На Міс Беларусь знайшлі самую таленавітую і беларускія карані КАРАНЁЎ
Прыгожае жыццё
Днямі тэлеканал АНТ зняў некалькі першых тэлевізійных шоу конкурсу "Міс Беларусь" — агульны паказ і папярэднія міні-конкурсы "Міс Талент", "Міс Фота", "Міс Спорт" і "Міс Топ-мадэль".
На першых жа здымках высветлілася, што фіналістак будзе не 30, як чакалася, а 31. Гэтай "апошняй няцотнай" пашчасціла стаць студэнтцы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры Ірыне Панамарэнцы. 21-гадовую брунетку, якая прадставіць на конкурсе Мінск, залічылі ў лік фіналістак пазней за ўсіх — але яна спадзяецца навярстаць падрыхтоўку і яшчэ паказаць сябе не горш за іншых. Тым больш, што зрабіць гэта ў конкурсах "Міс Фота" і "Міс Топ-мадэль" маглі абсалютна ўсе ўдзельніцы. А вось да спаборніцтваў творчага і спартыўнага дапускаліся толькі тыя, хто падчас ударных заняткаў з педагогамі і трэнерамі прадэманстраваў сапраўды выбітныя здольнасці. Але ўсе высілкі цалкам апраўданыя — перамога ў кожным з конкурсаў аўтаматычна забяспечвае дзяўчатам месца ў топ-10 лепшых.
На тытул "Міс Талент", напрыклад, прэтэндавалі ўсяго 10 дзяўчат. Большасць з
іх спрабавалі ўразіць журы сваімі музычнымі талентамі — спевамі, танцамі — ад
пастаноўкі тэатра лялек да страсных іспанскіх рытмаў, а таксама ігрой на піяніна
(гэтым інструментам сёлета, у лепшых традыцыях інстытутаў шляхетных дзяўчат, валодае
больш за трэць канкурсантак).
Але знайшліся і больш смелыя рашэнні — адна з дзяўчат паказвала фокусы, другая выклікала бурныя захапленні, прадэманстраваўшы на адмысловых "палотнах" — спінах сімпатычных хлапцоў — бодзі-арт у нацыянальным стылі. Прычым для роспісу па целе дзяўчыне не спатрэбілася шмат часу і адмысловых прыладаў — толькі палітра з фарбамі ды ўласныя пальцы. "А што, прыгожа атрымалася. Хоць ты спіну не мый цяпер!" — паджартоўвалі адзін з аднаго расфарбаваныя мастачкай мадэлі.
Пакуль члены журы раіліся паміж сабой наконт ацэнак, глядацкую ўвагу арганізатары падтрымлівалі, паказваючы ролікі з кастынгаў (ох, і даставалася ж там удзельніцам ад некаторых крытычна настроеных асобаў!), а сувядучыя шоу "Міс Талент" Георгій Калдун і саліст расійскага гурта "Карані" Аляксандр Берднікаў забаўляліся, узгадваючы пра беларускія карані апошняга. Аказваецца, хоць спявак і нарадзіўся ў Туркменістане, але ва ўзросце 5 гадоў разам з сям'ёй пераехаў у Мінск, тут скончыў школу і менавіта тут пачаў эстрадную кар'еру, паехаўшы ў 16 гадоў з "Сябрамі" ў свой першы гастрольны тур, таму ўспамінаў пра Беларусь у артыста захавалася шмат. "Што тут жыве столькі прыгожых дзяўчат, я памятаў заўжды", — галантна падтрымліваў Берднікаў усхваляваных канкурсантак. Гэткая маральная падтрымка была неабходная ўсім дзяўчатам, а вось удача ўсміхнулася толькі адной. Каму? Гэта арганізатары пакуль што трымаюць у сакрэце — імя пераможцы конкурсу "Міс Талент" будзе названае ў адпаведным тэлевізійным выпуску праекта. Першы ж, азнаямляльны, выпуск АНТ паказаў ужо ў гэтую нядзелю, 28 сакавіка.
Дарэчы, акрамя гурта "Карані", падтрымліваць дзяўчат у іншых конкурсах будуць і іншыя расійскія зоркі — паводле завядзёнкі падобных мерапрыемстваў, выключна мужчыны: Аляксандр Маршал, гурт "Чай удваіх", Аляксандр Іваноў з гуртам "Ронда" і нават эпатажны стыліст, ён жа артыст, Сяргей Звераў. Самым жа яркім і ў сэнсе "зорнасці", і ў плане эмоцый абяцае стаць, натуральна, фінальнае шоу "Міс Беларусь-2010", што адбудзецца 30 красавіка.
Вікторыя ЦЕЛЯШУК.
Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ.