Вялiкдзень — трыумф любовi Хрыста

Источник материала:  

Вялiкдзень — трыумф любовi Хрыста

Вялiкдзень — трыумф любовi ХрыстаПастырскае пасланне на Вялiкдзень 2010 года


Глыбокапаважаныя браты i сёстры!


1. Хрыстус уваскрос! Сапраўды ўваскрос! Гэты святочны велiкодны воклiч гучыць сёння ва ўсiм свеце. Сёлетнi Вялiкдзень набiрае асаблiвае значэнне, бо ўсе хрысцiяне ў адзiн дзень адзначаюць свята, якое з’яўляецца падмуркам нашай веры i надзеяй на вечнае жыццё. Гэта знак з неба, калi нават нябесныя целы кажуць нам, каб былi адно, як хоча гэтага Хрыстус, каб адзiным сэрцам i адзiным духам (пар. Дз 4, 32) абвяшчаць радасную таямнiцу нашага збаўлення i дар новага, пазначанага свабодай, жыцця ў Хрысце.


2. Якiм было б жыццё чалавека, калi б Сын Божы не прыйшоў у гэты свет i не збавiў яго? На гэтае пытанне можам даць наступны адказ: мы б не зведалi бязмежнай любовi Бога, засталiся б духоўна памерлымi, без падмурку нашай веры, а жыццё нашае было б без надзеi.


Падзея, якую мы сёння адзначаем, з’яўляецца цэнтральнай з усяго таго, што ўчынiў Бог. Усе Яго дзеяннi, пачынаючы ад стварэння свету, ад паклiкання Абрагама i выйсця з егiпецкай няволi, былi дзеля сённяшняга дня, дзеля моманту ўваскрасення Хрыста.


3. Першае i галоўнае значэнне Вялiкадня — гэта надзвычайная асоба Езуса Хрыста, якi быў укрыжаваны i пахаваны, а потым уваскрос да новага жыцця. Таму i сутнасцю хрысцiянства з’яўляецца не iдэя, але асоба Езуса Хрыста, у якой знаходзiцца багацце яго зместу, — як зачважае папа Бэнэдыкт XVI (пар. MoK, s. 10). Езус Хрыстус не прыйшоў у гэты свет, каб навучаць фiласофii, але каб паказаць шлях, якi вядзе да вечнага жыцця.


Пры гэтым трэба памятаць, што ўваскрасенне Хрыста — гэта не толькi гiстарычны факт, але вопыт, якi працягваецца праз усе вякi, якi не мiнае.


4. На жаль, у наш час небывалага прагрэсу чалавецтву спадарожнiчае нясталасць i сацыяльная няроўнасць. Прагрэс чалавечага генiя адкрывае новыя перспектывы. Аднак нават найлепшыя мары найчасцей застаюцца толькi марамi i вялiкую частку чалавецтва складаюць маргiналы, бедныя i пакiнутыя. Таму памяць пра Божую вернасць сваiм абяцанням заклiкае нас, хрысцiянаў, абвяшчаць уваскрасенне Езуса Хрыста як надзею, што чалавецтва здольнае пабудаваць такi свет, у якiм будзе панаваць справядлiвасць.


Праўда аб уваскрасеннi выхоўвае да сапраўднай надзеi. Хто верыць ва ўваскрасенне Хрыста, той павiнен быць у авангардзе барацьбы супраць скептыцызму, эгаiзму, адрачэння, iндыферэнтызму i г.д.


Перад аблiччам цяжкасцяў хрысцiянiн не павiнен хаваць сваёй галавы падобна таму, як стравус хавае яе ў пясок. Наадварот, давяраючыся Богу, ён павiнен iмкнуцца да трыумфу маральнага закону, жыцця, праўды i справядлiвасцi.


5. Заданне Касцёла не заключаецца ў тым, каб будаваць грамадства, аднак пасланне Хрыста дае магчымасць унесцi наш уклад у яго будаванне. Таму хрысцiянiн, узмоцнены праўдай уваскрасення Хрыста, павiнен мець адвагу баранiць жыццё i каштоўнасцi сям’i як галоўнай клеткi кожнага грамадства; дапамагаць будаваць грамадства на прынцыпах сацыяльнай справядлiвасцi, а не карупцыi; замест культуры нянавiсцi i гвалту спрыяць развiццю культуры любовi; супрацьстаяць тэндэнцыям палiткарэктнасцi ў маральных нормах, якiя па сваёй сутнасцi i прадвызначэннi нязменныя; садзейнiчаць таму, каб моладзь атрымала не толькi добрую адукацыю, але i релiгiйнае выхаванне.


