Рытуальна-магічныя абрады Вербнай нядзелі
Той, хто прыносіў з царквы дадому асвячоныя галінкі, злёгку сцёбаў імі ўсіх дамачадцаў, перш за ўсё дзетак, і прыгаворваў:
Не я б'ю, вярба б'е,
За тыдзень — Вялікдзень,
Будзь здароў, як вада,
А расці, як вярба!
Будзь здароў на весь год!
Старыя людзі лічылі самым вялікім грахом знаходзіцца ў хаце ў той час, калі ў цэрквах асвячаюць галінкі вярбы. Таму тых, хто па розных прычынах (а часцей за ўсё па хваробе) не маглі быць у гэты момант у храме, сцябалі яшчэ мацней, каб прагнаць сон, немачы, паспрыяць удачы і дабрабыту ў наступным годзе.
У гэты святочны дзень забаранялася працаваць. У кожнай хаце накрывалі стол, запрашалі суседзяў, родзічаў у госці. І хоць ежа на стале была поснай, гэта не змяншала агульнай радасці і весялосці. Дзеці бавіліся на вуліцы: цэлы дзень яны гулялі ў "даганялкі" і лупцавалі адзін аднаго вербачкай. Для моладзі перадшлюбнага ўзросту гэты дзень быў яшчэ адной магчымасцю выказаць свае зацікаўленыя адносіны да каханага чалавека.
Неабходна адзначыць, што ў славян такое рытуальна-магічнае дзеянне як "біццё" было прадстаўлена даволі шырока ў сямейна-родавых абрадах і абрадах каляндарнага цыклу. Яно насіла прадуцыравальную і засцерагальную функцыі, а таксама спрыяла нараджэнню дзяцей, урадлівасці, здароўю, набыццю моцы. Часцей за ўсё ў абрадзе "біцця" рытуальнае дзеянне выконвалі галінкамі вярбы, бярозы, крапівай, палкай ці дубцом, бізуном, хлебнай лапатай, поясам, венікам.
На Беларусі існаваў шэраг абрадаў, калі неабходна было выканаць рытуальнае дзеянне "біццё". Каб пладовыя дрэвы далі добры ўраджай у наступным годзе, падчас Калядаў гаспадар павінен быў патрэсці або пабіць-пастукаць кожнае дрэва хлебнай лапатай. На Палессі ў калядныя вечары гаспадар запрашаў Мароза прыходзіць і пачаставацца кісялём, пры гэтым трэба было моцна біць па штыкетніку, сцяне хаты ці па металічных прадметах: "Мароз, Мароз, ідзі куццю есці, а на Пятроўку не бывай, а то будзем пугай біці". На Юр'я, калі першы раз выганялі карову ў поле, гаспадыня біла яе галінкамі асвячонай вярбы.
Разам з тым, у народнай культуры існаваў шэраг забарон у дачыненні да гэтага рытуальнага дзеяння. Напрыклад, пад страхам смерці забаранялася біць зямлю.
Аксана Катовіч, Янка Крук.