ШТО ТАКОЕ ГРАФІЦІ І ЯК З ІМ ЗМАГАЦЦА? Калі трэба?
"Круглы стол", прысвечаны сучаснаму народнаму мастацтву "Графіці", на гэтую тэму прайшоў у сутарэннях мастацкай галерэі "Універсітэт культуры". А сабраліся мастацтвазнаўцы з нагоды адкрыцця выставы твораў маладых беларускіх мастакоў графіці пад цікавай назвай "BY. DE". Падчас абмеркавання ўдзельнікі спрабавалі вызначыць, чым з'яўляецца графіці: ці гэта новая плыня мастацтва, альбо звычайнае хуліганства? І сапраўды, своеасаблівы від мастацтва, што зарадзіўся ў краінах Захаду ў 60-я гады мінулага стагоддзя, вельмі хутка стаў папулярным у моладзевым асяроддзі. І наша краіна не выключэнне: успамінаючы "ліхія" 90-я, як часта нам на вочы траплялі сцены пад'ездаў і гаражоў, размаляваныя рознымі незразумелымі літарамі, што перапляталіся, перацякалі адно ў адно. Што і казаць, хлапчукі тады проста жылі гэтым, а дзяўчаты захапляліся навамоднай творчасцю — і аўтар гэтых радкоў не выключэнне, які напрыканцы 90-х стаяў з балончыкам для абутку (ці будаўніцтва, калі пашанцуе) і разам з сябрамі "падпальваў" літары ўласнай выдумкі на памяць суседзям...
— Мне здаецца, што па сваім нефармальным, неакадэмічным характары, — распавядае дырэктар мастацкай галерэі Дзяніс Барсукоў, — гарадская культура графіці нагадвае народнае мастацтва, якое, дарэчы, сышло ў нябыт у сувязі з вялікімі сацыя-культурнымі зменамі нашага побыту. І цяпер новае жыццёвае асяроддзе нараджае новую, неэлітарную (у адрозненне ад сучаснага мастацтва) візуальную культуру...
А што ж на самой выставе твораў студэнтаў айчынных творчых ВНУ? Там, як ні дзіва, якраз і прадэманстраваныя ўсе абліччы графіці: ад амаль што традыцыйнага мастацтва, да сапраўдных "Art Crіme'аўскіх" павеваў — бо менавіта так часта і называюць графіці ў краінах, дзе гэты від сучаснага вулічнага мастацтва і вырас, перарадзіўшыся з моладзевай культуры ў сапраўдны мастацкі стыль. Насамрэч, бо сёння ўжо многія прафесійныя мастакі займаюцца менавіта графіці, надаючы кожнай дэталі столькі ўвагі, колькі мо таго і не спатрэбілася б у іншых сучасных стылях. А прымаляваны палюбоўнік жонкі, што хаваецца ад яе мужа, трымаючыся адной рукой за край гаўбца, а іншай, прыкрываючы... увогуле выглядае вельмі шыкоўна!..
Дык усё ж, што такое графіці? Ці гэта мастацтва, ці гэта звычайнае дробнае злачынства?.. На гэтае пытанне кожны павінен адказаць самастойна, не прыпісваючы да творцаў графіці нешматзначныя трохлітаравыя спалучэнні, што "ўпрыгожваюць" нашы дамы, платы, шыльды, помнікі архітэктуры. Удзельнікі ж семінара-"круглага стала" сышліся на тым, што ёсць два праяўленні гэтай з'явы: графіці, як народная творчасць, і графіці, як мастацтва; і змагацца супраць абодвух гэтых праяў бессэнсоўна ды, бадай, непатрэбна?!.
Мікола ТАМАШЭВІЧ.