Пазакласнае чытанне. Калі з’явяцца нашы Гары Потары?
Тыдзень дзіцячай кнігі праходзіць ва ўсіх гарадах і мястэчках краіны. Маленькія чытачы маюць магчымасць не толькі даведацца пра літаратурныя навінкі на роднай мове, але і пазнаёміцца з пісьменнікамі -- добрымі чараўнікамі, якія ствараюць для іх сапраўдны казачны сусвет. У 90-я гады, калі беларуская мова была на піку папулярнасці, кнігі разыходзіліся як гарачыя піражкі. Тыражы перавышалі 70 тысяч экземпляраў. Зараз кнігавыдаўцы не могуць пахваліцца такой цікавасцю да сваёй прадукцыі. Тым не менш толькі за 2010 год у нашай краіне было выдадзена 12 кніг для дзетак. -- Справа ў свядомасці. Чытаюць па-беларуску сваім маленькім толькі сапраўдныя патрыёты, -- распавядае казачніца Алена Масла. -- Некаторыя бацькі не разумеюць, што трэба фарміраваць моўны густ з дзяцінства і проста не ведаюць, якія цікавыя і добрыя кніжкі пішуць нашы аўтары.Павялічыць попыт на дзіцячыя выданні на роднай мове магчыма. Для гэтага трэба больш увагі надаваць рэкламнай кампаніі, супрацоўнічаць з прыватнымі крамамі, а таксама онлайн магазінамі. Тым больш што ў беларускай літаратуры з’яўляюцца новыя актуальныя жанры. Напрыклад, апошняя кніга Сержука Мінскевіча “Усмешка жалобнай каралевы” напісана ў жанры фэнтэзі. Яна сумяшчае ў сабе містыку, прыгоды і гістарычны матэрыял. Нічым не горшая за сусветныя бестселеры.-- У апошні час усё больш увагі надаецца дызайну дзіцячых кніжак, -- расказвае пісьменнік Арцём Кавалеўскі. -- Не трэба адмаўляцца ад нацыянальных традыцый у гэтай справе. Нашы выданні зроблены з душой. Толькі ручная праца! Ніякіх 3D і “гумавых” твараў.