя, а дарослыя дзівіліся не толькі паэтычнаму таленту творцаў, а яшчэ і іх віртуознаму ўменню працаваць з публікай.

Прыемна было чуць ад гасцей словы захаплення нашымі музеямі ды і школай увогуле.

- Тут заўсёды нас шчыра сустракаюць і ніколі не памыляюцца, называючы нашы прозвішчы, як гэта здараецца ў іншых установах, - адзначыў Эдуард Акулін.

А Леанід Дранько-Майсюк увогуле заваяваў сэрцы нашых вучняў, сказаўшы, што яны чытаюць вершы, як сапраўдныя артысты і сталічным школьнікам варта было б павучыцца гэтаму майстэрству ў ільянскіх.

Хочацца адзначыць, што і Уладзімір Папковіч, і Эдуард Акулін, і Леанід Дранько-Майсюк ужо не першы раз прыязджаюць у Ільянскую школу і вельмі любяць бываць тут. Напэўна таму, што шчырыя ўсмешкі нашых вучняў дораць ім добры настрой, а чароўная прырода Вілейскага краю натхняе на новыя творы.

Аксана ЯРАШОНАК, педагог-арганізатар Ільянскай агульнаадукацыйнай школы.

Фота забяспечана Аксанай ЯРАШОНАК.

←К "Славянскому базару" появятся сияющие мосты и новые билетные кассы

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика