Указальнікі населеных пунктаў Гродзенскай вобласці прымушаюць чырванець

Источник материала:  
07.04.2010 10:51 — Новости Общества
Указальнікі населеных пунктаў на дарогах вобласці часам прымушаюць чырванець за чыюсьці непісьменнасць і безадказнасць.

Да пары да часу я не звяртала ўвагі на напісанне назваў населеных пунктаў. Кропкай адліку стала наведванне сядзібы Тадэвуша Касцюшкі. Як вядома, указальнікі на тэрыторыі Беларусі напісаны на беларускай мове. У вочы кінуўся канчатак -ко ў прозвішчы Касцюшко. “Нічога, бывае”, – падумала сама сабе. Добра, што госці з Расіі не ведалі беларускую мову. А мяне зачапіла. Нешта ў душы перавярнулася. На табе. Турыстычны аб’ект звязаны з імем такой выбітнай асобы. Мясціны прыгожыя - не апісаць. Колькі наведвальнікаў тут, асабліва летам. А ўказальнік - першае, што сустракае турыстаў па дарозе да сядзібы, - з памылкай. Прызнацца, думала, у роднай вобласці такога не сустрэну. Дарма.

Чырванець прыходзілася часта. За чыюсьці абыякавасць, нядбайнае стаўленне да справы, бадай, дзяржаўнага значэння. Усяго не пералічыць. Прывяду толькі адзін прыклад.

Дарога ад Гродна на Аўгустоўскі канал - жамчужыну Гродзеншчыны - з’езджана мною ўдоль і ўпоперак. Любімае месца адпачынку, напэўна, не толькі маё, а многіх гродзенцаў. Не ведаю, ці звяртаў хто ўвагу на ўказальнікі абапал дарогі, раю: звярніце. На працягу параўнальна невялікага адрэзку дарогі - прыкладна 40 км - можна без напружання звілін налічыць ні многа ні мала каля 5 (!) памылак.

Ля помніка ахвярам фашызму за Ласосна даўно ўстаноўлены стэнд. Чорным па беламу напісана “ПОМНІК АХВЯРАМ ФАШЫЗМУ”. На другім боку дарогі з’явіўся турыстычны ўказальнік “ПОМНІК АХВЯРАМ ФАШЫЗМА”.

“ХУТ. УЛЬКАЎЦЫ”, а праз некалькі метраў - “ВУ’ЛЬКАЎЦЫ”.

“НАВУ’МАВІЧЫ”, а далей “НАУ’МАВІЧЫ”.

Вёска “ПЕСЧА’НЫ” і “ПЯСЧА’НЫ”.

Каб развеяць сумненні, як жа правільна пісаць назвы гэтых вёсак, адкрываю “Слоўнік назваў населеных пунктаў Гродзенскай вобласці” Я. Н. Рапановіча пад рэдакцыяй доктара філалагічных навук П. П. Шубы. Згодна слоўніку правільна “НАВУ’МАВІЧЫ”, “ВУ’ЛЬКАЎЦЫ”, “ПЯСЧА’НЫ”.

А над жыхарамі вёскі Трычы і наогул нібы здзекуюцца: ТРЫЧІ’ - так напісана на ўказальніку назвы вёскі. Не зразумела, на якой жа мове напісана: на ўкраінскай ці рускай? А праз некалькі метраў - ТРЫЧЫ’.

Летась на дарозе да Аўгустоўскага канала з’явіліся новыя ўказальнікі турыстычных аб’ектаў. Карычневага колеру. Белымі літарамі напісаны назвы палацаў, застаў, шлюзаў, канала. Несумненна, справа добрая і вельмі патрэбная, інакш турыстам, прынамсі, замежным, не дабрацца да буйнейшага турыстычнага аб’екта Гродзеншчыны. Да гэтага моманту, бадай, адзіным указальнікам накірунку на канал быў бігборд на выездзе з Гродна ў бок Ласосна. Несумненна, добрая справа. Толькі вось ці будзе зразумела турыстам такое скарачэнне “68-ы УР. ДОТы”. Дый, прынамсі, не ўсе гродзенцы ведаюць, што яно абазначае. Варта было б расшыфраваць, што гэта доты 68-га Гродзенскага ўзмацняльнага раёна.

У цэнтры Сапоцкіна чарговы турыстычны ўказальнік з назвай шлюза Дамброўка на англійскай мове. DAM ROUKA. А куды знікла літара В? Атрымаліся два словы, якія незразумела што абазначаюць. Прыкольна.

Дык хто ж адказвае за памылкі на дарожных знаках? Паспрабавала разабрацца. На ўказальніку ля Сапоцкіна напісана “Дарогу абслугоўвае КУП “Гроднадарожнік”. Прыведзены нумары тэлефонаў. Патэлефанавала, аднак сустрэцца і даць каментарый там адмовіліся.

Не трэба быць прафесарам філалогіі, каб ведаць элементарныя правілы правапісу на роднай мове. Дый адкрыць слоўнік нескладана. Хаця, відаць, складана для тых, каму ўсё роўна як пісаць ДУХОЎЛЯ’НЫ ці ДУХАЎЛЯ’НЫ (правільна), НЕВЕ’РАВІЧЫ ці НЯВЕ’РАВІЧЫ, ПА’ЖАРКІ ці ПО’ЖАРКІ… Аб якім прафесіяналізме тут можа ісці гаворка? Канешне, не памыляецца той, хто нічога не робіць. Аднак калі ты адказваеш за справу грамадскай значнасці, варта дзесяць раз праверыць.

Дарэчы, гэта праблема датычыцца не толькі ўказальнікаў на дарогах. Напэўна, вам не раз даводзілася бачыць напісаныя з памылкамі цэннікі ў магазінах, расклад руху на прыпынках, шыльды з указаннем маршруту ў грамадскім транспарце. Што гэта: непавага ці абыякавасць?

Вось так і жывём…

←В чернобыльских районах дефицит квалифицированных специалистов

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика