РОЗГАЛАС
Як паведаміў карэспандэнту "Звязды" памочнік начальніка Брэсцкага абласнога ўпраўлення МНС Сяргей Машноў, у Нэплях падтоплена 16 падворкаў і два падвалы. Эвакуяваць насельніцтва не спатрэбілася, а вось аказваць дапамогу вяскоўцам прыбылі многія службы. У іх шэрагу — сем адзінак тэхнікі падраздзяленняў МНС. Узровень вады на падворках дасягаў на працягу дня да 30 сантыметраў. На думку спецыялістаў, адну пажылую жанчыну, чый падворак найбольш пацярпеў і якая мае праблемы са здароўем, лепш за ўсё было б адсяліць. Але пенсіянерка наадрэз адмовілася пакідаць сваю хату. Пазней да яе прыехаў сын, медыцынскі работнік. Так што пра жанчыну ёсць каму паклапаціцца.
А выратавальнікі і супрацоўнікі іншых службаў прынялі тэрміновыя меры па павелічэнні прапускной здольнасці прыстасавання. Прасцей кажучы, пад дарогай выкапалі траншэю, каб пакласці яшчэ адну трубу, бо чатыры не спраўляюцца. Як толькі вада з Заходняга Буга пайшла ў пяць трубаў, яе узровень у вёсцы стаў прыкметна зніжацца.
Сяргей Машноў паведаміў таксама, што на гідралагічныя пасты Пінскага, Столінскага, Лунінецкага раёнаў перыядычна пад'язджаюць дзяжурныя службы МНС з тым, каб разам з метэаролагамі прымаць рашэнні аб неабходных мерах. За мінулыя суткі рэкі Брэстчыны амаль паўсюль вызваліліся ад лёду. Узровень вады на многіх набліжаецца да крытычнай адзнакі. А вось на Гарыні, якая заўсёды вызначалася крутым норавам, узровень вады стаў зніжацца. Так, у раёне Давыд-Гарадка за суткі ён знізіўся на 51 сантыметр, у іншых месцах — на 10 сантыметраў.
Талымі водамі за суткі ў Брэсцкай вобласці падтапіла шэсць падвалаў жылых дамоў.
Святлана ЯСКЕВІЧ.
Падтапленні ў Бабруйску і Кіраўскім раёнеУ Магілёўскай вобласці 22 сакавіка ўскладнілася паводкавая сітуацыя, паведаміла абласное ўпраўленне МНС.
Талыя воды трапілі ў прыток ракі Бярэзіны ў Бабруйку, і ў выніку падтапіла 69 дамоў, 72 падворкі і 83 гаспадарчыя пабудовы. Два чалавекі часова перасяліліся ў гасцініцу "Бабруйск". А больш за дзвесце жыхароў адмовіліся ад перасялення і засталіся прыглядаць за сваім дабром.
Падобная сітуацыя здарылася ў садовым таварыстве "Вялікая Гута" ў Кіраўскім раёне. Там ад талых водаў выйшла з берагоў рака Любонка, таксама прыток Бярэзіны. У вялікім дачным пасёлку падтоплена частка домаўладанняў, якія месцяцца ў нізіне: пацярпелі ад паводкі 53 лецішчы з падворкамі і 95 гаспадарчых пабудоў.
Ілона Іванова.
Сітуацыя пад кантролемЗа апошнія суткі, паводле інфармацыі прэс-службы Гродзенскага абласнога ўпраўлення МНС, у рэгіёне былі падтопленыя тры жылыя дамы, сем склепаў, адна гаспадарчая пабудова і шэсць іншых будынкаў у Астравецкім, Воранаўскім, Карэліцкім, Навагрудскім, Смаргонскім і Шчучынскім раёнах. Сітуацыя па кантролем.
Катастрафічных наступстваў нідзе не было, падтапленні ліквідавалі ў той жа дзень. Толькі ў Воранаўскім раёне спатрэбілася дапамога супрацоўнікаў МНС, а ў астатніх выпадках праблему вырашылі сіламі тутэйшых сельгаспрадпрыемстваў і ведамстваў.
Дарэчы, у Навагрудскім раёне папрацавалі спецыялісты Пінскага цэнтра рэспубліканскага атрада спецыяльнага прызначэння МНС. Каб прадухіліць шкоду мастам, яны правялі падрыў ільду на Нёмане ў раёне вёсак Дзяляцічы, Гнесічы, Лазкі і Панямунь.
Барыс ПРАКОПЧЫК.