Асіпенка адмовіўся ад большасьці таго, што казаў у камэры

Источник материала:  
У Вярхоўным судзе Беларусі працягваецца працэс над Мікалаем Аўтуховічам, Уладзімерам Асіпенкам, Міхаілам Казловым і Аляксандрам Ларыным, якіх абвінавачваюць у падрыхтоўцы тэрарыстычных актаў ды іншых злачынстваў.Падзеяй дня сталі матэрыялы праслухоўваньня ў турме Уладзімера Асіпенкі, большасьць зь якіх сёньня абвінавачаны абверг.
Пасьля абеду на судзе быў праслуханы аўдыёзапіс размовы Ўладзімера Асіпенкі з двума адказнымі супрацоўнікамі галоўнай управы барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю МУС. Нагадаю, размова ішла ў камэры «Валадаркі» і тайна запісвалася з санкцыі Генэральнага пракурора Рыгора Васілевіча.

Падчас гэтай размовы Ўладзімер Асіпенка нібыта прызнаў, што Мікалай Аўтуховіч замаўляў падпалы ў Ваўкавыску, а таксама ён датычны да спробы замаху на старшыню гарадзенскага аблвыканкаму Ўладзімера Асіпенку. Пасьля праслухоўваньня гэтага запісу адбыўся допыт Уладзімера Асіпенкі.

Уладзімер Асіпенка пацьвердзіў толькі тое, што тычылася ягоных асабістых дзеяньняў. Гэтак, ён прызнаў, што называў «глупствам» свой званок у калёнію да Юрыя Арцюкевіча, якому перадаваў падзяку. «За тое, што павёў сябе як мужчына і не паказаў на Аўтуховіча», — патлумачыў Уладзімер Асіпенка. Таксама ён прызнаў, што паказваў Ларыну дом «губэрнатара» Ўладзімера Саўчанкі, але сказаў, што ў той момант нічога ня ведаў пра падрыхтоўку замаху. Паводле Асіпенкі, ён меў на ўвазе падрыхтоўку акцыі падтрымкі Аўтуховіча, якога ў той момант арыштавалі. Маўляў, наладзіць пікеты ці дэманстрацыі з патрабаваньнем вызваліць Аўтуховіча. Калі пазьней ён даведаўся пра пляны замаху, то жахнуўся і сказаў, што ў гэтым браць удзелу ня будзе.

Што да таго, што Аўтуховіч нібыта замовіў усе гэтыя злачынствы, Асіпенка гэта абверг. Ён нібыта сказаў тое, што ад яго хацеў пачуць «міліцыянт Ціхіня». Пра яго апэратыўнікі нібыта сказалі, што толькі гэты чалавек можа дапамагчы яму хутка выйсьці на волю і вярнуцца ў сям’ю, дзе ў яго ў той час былі «вялікія праблемы». Паводле Ўладзімера Асіпенкі, насамрэч пра тое, што нібыта Аўтуховіч замовіў падпалы і замах, ён даведаўся ад апэратыўнікаў і паўтарыў тое «што ад яго хацелі пачуць». Асіпенка не казаў пра фізычнае ўзьдзеяньне, але сказаў, што на яго чынілі «псыхалягічны ціск».

«Ціхіня даваў слова афіцэра, што мяне выпусьцяць на волю, і слова сваё не стрымаў. Вось якія афіцэры служаць у органах!» — абураўся Ўладзімер Асіпенка, сам падпалкоўнік у адстаўцы.

Працэс працягнецца ў панядзелак, 5 красавіка.
←Тину Канделаки не пускают на родину

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика