РОЗГАЛАС
У краіне ў сярэднім на 10 працэнтаў павялічаны закупачныя цэны на малако, што закупліваецца для дзяржаўных патрэбаў, паведамілі карэспандэнту "Звязды" ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчавання.
Апошні раз дагэтуль і таксама ў сярэднім на 10 працэнтаў закупачныя цэны на малако павялічваліся ў лістападзе мінулага года. Тады гэта тлумачылася ростам выдаткаў на ўтрыманне жывёлы падчас стойлавага перыяду, а таксама рынкавымі працэсамі, у прыватнасці, павелічэннем цэнаў на гатовую прадукцыю на знешнім рынку. Цяпер прычынамі змянення цэнаў зноў жа названыя павелічэнне выдаткаў па вытворчасці малака, а таксама неабходнасць паставіць айчынных вытворцаў у роўныя ўмовы з вытворцамі з суседніх краін, дзе закупачныя цэны на малако больш высокія. Цяпер закупачная цана на малако "Экстра" складае 1000 рублёў за кілаграм (дагэтуль было 905 рублёў), вышэйшага гатунку — 785 рублёў (715 рублёў), першага гатунку — 725 рублёў (660 рублёў), другога гатунку — 415 рублёў за кілаграм (380 рублёў). Малако ад насельніцтва, нагадаем, павінна прымацца па цане, не меншай за закупачную цану першага гатунку.
Сяргей РАСОЛЬКА.
32 выпадкі падтапленняжылых дамоў і гаспадарчых пабудоў расталай вадой зарэгістравана на Гомельшчыне.
9 раёнаў вобласці першыя пацярпелі ад наступлення веснавой вады. Зараз яна насцігла жыхароў 18 населеных пунктаў — у Буда-Кашалёўскім, Хойніцкім, Лельчыцкім, Мазырскім, Лоеўскім, Акцябрскім раёнах, а таксама гарадах Калінкавічы, Рэчыца, Добруш. Для адпампоўвання вады з жылых дамоў і падворкаў задзейнічана тэхніка прадпрыемстваў ЖКГ. У прэс-службе Гомельскага абласнога ўпраўлення МНС адзначылі, што пагрозы для людзей няма і эвакуацыя пакуль не патрэбна.
Ірына АСТАШКЕВІЧ.
На вадасховішчы загінулі дайверыТрагічнае здарэнне адбылося ў нядзелю на вадасховішчы Дразды, дзе патанулі двое мінчан — 1977 і 1984 гадоў нараджэння.
Як паведаміў карэспандэнту "Звязды" следчы-крыміналіст пракуратуры горада Мінска Юрый Варанко, пяцёра аматараў падводнага спорту ў гэты дзень прыйшлі да дамбы вадасховішча, каб рабіць пагружэнне. Пакуль трое з гэтай кампаніі пераапраналіся ў спецыяльныя касцюмы, двое дайвераў ужо спусціліся да вады. У гэты час і здарылася бяда: трывогу паднялі рыбакі, якія заўважылі, што ля дамбы тонуць людзі. На месца здарэння былі тэрмінова выкліканыя выратавальнікі, якія выцягнулі з вады, на жаль, ужо нежывых дайвераў. Паводле папярэдніх звестак, з-за моцнай плыні пацярпелыя не змаглі самастойна выбрацца з-пад вады, і іх прыбіла да рашоткі дамбы. Цяпер праверкай усіх акалічнасцяў гэтай трагедыі займаюцца следчыя пракуратуры Цэнтральнага раёна Мінска.
Ігар ГРЫШЫН
Выцягнулі сейф з кватэрыПакуль гаспадыні не было дома, нехта пранік у яе кватэру праз акно і выкраў разам з сейфам дабро, якое там знаходзілася пад замком.
Паводле звестак аддзялення інфармацыі і грамадскіх сувязяў ГУУС Мінгарвыканкама, пацярпела 31-гадовая мінчанка, якая пражывае на вуліцы Старынаўскай. Невядомы злодзей адціснуў аконны шклопакет у кватэры і такім чынам забраўся ў чужое жыллё. Там ён натрапіў на малагабарытны сейф, які і стаў здабычай злодзея. Паводле слоў пацярпелай, у сейфе яна захоўвала тры тысячы долараў ЗША, дзесяць залатых ювелірных вырабаў і два наручных гадзіннікі.
Ігар ГРЫШЫН.
Эвакуацыя цялятаўВыратавальнікі МНС эвакуявалі 147 цялятаў, калі прыбылі на пажар ў вёску Глыбокае Круглянскага раёна.
Пажар у цялятніку "АСБ-Цяцерына" адбыўся каля гадзіны ночы 20 сакавіка. Агнём пашкоджана маёмасць у пакоі вартаўніка і дах будынка. Людзі і жывёлы не пацярпелі. У Магілёўскім абласным упраўленні МНС паведамілі папярэднюю версію ўзнікнення пажару: неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні.
Ілона Іванова.
.