6. У сучасным секулярызаваным свеце нярэдка можа складвацца ўражанне, што Касцёл i хрысцiянская вера iснуюць толькi для таго, каб прапагандаваць маральны кодэкс. Сапраўды, хрысцiянства мае свае маральныя нормы, аднак гэта не тое, чым яно на самой справе ёсць. Як ужо было падкрэслена вышэй, змест хрысцiянства заключаецца не ў iдэi, але ў асобе нашага Збаўцы — Езуса Хрыста. Галоўнае заданне хрысцiянаў заключаецца ў тым, каб прыняць Бога, якi дае нам самога сябе, каб мы iдэнтыфiцыравалiся i дзейнiчалi разам з iм.


7. Гiсторыя адосiн памiж Богам i чалавекам — гэта самая вялiкая з калi–небудзь напiсаных гiсторый пра любоў Стварыцеля да свайго стварэння. З iншага ж боку, гэта гiсторыя трагедыi чалавека, якая сталася па прычыне непрыняцця iм гэтай любовi. Асаблiва бачна гэта ў сучасным свеце, якi перажывае як маральны, так i фiнансавы крызiс.


Крызiс наступае тады, калi прыходзiць змена каштоўнасцяў, калi сапраўдныя, устаноўленыя Богам хрысцiянскiя каштоўнасцi замяняюцца iншымi, якiя на самой справе з’яўляюцца антыкаштоўнасцямi.


Калi заглушана сумленне — унутраны голас душы, якi ацэньвае нашыя дзеяннi, калi маральны кодэкс не прымаецца за норму жыцця, то ўжо нiшто i нiхто не перашкаджае чалавеку чынiць зло. У гэтым крыецца прычына ўсiх бедаў i крызiсаў чалавецтва, пра якiя вельмi часта гаворыцца сёння i выйсця з якiх лiхаманкава шукае свет.


8. У сучаснай спажывальнiцкай постмадэрнiсцкай культуры, якая шукае задавальненняў i прыемнасцяў, самалюбства хутка становiцца самазахапленнем, iмкненнем да славы i самадастатковасцi. А калi гэта не атрымлiваецца, то з’яўляецца нянавiсць да самога сябе i нават самаагiда.


Амаральнае iмкненне да абагачэння любым коштам, бiзнес без захавання этычных нормаў, культура спажывальнiцтва i дыктатура лiбералiзму могуць стаць прычынай таго, што ў блiжнiх мы станем бачыць сапернiкаў, а самi ператворымся ў кансумiстаў, якiя шукаюць папулярнасцi. Нярэдка сучасны чалавек будуе свае добрыя адносiны з iншымi да той пары, пакуль яму гэта прыемна i выгадна. Аднак ён не жадае назаўсёды браць на сябе абавязкi, вынiкаючыя з гэтых добрых адносiн. Калi ж наступае крызiс любовi да самiх сябе як Божых стварэнняў, да Бога i блiжняга, то сапраўдная любоў нам уяўляецца як дзiцячая фантазiя ў сучасным карумпаваным свеце. Чалавек пры гэтым забывае, што самая вялiкая з напiсаных калi–небудзь гiсторый пра любоў Бога да чалавека жыве i сёння, таму што Бог працягвае нам сваю руку дапамогi нават тады, калi мы адварочваемся ад Яго.


9. У наш час, насычаны шматлiкiмi крызiсамi, у свеце трывае атмасфера пагрозы, трывогi, бездапаможнасцi i нават панiкi. Аднак тры днi Пасхальнага Трыдуума з аднаго боку паказалi нам самы вялiкi крызiс, а з iншага — самую вялiкую любоў у гiсторыi чалавецтва. У Вялiкi чацвер Хрыстус кажа, што будзе здраджаны сваiм вучнем i выдадзены на смерць, каб стаць ахвярным ягнём за грахi свету. Для таго, каб увекавечыць гэта, ён устанавiў Эўхарыстыю, у якой хлеб i вiно становяцца Яго Целам i Крывёю, што была пралiта за грахi свету.


У Вялiкую пятнiцу мы сталi сведкамi крызiсу надзеi, бо Хрыстус быў выдадзены i ўкрыжаваны; Яму здрадзiў адзiн з вучняў, а людзi, якiм ён чынiў дабро, адвярнулiся ад Яго. У той жа час Сын Божы з любовi да чалавека перажываў лёс, падрыхтаваны для Яго Айцом Нябесным.


У нашым жыццi мы таксама нярэдка перажываем крызiс надзеi, якi можа быць выклiканы цяжкай хваробай, складанай сямейнай сiтуацыяй, бядой, смерцю блiзкага чалавека або iншымi жыццёвымi абставiнамi. Падчас такiх выпрабаванняў нам трэба звярнуцца да гiсторыi Пасхальнага Трыдуума як крызiсу надзеi i адначасова трыумфу любовi i Божай мiласэрнасцi, якiя вярнулi надзею. Усе мы з’яўляемся ўдзельнiкамi гэтага працэсу. Кожны з нас у сваiм жыццi не аднойчы адрокся ад Бога, пакрыўдзiў iншага i сам быў пакрыўджаны, не заўсёды любiў блiжняга i не быў любiмы так, як хацелася б. Аднак бязмежны ў сваёй мiласэрнасцi Бог заўсёды заставаўся з намi i працягваў нам сваю руку. Праблема толькi ў тым, цi хацелi мы ўхапiцца за яе.


Сёння мы радуемся ўваскрасенню Хрыста. Мы радуемся таму, што выйшлi з «велiкапоснага шпiталю», калi так можна сказаць, з рэцэптам на лек, якi не мае адпаведнiкаў. У склад гэтага леку ўваходзяць тры iнгрэдыенты: Апошняя Вячэра, цярпеннi i крыжовая смерць Езуса Хрыста i Яго ўваскрасенне.


Назва гэтага леку — бязмежная любоў Бога да чалавека. Уваскрасенне Хрыста — гэта Яго перамога над грахом i смерцю, якую чалавецтва атрымала навекi, гэта заўсёды актуальныя лекi.


10. Апосталы Ян i Пётр, даведаўшыся ад жанчын мiраносiц пра тое, што грабнiца пустая, пабеглi туды, дзе было пакладзена цела Езуса, убачылi пустую грабнiцу i паверылi ва ўваскрасенне Хрыста. Пустая грабнiца сведчыла, што не трэба баяцца, бо любоў знiшчыла страх. Напэўна, Пятра, якi быў там, праймаў то гарачы, то халодны пот. У Вялiкi чацвер ён урачыста вызнаў, што лепш памрэ, чым адрачэцца ад Езуса. А праз некалькi гадзiн ажно тры разы адрокся ад Яго (пар. Ян 13, 37; 18, 17 — 27).


У гэтыя апошнiя тры днi менавiта любоў Пятра паддавалася моцным выпрабаванням. Пустая грабнiца кажа: Пётр, ты адрокся ад Мяне, але Я ўваскрос i, нягледзячы нi на што, люблю цябе. На гэтай выпрабаванай здрадамi i нявернасцю i сёння адроджанай любовi ўваскрэсла вера, надзея i любоў, якiя трываюць заўсёды (пар. 1 Кар 13, 13).


11. Вера Касцёла i яго перакананне такiмi былi заўсёды, ад самага пачатку. Так верылi апосталы, якiя аддалi сваё жыццё за веру ва ўкрыжаванага i ўваскрослага Езуса i за Яго навучанне. Так жылi вялiкiя героi i мучанiкi хрысцiянства. Так павiнны жыць i сучасныя людзi.


Ласка сённяшняга свята заключаецца ў тым, што свет не меў бы такiх магчымасцяў, калi б Сын Божы не стаў чалавекам i не збавiў яго. Хрыстус, напаўняючы свет сваёю ласкай, перамянiў яго.


12. З гэтымi думкамi вiншую ўсiх вас, дарагiя браты i сёстры, з радасным i збаўленчым святам Уваскрасення Езуса Хрыста, святам трыумфу Яго бязмежнай любовi!


Вiншую ўсiх хрысцiянаў, асаблiва братоў i сясцёр праваслаўных, з якiмi ў нас падобныя пазiцыi па праблемах сучаснасцi, з надзеяй, што i далей мы будзем сумесна абараняць iдэалы хрысцiянства, каб, жывучы iмi, свет iмкнуўся да выканання свайго прадвызначэння.


Вiншую ўсiх людзей добрай волi. Усiм вам жадаю шчаслiвага Вялiкадня. Няхай уваскрослы Езус заўсёды будзе з вамi, несучы ў вашае жыццё надзею, супакой i радасць.


Давяраючы ўсiх вас апецы Марыi — Мацi ўваскрослага Пана — свае велiкодныя пажаданнi ўмацоўваю благаслаўленнем у iмя Айца, ў i Сына, i Духа Святога. Амэн.


Хрыстус уваскрос! Сапраўды ўваскрос!


Арцыбiскуп Тадэвуш КАНДРУСЕВIЧ,

Мiтрапалiт Мiнска–Магiлёўскi.

Мiнск, 25 сакавiка 2010 г.

Ва ўрачыстасць Звеставання Пана.

←Воскрес не только для нас, но в нас

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика