Рытуальнае асвячэнне святочнай ежы

Источник материала:  

Важным складнікам велікоднага святкавання было рытуальнае асвячэнне сялянскіх страў. Да сённяшняга часу гэты рытуал напоўнены асаблівай узнёсласцю, духам агульначалавечай паяднанасці, тайнай судакранання да міфалагічнага часу першатварэння.

 Рытуал асвячэння святочнай ежы праводзіўся двойчы: або з поўдня і да заходу сонца ў Чырвоную суботу, або ўжо ў святую нядзелю, раніцай, з усходам сонейка. Асвячэнне адбывалася на тэрыторыі вакол храма: у адных выпадках ежу расстаўлялі на спецыяльна прыгатаваных сталах, у іншых — непасрэдна на зямлі. Спачатку рассцілалі абрус, затым на яго ставілі галоўную абрадавую страву — "пасху", або куліч. У сярэдзіну святочнага хлеба ўтыкалі загадзя купленую свечку. Вакол "пасхі" раскладвалі астатнія прысмакі: пафарбаваныя яйкі, адно з якіх напалавіну ачышчалі ад шалупіння, "каб святасць лепш прайшла", павэнджанае сала, паляндвіцу, варанае мяса, каўбасу, соль, хлеб, рознае хлебнае печыва. Пасвяцонае на Вялікдзень сала лічылі самым надзейным сродкам пры лячэнні ранак і трэшчын на руках і нагах падчас цяжкай працы летам і восенню.

 Уздоўж жывой людской ручаіны ішоў святар са сваёй світай і асвячаў вадой не толькі прыгатаваныя стравы, але і людзей. Як толькі святар набліжаўся да вернікаў, яны запальвалі свечкі, хрысціліся, адорвалі яго хто рублём на ўтрыманне храма, хто чырвоным яйкам для юродзівых.

 Пасля асвячэння ўсё хуценька збіралі і паспешліва рушылі дадому. У народзе было пашырана павер'е: чым хутчэй чалавек дойдзе дадому (пры гэтым апярэдзіўшы суседзяў), тым лепш будуць ладзіцца справы ў гаспадарцы, тым хутчэй будзе сабраны ўраджай, тым менш нараканняў будзе на паводзіны дзяцей і г.д.

 Там, дзе не было храмаў, асвячэнне рытуальнай ежы праходзіла гэтаксама, як і чацвярговай солі — "на сямі вятрах". Рытуальныя стравы проста пакідалі на ўсю ноч на дварэ. У іншых мясцінах прыгатаваныя стравы крапілі святой вадой, якую захоўвалі з Вадохрышча.

 Адзін з аўтараў нарадзіўся ў Чэрвеньскім раёне. Раён называлі "самым бязбожным" у Мінскай вобласці, таму што амаль усе храмы ў ХХ ст. былі зруйнаваныя, а тыя, якія захаваліся да пачатку 60-х, не працавалі. Таму "пасху" кожная сям'я асвячала па-рознаму. Памятаецца, як мяне малога маці выводзіла на вуліцу, садзіла на лаўку і прасіла: "Сцеражы, каб дзядзьку Косцю не прапусціў". Дзядзька Косця звычайна ездзіў на ўсяночнае набажэнства ў Мінск, а раніцай першым аўтобусам вяртаўся назад. Па дарозе з шашы ён заўсёды праходзіў міма нашай хаты. Калі яшчэ здалёк я заўважаў знаёмую постаць, то бег у хату і клікаў маці. Мы разам з ёй чакалі, пакуль дзядзька дойдзе да вёскі, а затым ён (ніколі не прысеўшы на лаўку) адсыпаў нам свянцонай солі, даваў яйка, кавалачак асвячонай "пасхі" і рушыў дадому. А мы ішлі ў сваю хату і пачыналі рыхтавацца да святочнай трапезы.

Аксана Катовіч, Янка Крук.

←Швяды ў хакей не гуляюць. Аднак у Чэхах могуць выпіць піва

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика