Айчынныя вытворцы піва па-ранейшаму будуць рабiць стаўку на класiку

Источник материала:  
18.03.2010 12:51 — Новости Общества
Вядомы жарт "будуць грошы — будзе пiва" па сутнасцi пацвердзiўся на справе. Эканамiчныя цяжкасцi i скарачэнне даходаў ва ўсiм свеце прывялi да знiжэння спажывецкага попыту, а адным з галоўных iндыкатараў тут стаў менавiта бурштынавы напой. Прычым Беларусь не аказалася выключэннем. За мiнулы год аб'ёмы вытворчасцi пiва ў нашай краiне зменшылiся на 5, а аб'ёмы яго рэалiзацыi — i ўвогуле больш чым на 9 працэнтаў. Што ж да прагнозаў, то спецыялiсты мяркуюць: сёлета падзенне на ўнутраным рынку працягнецца. Праўда, пры гэтым самi паказчыкi вытворчасцi павiнны застацца прынамсi на леташнiм узроўнi.

Гомель першы. Без працягу?


Новыя гатункi, змяненне знешняга выгляду прадукцыi плюс больш высокая якасць — вынiкам гэтага стала паступовая пераарыентацыя беларусаў з "моцных" алкагольных напояў на пiва. Да апошняга часу аб'ёмы яго спажывання амаль стабiльна павялiчвалiся прыкладна на 5 лiтраў на чалавека ў год. Аднак летась паказчыкi сталi "мiнусаваць", i сёлета малюнак зменiцца наўрад цi. Паводле папярэднiх ацэнак, па вынiках года знiжэнне ўзроўню рэалiзацыi на ўнутраным рынку можа скласцi тыя ж 5 працэнтаў. Пры гэтым прычыну трэба "шукаць" не толькi ў даходах беларусаў, на сiтуацыю, асаблiва ўлетку, паўплывае i яшчэ адна акалiчнасць — забарона на распiццё пiва ў грамадскiх месцах.

Аспрэчваць гэта рашэнне, вiдаць, проста не мае сэнсу, пабачыць чалавека з пляшкай на вулiцах Берлiна, Мадрыда цi Лондана сапраўды немагчыма. Забарона на спажыванне пiва ў грамадскiх месцах (як кажуць, iнфармацыя спецыяльна для аматараў крымскага варыянта адпачынку) таксама ўведзена ва Украiне, а сёння неабходнасць такога ж кроку абмяркоўваецца ў Расii. I ўсё ж сама па сабе сiтуацыя ў Беларусi атрымлiваецца неадназначнай, бо не сакрэт: у краiне назiраецца дэфiцыт кавярняў i бараў. Сапраўды, пiваварныя прадпрыемствы распачалi падрыхтоўку да сезона, сёння iмi актыўна набываюцца гандлёвае абсталяванне, палаткi, "парасоны", аднак таксама зразумела: вырашыць праблему выключна намаганнямi вытворцаў не атрымаецца

— У той жа час даводзiцца толькi канстатаваць: прыцягальнасць новага спецыялiзаванага пiўнога бiзнэсу нашы прадпрымальнiкi пакуль не адчулi, — заўважае начальнiк сектара пiваварнай галiны канцэрна "Белдзяржхарчпрам" Яўген Мар'юшыч. — Няма асаблiвай зацiкаўленасцi i на ўзроўнi асобных рэгiёнаў. Так, даволi цiкавы варыянт знайшлi на Гомельшчыне, дзе распачата будаўнiцтва сеткi зборных шчытавых бараў — у вынiку аказваецца падтрымка i мясцовым вытворцам гэтых канструкцый, i пiваварам. Аднак падобны прыклад цi не адзiны. Астатнiя вобласцi i сталiца хiба што спасылаюцца на клопат "аб знешнiм выглядзе" гарадоў i ў вынiку... па сутнасцi застаюцца ўбаку. Мiж тым, не варта забывацца: ва ўсiм свеце лiчыцца, што пiва вядзе да змяншэння спажывання насельнiцтвам колькасцi "чыстага" алкаголю, а сама пiваварная галiна з'яўляецца адной з адчувальных крынiц папаўнення бюджэту.

Галоўнае — зазiрнуць у пашпарт

Зноў жа спрэчны момант — i "мараторый" на рэалiзацыю пiва ў камерцыйных кiёсках. Праўда, асноўны аргумент тут ужо iншы — "спойванне" няпоўнагадовых.

— Крамы "крокавай даступнасцi" ёсць не паўсюль, таму пытанне вяртання пiва ў камерцыйныя кiёскi для пiвавараў застаецца актуальным, — працягвае Яўген Мар'юшыч. — А што да праблемы грамадзян ва ўзросце да 18 гадоў, то мы лiчым, яна страцiла сваю вастрыню зноў жа з увядзеннем забароны на спажыванне ў грамадскiх месцах. I, да слова, варта заўважыць: звязваць тэму няпоўнагадовых з тэмай месцаў рэалiзацыi недарэчна. Лепш запытацца, чаму пры продажы пiва часцяком заплюшчваюцца вочы на "пашпартныя звесткi" пакупнiкоў?

Чаму крама выйграе ў кавярнi?


Не менш адметны ў сувязi з новаўвядзеннямi нюанс — цана. Пляшка пiва ў краме i куфаль у кавярнi ў краiнах Захаду звычайна адрознiваюцца не больш чым удвая. Рознiца ж у Беларусi можа складаць нават 3-4 разы. Прычым зразумела: часта аматараў бурштынавага напою "выштурхвала" ў двары, паркi i скверы менавiта гэта акалiчнасць.

— На мой погляд, нашаму грамадскаму харчаванню трэба змяняць падыходы, — лiчыць Яўген Мар'юшыч. — Ёсць агульнае правiла: чым даражэйшы тавар, тым больш выгадна iм займацца. Таму сапраўды было дазволена вызначаць гандлёвую надбаўку на асобныя гатункi айчыннага пiва ў памеры да 150 працэнтаў. Аднак, на жаль, значная частка пунктаў грамадскага харчавання ўспрынялi гэту лiчбу лiтаральна i ўхапiлiся выключна за максiмальную планку. Я разумею, што застаецца дастаткова высокай арэндная плата, што iснуюць дарагiя энерганосьбiты, што людзям трэба плацiць зарплату, аднак цi варта iмкнуцца вырашаць гэтыя праблемы за кошт высокай цаны — вялiкае пытанне. Бо мала хто звяртае ўвагi на iншы шлях: можна прадаваць пiва з надбаўкай у 80-100 працэнтаў i пры гэтым забяспечыць большую прыбытковасць за кошт павелiчэння абароту.

Тым часам у канцэрне адзначаюць: акалiчнасцяў, што могуць паўплываць на павышэнне сабекошту пiва, сёння няма. Адпаведна, няма i падстаў для павышэння цаны на гатовую прадукцыю. I адзiнае, што можа паўплываць на сiтуацыю ў будучынi, — гэта кошты на ячмень. А пакуль спрагназаваць iх дынамiку цяжка.

Прэмiум плюс натуральны квас

Летась экспарт беларускага пiва павялiчыўся амаль удвая. Рост у 1,6 раза, ужо ў параўнаннi з аналагiчным перыядам мiнулага года, адзначаецца i сёлета. Наш бурштынавы напой "пайшоў" у Расiю, Малдову, ва Украiну, у Лiтву, ужо адпраўленая першая "пробная" партыя ў Вялiкабрытанiю. Усё гэта, лiчыць Яўген Мар'юшыч, дазваляе спадзявацца: айчынныя прадпрыемствы аб'ёмы вытворчасцi не зменшаць. Але пры гэтым цi не найбольш "праблемным" застанецца менавiта ўнутраны рынак. Тут спатрэбiцца арыентацыя на новыя вiды прадукцыi.

Нiбыта вiдавочная "нiша" — безалкагольнае пiва. Ужо ёсць афiцыйныя тлумачэннi: яго ўжыванне ў грамадскiм месцы цягнуць за сабой адмiнiстрацыйнай адказнасцi не павiнна. Разам з тым, зазначае Яўген Мар'юшыч, "гуляць" на гэтым айчынныя пiвавары не будуць. I прычына нават не ў дастаткова складаных тэхналогiях вытворчасцi пiва з малым "градусам". Галоўнае ў iншым — попыце. Рынак безалкагольнага пiва застаецца вузкiм, беларусы аддаюць перавагу класiцы. Аналiз сведчыць, што найбольшай папулярнасцю карыстаецца пiва са "стандартнай" шчыльнасцю 12-13 i ўтрыманнем алкаголю 4-5,5 працэнта.

— З улiкам гэтага сёння шэраг беларускiх прадпрыемстваў робяць стаўку на аднаўленне вытворчасцi пiва сегменту "прэмiум", — кажа Яўген Мар'юшыч. — Таксама цiкавы напрамак — i квас натуральнага браджэння, попыт на так званыя квасныя напоi, што вырабляюцца з канцэнтрату, у нашых людзей невысокi. Нарэшце, для аднаўлення пазiцый нельга скiдваць з рахункаў i магчымасцi выкарыстання сусветных брэндаў — цяпер iдзе абмеркаванне новых праектаў вытворчасцi ў Беларусi пiва па лiцэнзiях.

←Прогноз погоды на 19 марта

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика