Беларусь і Бразілія створаць гандлёва-эканамічную камісію і адкрыюць пасольствы
Беларусь у супрацоўніцтве з Бразіліяй разлічвае выйсці на федэральны ўзровень, заявіў Аляксандр Лукашэнка 22 сакавіка ў Рыо-дэ-Жанейра на сустрэчы з прэзідэнтам Луісам Інасіу Лулам да Сілвам.
«Мы б хацелі, каб вы зрабілі даручэнне свайму ўраду, міністрам, каб і яны зацікаўлена аднесліся да нашых прапаноў, і мы знайшлі б кропкі судакранання на федэральным узроўні», — сказаў Лукашэнка, словы якога прыводзіць прэс-служба беларускага кіраўніка.
Ён адзначыў, што Беларусь бачыць для сябе вялікае поле дзейнасці ў Бразіліі, асабліва ў сувязі з прынятай праграмай развіцця сельскай гаспадаркі.
Сустрэча прэзідэнтаў «дазволіла вызначыць асноўныя кірункі, якія цікавяць абодва бакі, у развіцці супрацоўніцтва». Перадусім, «гэта сферы, якія садзейнічаюць развіццю буйной сельскагаспадарчай вытворчасці, напрыклад, пастаўкі тэхнікі з усім спадарожным абсталяваннем». Акрамя таго, бразільскі бок цікавіць стварэнне зборачных вытворчасцяў: гэта могуць быць трактары і сельскагаспадарчае абсталяванне. «Сур"ёзная зацікаўленасць» праяўлена да магчымасці паставак вялікагрузнай кар"ернай тэхнікі, самазвалаў БелАЗ.
Бразілія «зацікаўлена ў далейшых пастаўках калійных соляў з Беларусі».
«Наша краіна ўжо валодае трэццю бразільскага рынку па пастаўках калійных угнаенняў, і гэта супрацоўніцтва будзе прадоўжана», — адзначаецца ў паведамленні.
Бакі дамовіліся, што будзе створана двухбаковая гандлёва-эканамічная камісія, якая сваю першую сесію правядзе ў Мінску.
Прэзідэнт Бразіліі вітаў заяву Лукашэнкі пра намер адкрыць беларускае пасольства ў яго краіне. Бразілія таксама адкрые пасольства ў Мінску.
Лукашэнка пацвердзіў удзел Беларусі ў III форуме «Альянс цывілізацый», які пройдзе ў Рыо-дэ-Жанейра ў маі і ўпершыню наладжваецца за межамі еўрапейска-міжземнаморскага рэгіёну.
Па выніках сустрэчы прэзідэнты прынялі сумесную дэкларацыю.
У прыватнасці, яны дамовіліся «пачаць перамовы для больш хуткага падпісання міжнародных дагавораў аб супрацоўніцтве ў галіне гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння, сельскай гаспадаркі, інвестыцый, навукі і тэхналогій, культуры, адукацыі, спорту і турызму», «актывізаваць узаемны абмен візітамі дэлегацый дзелавых колаў». Бакі «віталі стварэнне зборачнай вытворчасці беларускай сельскагаспадарчай тэхнікі ў штаце Гояс». Прэзідэнт Бразіліі «падкрэсліў цікавасць бразільскага боку да нарошчвання і дыверсіфікацыі экспартных паставак прадуктаў харчавання ў Беларусь, уключаючы сою і мяса, і павелічэння аб"ёмаў гандлю ўгнаеннямі».
Прэзідэнты «пацвердзілі цікавасць сваіх дзяржаў да супрацоўніцтва ў мэтах умацавання энергетычнай бяспекі, выкарыстання альтэрнатыўных і ўзнаўляльных крыніц энергіі». Яны дамовіліся развіваць двухбаковае супрацоўніцтва ў сферы вытворчасці біяпаліва, маючы на ўвазе перадавы бразільскі вопыт у выпуску і выкарыстанні этанолу і біядызельнага паліва.
Прэзідэнты «віталі ўсе намаганні, скіраваныя на больш хуткае пераадоленне міжнароднага фінансава-эканамічнага крызісу», і адзначылі важнасць кансалідацыі Групы-20 як ключавога форуму міжнароднага фінансава-эканамічнага супрацоўніцтва ў гэтых мэтах. Адначасова яны пацвердзілі сваю падтрымку «шматбаковай сістэме гандлю».