Віцебскія шчасліўчыкі

Источник материала:  

Віцебскія шчасліўчыкіЯк і ў папярэднім выездзе на Брэстчыну, не засталіся па-за ўвагай нашага выдання і паштальёны. Адразу два прызы — кухонны камбайн і электрачайнік былі дастаўлены ў Полацк для ўзнагароджвання паштавікоў. З гэтай нагоды начальнік Полацкага РВПС Генадзь Парамонаў запрасіў ў актавую залу многіх работнікаў, каб павіншаваць паштальёна АПС №13 Жану Мядзелец і яе калегу з АПС №15 Вольгу Ларыну з падарункамі. А Генадзь Аляксандравіч, як сапраўдны прыхільнік беларускай мовы, атрымаў звяздоўскую бейсболку.

Вянцом раздачы падарункаў стаў Віцебск, дзе ў мясцовым райвыканкаме нас чакала падпісчыца з вёскі Ноўка Таццяна Печкурова. Па дарозе з Наваполацка, адкуль з-за дэфіцыту дарожных знакаў вельмі складана выехаць на аўтамабілі на віцебскую трасу, наш уласны карэспандэнт Аляксандр Пукшанскі далажыў абстаноўку: Таццяна Міхайлаўна Печкурова, паводле апошніх паведамленняў, прыбудзе за прызам на кані з возам. Гэтая навіна нас яшчэ больш падштурхнула не спазніцца на сустрэчу ў прызначаны час. Хоць не заехаць па дарозе ў Шуміліна мы таксама не маглі.

На развітанне з Віцебскам ўладальніца каляровага тэлевізара "Віцязь" выказала ўпэўненасць, што папулярнасць газеты "Звязда" ў раёне будзе толькі расці. У гэта вельмі хочацца верыць, як і ў тое, што ў газетных кіёсках абласнога цэнтра ўсе газеты "Звязда" будуць прадавацца ў першую чаргу. І для гэтага першы крок з нашага боку ўжо зроблены — кіяскёру Надзеі Віктараўне Пчолкінай, якая не змагла прыбыць на сустрэчу, мы перадалі блендар, які яна выйграла па выніках сумеснага конкурсу "Лепшаму кіяскёру — звяздоўскі прыз".

Уладзімір ЗДАНОВІЧ.

Мінск — Докшыцы — Глыбокае — Шаркаўшчына — Міёры — Верхнядзвінск — Полацк — Наваполацк — Шуміліна — Віцебск — Бешанковічы — Лепель — Мінск.

"Гэта наша любімая газета"

Так кажуць пра "Звязду" яе даўнія чытачы Павел Альбертавіч і Амэлія Антонаўна СТАНЧЫКІ з вёскі Магенцы Іўеўскага раёна. Зразумела, што не дзеля прызоў яны ўжо больш за дваццаць гадоў выпісваюць нашу газету. І тым не менш, прыемна, калі вам усміхаецца фартуна. У дадзеным выпадку — у якасці аднаго з галоўных прызоў "звяздоўскага" конкурсу сярод падпісчыкаў, — тэлевізара.

— Вельмі цікавая газета, — гаворыць Амэлія Антонаўна. — Дай, Божа, здароўя ўсім супрацоўнікам рэдакцыі, а таксама нашаму паштальёну Ліліі Станіславаўне Рудовіч, вельмі ёй удзячныя.

А Павел Альбертавіч дадае, што яму падабаецца чытаць менавіта па-беларуску: "Мы ж павінны паважаць дзяржаўную мову сваёй краіны".

На ўрачыстай цырымоніі, якая адбылася ў будынку раённага вузла паштовай сувязі, Паўла Альбертавіча і Амэлію Антонаўну павіншавалі начальнік ідэалагічнага аддзела Іўеўскага райвыканкама Яўген Гурскі і начальнік РВПС Ігар Бяляўскі (на здымку). А затым прысутныя на гэтай сустрэчы паўдзельнічалі ў конкурсе на веданне гісторыі "Звязды". Прызоў ад рэдакцыі ўдастоіліся супрацоўнікі раённага вузла паштовай сувязі — інструктар па падпісцы Людміла Хількевіч, інжынер па кадрах Марына Уласава, а таксама Франц Станчык, які прывёз бацькоў у Іўе са сталіцы (на зіму яны пераязджаюць у Мінск, а вясной вяртаюцца ў вёску). Франц Паўлавіч, дарэчы, таксама ўжо шмат гадоў чытае "Звязду".

... Станчыкі накіроўваюцца ў Мінск, а аўтар гэтых радкоў — у Шчучын. Там у "Звязды" таксама шмат прыхільнікаў, сярод якіх — паштальён аддзялення паштовай сувязі "Шчучын -3" Святлана ГЕРАСІМЧЫК. За рост падпіскі на сваім участку яна ўзнагароджана "прызам рупліваму паштальёну" — кухонным камбайнам.

Барыс ПРАКОПЧЫК.

←Тренировка дыхания

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика