Хто ў банк нясе, а мы — Шульману
Быў бізнэс — стала шоу. Нібы серыял, другі месяц цягнецца працэс беларускага шоу‑бізнэсмэна №1. На ім прысутнічала Наста Шамрэй.
Пацярпелыя расказваюць пра махлярствы Генадзя Шульмана, кіраўніка прадзюсарскай кампаніі «Клас‑Клуб ДК». Абвінавачаны бароніцца: кажа, што ў бізнэсе яго справы дрэнь, каціць бочкі на ўказ прэзідэнта 2006 года… Паказанні пацярпелых і абвінавачанага кардынальна розняцца. Гэта яшчэ больш заблытвае і так нялёгкую крымінальную справу.
Адзін з пацярпелых — даўні сябар абвінавачанага. Дырэктар прыватнай фірмы Леанід Шпілько вучыўся з Генадзем Шульманам на адным курсе Інстытута культуры. Сябравалі сем’ямі, ездзілі разам на шашлыкі.
А цяпер, падчас судовых спрэчак, прынцыпова называюць адзін аднаго на «вы». Скончылася сяброўства пасля таго, як Леанід пазычыў Генадзю 60 000 даляраў. Прычым Шпілько зазначае: спачатку было не прынцыпова, ці пойдуць грошы на канцэртную дзейнасць. Бо пазычаў ён проста свайму сябру, які папрасіў дапамогі.
Прыбытку няма, а »Ролекс» купіў
Аднак усе тэрміны сышлі, а грошай аднакурснік не аддаваў. Усё спасылаўся на няўдачы ў справах. Леанід нават пачаў цікавіцца шоу‑бізнэсам, каб дапамагчы парадамі. Шульман у справы «Клас‑Клуба» сябра не дапускаў, прасіў пачакаць наступнага мега‑праекта, на якім дакладна ўжо заробіць. Праекты праходзілі, а грошы не з’яўляліся, і толькі множыліся аповеды пра стратныя канцэрты (напрыклад, спектакль Грышкаўца з поўнай залай гледачоў). Урэшце, Леанід не вытрымаў: падаў на сябра ў суд. Упэўнены, што грошы Шульман спусціў на багемнае жыццё.
«Калі мая жонка ідзе ў краму, я даю ёй капейкі, не хапае на халадзільнік. А ён купіў Rolex, вячэраюць у рэстаранах. Пасля адмоваў вярнуць пазыку купіў сыну машыну, няхай недарагую — $ 5—7 тыс., але ж гэта таксама грошы. Я не магу на поўдзень паехаць, а яго сын — то ў Крым, то ў Сочы. У Ізраілі жыў паўгода. На якія сродкі?» — абураецца пазоўнік.
Суд must go on
Не ўсе пацярпелыя «крэдыторы» былі блізкімі сябрамі абвінавачанага. Многія — сябры Шпілько. Як Алег Чарткоў, дырэктар прыватнай фірмы, які бачыў Шульмана ўсяго пару разоў. Даведаўшыся ад Шпілько, што прадзюсар шукае грошы для арганізацыі канцэртаў, Чарткоў прынёс чалавеку з добрай рэпутацыяй 25 тысяч даляраў. Прычым, адзначыў пацярпелы, у 2007‑м, на момант пазыкі, ён быў беспрацоўным.
«Вось вы, таварыш суддзя, за свабодныя грошы набываеце блузку, хтосьці нясе іх у банк, а я — пазычыў Шульману», — разважае Аляксей Слесарэнка, спартовец, зямляк Леаніда Шпілько. Сваю 31 тысячу даляраў «з хвосцікам» ён аддаў ледзьве знаёмаму Шульману, каб пасябраваць з «крутым» шоумэнам ды займець выгадныя сувязі сярод багатых. Думаў, калі дапаможа чалавеку за так, мо і той калі аддзячыць. А Шульман нічога маладому спартоўцу не абяцаў.
Генадзь Шульман нар. у 1960. Вучыўся ў ПТУ №8 пры Мінскім механічным заводзе, працаваў на заводзе, адслужыў у войску. У 1983 паступіў у Інстытут культуры. З 1987 займаецца арганізацыяй гастрольна‑канцэртнай дзейнасці. У 1992 стварыў ААТ «Клас Клуб ДК» і працаваў з замежнымі канцэртнымі агенцтвамі па ўключэнні Беларусі ў гастрольныя графікі сусветных зорак. Сярод зорак, якія прыехалі ў Беларусь, дзякуючы працы кампаніі, значацца Deep Purple, Scorpions, Nazareth, Роберт Плант, Патрысія Каас і Крыс дэ Бург.
Адзіная з сямі крэдытораў, хто пазычаў грошы не пад слова гонару, а пад працэнты, — Вольга Радкевіч. Аднак і яна, кансультант па бухгалтарскім уліку, атрымала выключна галаўны боль. Вольга пазычыла 15 тысяч даляраў у свайго сябра з Расіі і аддала Шульману пад 4% у месяц. Але наварыць не ўдалося: шоу‑бізнэсмэн з першага месяца абяцаныя працэнты не плаціў. І Вольга вымушаная была разлічвацца з расіянінам, дакладаючы абяцаныя працэнты з уласнай кішэні. Пасля працяглых перамоваў з элементамі істэрыкі маладая жанчына «выбіла» з прадзюсара 15 тысяч даляраў. У судзе яна патрабуе вярнуць ёй працэнты — 9600 даляраў.Анатоль Чашэвіч, дарэктар фірмы «Рыэлці», знаёмы з Шульманам з 1990‑х. Ужо тады, па словах пацярпелага, прадзюсар пачынаў свае махлярствы. Нездарма разваліўся Альтэрнатыўны тэатр, у свой час унікальны праект. Пасля ствараліся і ліквідаваліся фірмы, у назвах якіх Анатоль Чашэвіч нават заблытаўся. Ад жніўня 2004 да 2007 года Шульман арандаваў памяшканні пад офіс у фірме «Рыэлці». Аднак за арэнду плаціў нерэгулярна, тлумачыў гэта дзелавымі цяжкасцямі. Набегла 32 мільёны рублёў запазычанасці. Тады Чашэвіч, паводле яго словаў, вырашыў пазычыць сябру яшчэ 32 ўласныя мільёны рублёў на выратаванне бізнэсу. І ні «хвастоў» за арэнду, ні тае пазыкі ад Шульмана больш не пабачыў.
Кожная гісторыя — віхор эмоцый. Агульны тон: Шульман папрасіў грошай, пацярпелыя дапамаглі паважанаму чалавеку, а ён выявіўся махляром і банкрутам. Неаднойчы прагучала ад пацярпелых: не адны яны такія, ёсць людзі, якія пазычылі і яшчэ большыя сумы, але ў суд падаваць не захацелі. Іначай, відаць, паўстала б пытанне, адкуль яны самі тыя сумы ўзялі.
Апроч невяртання пазык, у справе Генадзя Шульмана значацца нявыплаты заробкаў бухгалтару і кіроўцу; запазычанасць па аплаце арэнды Мінскага лядовага палаца, Дома афіцэраў, гатэля «Мінск» за арэнду нумароў для зорак эстрады…
Пасля паказанняў пацярпелых слова далі Шульману. Яго выступу вельмі чакалі ўсе прысутныя ў зале суда. Не кожны дзень слухаеш шоу‑бізнэсмэна, які, паводле абвінавачання, умудрыўся за чатыры гады дзейнасці нанесці матэрыяльную шкоду на 641,2 мільёна рублёў.
Сто тысяч еўра — невялікія грошы
Пачаў Шульман ад Адама. І гаварыў ён тры дні. Трэба адзначыць, харызма ў гэтага чалавека такая, што многія прысутныя, паслухаўшы яго, былі б гатовыя хоць зараз пазычыць яму. Хоць перад гэтым чулі сведчанні пацярпелых. Шульман распавядаў пра тое, як у 1987 годзе, скончыўшы Інстытут культуры, пачаў займацца канцэртна‑гастрольнай дзейнасцю ў камсамольскім моладзевым цэнтры «Крыніца». Потым, калі разваліўся Савецкі Саюз, год працаваў у Чырвоным крыжы. Таксама па лініі канцэртна‑гастрольнай дзейнасці. Урэшце Шульмана запрасілі ў Альтэрнатыўны тэатр. Менавіта там і ўтварылася кампанія пад назваю «Клас‑Клуб».
Два разы на месяц у Мінск запрашалі вядомых артыстаў савецкага тэатра і кіно (напрыклад, Акуджаву, Смактуноўскага). У «Клас‑Клуб» прыходзілі дзелавыя людзі з жонкамі адпачыць пасля цяжкага працоўнага дня. Для іх ладзіліся тэатралізаваныя шоу. Генадзь Шульман асабліва адзначае, як гэта было нова і неардынарна, нават з Міністэрства культуры хвалілі. Да 1997 года яны працавалі як прадзюсарскі цэнтр Альтэрнатыўнага тэатра.
У 1997 годзе «Прыёрбанк» выкупіў памяшканні, дзе месціліся Альтэрнатыўны тэатр і «Клас‑Клуб». Кампаніі заламілі арэнду, і яна вымушаная была сысці з будынка. І ўжо ў 1998 годзе «Клас‑Клуб» пачаў бурліва развівацца. Сярод першых запрошаных ім у Мінск зорак былі куміры 80‑х Scorpions. Справы кампаніі ішлі выдатна.
Аднак у маі 2006‑га як гром з яснага неба выйшаў указ прэзідэнта аб канцэртна‑гастрольнай дзейнасці. Заднімі датамі, ад 1 студзеня, усе прыватныя кампаніі мусілі сплаціць ПДВ з прыбытку. У фірмы Шульмана ўзнікла незапланаваная дзірка ў бюджэце у памеры 180 млн рублёў.
Да закрыцця гадавога балансу, казаў Шульман, удалося кампенсаваць толькі траціну сумы. І было прынятае рашэнне аб банкруцтве. Праз месяц сын Шульмана, на той момант студэнт, стаў заснавальнікам новай кампаніі «Клас‑Клуб Інтэртэймэнт».
Паралельна з ліквідацыяй фірмы Шульман вырашае паспрабаваць сябе ў сталіцы Расіі: «Пасля правядзення перамоваў у пачатку 2007‑га распачалі першы праект. Гэта было зроблена на сродкі, пазычаныя ў Шпілько і іншых, таксама трохі было маіх грошай. У Маскве я пакінуў каля 100 тыс. еўра — гэта былі невялікія грошы. Для прыкладу, мой фінансавы партнёр уклаў каля 3 мільёнаў даляраў у праект, які мы мусілі рабіць разам, — канцэрт Джорджа Майкла ў Алімпійскім. На жаль, у Маскве праца не пайшла».
Масквічы «праявілі свае амбіцыі», і Шульман апынуўся за бортам расійскага шоу‑бізнэсу. Вярнуўся ў Мінск. Закруціў тут усё па новай. У 2007 закрылі сезон на стадыёне «Трактар» — аўтамоташоу Патрыка Борні. Паралельна планавалі сезон 2007—2008. Увесь час працавалі, нягледзячы на цяжкасці з ліквідацыяй кампаніі і стварэннем новай. Шульман сёння лічыць, што сезон 2007—2008 быў самы няўдачны і нерэнтабельны, аднак тады ён спадзяваўся на лепшае і спрабаваў паставіць кампанію на ногі. Менавіта ў той час камусьці магло падацца, што Шульман не можа плаціць па рахунках, аднак прадзюсар кажа, што шчыра стараўся выправіць сітуацыю.
У 2008 годзе пасля серыі няўдалых канцэртаў кампанія Шульмана зноў пачынае працэс ліквідацыі. З прычыны ўсё таго ж указа прэзідэнта «Клас‑Клуб Інтэртэймэнт» ледзь выплаціў ПДВ у бюджэт, але на тое, каб разлічыцца з Лядовым палацам, гатэлем «Мінск» і іншымі юрыдычнымі асобамі, з якімі давялося сустрэцца ў судзе, грошай не хапіла.
Але Шульман і тады не згубіў аптымізму. Неўзабаве яго дбаннямі ўзнікла Прыватнае ўнітарнае прадпрыемства «Клас‑Клуб Джаз Крафт». Гэтая кампанія існуе да сёння. Праўда, яе дырэктар пакуль сядзіць у турме.
Версія Шульмана
Указ прэзідэнта, «незаваяваная» Масква, шэраг няўдалых канцэртаў — усё гэта трохі тлумачыць матэрыяльны стан фірмы Шульмана. Але як разабрацца ў прыватных сяброўскіх пазыках?
Генадзь у судзе прызнаўся, што ён сапраўды пазычаў грошы ў знаёмых і ніколі гэтага не аспрэчваў. Праўда, пераконвае, што грошы ён браў пад працэнты і спраўна плаціў 4% у месяц. Толькі летам 2007‑га, калі бізнэс разладзіўся, папрасіў працэнты спыніць і асноўныя пазыкі паабяцаў паступова вярнуць.
