У Магілёве знойдзена трэцяе цела
На фота вайскоўцы шукаюць фрагменты другога цела на вул. Фаціна.
У Магілёве знойдзена трэцяе цела, паведаміла НН ананімная крыніца. Пакуль невядома амаль ніякіх падрабязнасцяў пра асобу забітага — ні пол, ні ўзрост, ні дзе было знойдзена цела. У хуткім часе ў Магілёўскіх СМІ мусіць з’явіцца афіцыйная інфармацыя следства.
Нагадаем, што 23 сакавіка гэтага года ў Магілёве ў раёне аўтамабільнай развязкі праз Дняпро паблізу вуліцы Фаціна быў знойдзены расчлянёны труп жанчыны. Як стала вядома пазней, ахвярай стала 35-гадовая магіляўчанка, што злоўжывала спіртнымі напоямі ды якая была пазбаўлена бацькоўскіх правоў. Цела было літаральна выпатрашана, кроў выпушчаная, адсутнічала галава, рукі і ногі. Пазней міліцэйскія сабакі знайшлі і іх — яны былі адсечаныя па суставы.
Эксперты прыйшлі да высновы, што дзейнічаў прафесіянал. 31 сакавіка ў тым жа раёне ў падвале аднаго з дамоў было знойдзена яшчэ адно разрэзанае на кавалкі цела. Яно было настолькі пашкоджанае, што не адразу ўдалося высветліць мужчына гэта ці жанчына. Крыніца НН паведамляе, што гэта жанчына.
Паводле адной з версій, усе забітыя былі добра знаёмыя між сабой, вялі асацыяльны лад жыцця. І найхутчэй былі забітыя ў адзін дзень адным і тым жа чалавекам. Таксама гаворыцца пра знаёмую першай ахвяры, былую работніцу трупярні. Яе цяпер шукаюць.