Генадзь настойвае, што пацярпеламу Аляксандру Кангалёву ён вярнуў пазыку і ўсё працэнты. Распіску забіраць і не падумаў нават. Хто ж ведаў, абураецца Шульман, што сябар‑эканаміст пойдзе з паперчынай хлусіць у суд?
У выпадку з Анатолем Чашэвічам версія Шульмана таксама розніцца. Абвінавачаны прызнае, што насамрэч быў вінен «Рыэлці» за арэнду. «Аднак, калі Чашэвіч нерваваўся і прасіў выплаціць тыя грошы, я напісаў яму распіску, нібы не фірма, а я сам вінен гэтыя 32 мільёны». А Чашэвіч, паводле Шульмана, прад’явіў у суд і дакументацыю па арэндзе, і тую распіску: «Вось і выйшла, нібы я вінен два разы гэтую суму». Тыя грошы Чашэвіч ужо спаганяў з Шульмана ў Гаспадарчым судзе. І суд стаў на бок пацярпелага. Пастанова суда ёсць, але сума яшчэ не сплачаная.
Яшчэ цікавейшая гісторыя з астатнімі пацярпелымі. Па словах Шульмана, апроч Кангалёва, яму пазычаў грошы толькі яго сябар Леанід Шпілько. Яму ж выплачваліся і працэнты. Аднак, як толькі шоу‑бізнэсмэн перастаў плаціць абяцанае спраўна, Шпілько прывёў сваіх сяброў і сказаў: «Гэта ты не толькі мне вінен, гэта былі іх грошы».
Некаторых сяброў Шпілько Шульман і не ведаў нават. Аднак, як чалавек сумленны, вымушаны быў напісаць усім распіскі і паспяшацца з выплатай. Пры гэтым Шпілько, паводле словаў шоу‑бізнэсмэна, угаворваў не плаціць адразу ўсім патроху, а вяртаць вялікімі сумамі кожнаму з крэдытораў па чарзе. Ён жа сябар, маўляў, ён усіх супакоіць. І першай была Вольга Радкевіч, блізкая сяброўка Шпілько, якой Шульман выплаціў пазыку. Астатнім не паспеў, бо апынуся ў турме.
— Генадзь Міхайлавіч, ці адмаўляліся вы калі‑небудзь ад грошай? — спытаў суддзя.
Шульман трохі задумаўся:
— Ведаеце, адмаўляўся. Мне муж Агурбаш прапаноўваў мільён даляраў, каб я стаў яе прадзюсарам. І я адмовіўся. Не ведаю, на жаль ці на шчасце…
Як габрэй скінхэда пабіў
Плюс да ўсяго, у справе Шульмана прысутнічае абвінавачанне ў «хуліганстве, якое здзейсніла група асоб». Як гэта справа за 2002 год, якая тады была і зачыненая, трапіла ў агульны кацёл — невытлумачальна. Таксама цяжка ўявіць, якія новыя звесткі можа мець следства праз восем гадоў. Паводле словаў адвакаткі, паказанні пацярпелага за 2002 і 2009 гады кардынальна розняцца. Але дайсці да праўды цяжка, бо пацярпелы пакуль не з’яўляецца ў суд, нягледзячы на дзясятак позваў. Шульман ужо даў паказанні, як ён памятае падзеі мінулага.
У 2002 годзе Шульману патэлефанаваў сын і расказаў, што яго, вучня габрэйскай школы, пабілі сем скінхэдаў. Бацька прыехаў да школы, падышоў да аднаго з «брытагаловых», пару разоў патрос і адпусціў. Падлетак «паваліўся і ўдарыўся галавой аб дрэва». Шульман кажа, што быў моцна злы, не добра разумеў, што рабіў, але добра памятае, як было. Ніякіх шасці ўдараў нагамі, рукамі і тварам аб зямлю не было, тым больш не было пагрозаў заціснуць пальцы багажнікам машыны. Усё напісанае ў заяве пацярпелага ў 2009‑м — выдумка і не адпавядае рэчаіснасці васьмігадовай даўніны, сцвярджае Шульман.
Суд пакуль не скончаны, шоу працягваецца, наступны этап — апытанне сведкаў. Пакуль былы шоу‑бізнэсмэн №1 сядзіць на Валадарцы, высокі суд мусіць вырашыць галаваломку з трох крымінальных артыкулаў, сямі крэдытораў‑сяброў, шэрагу неаплачаных пазыкаў і адной старой хуліганкі.
Наста Шамрэй