Cаннікаў: «ЕС павінен прызнаць памылковасць сваёй палітыкі»
У сераду адбылася прэс-канферэнцыя, прысвечаная ўчарашнім ператрусам у офісах «Хартыі-97», «Народнай Волі», а таксама на прыватных кватэрах Наталлі Радзінай, Марыны Коктыш і Андрэя Саннікава.
На ёй А.Саннікаў зазначыў, што дзеянні ўладаў 16-га сакавіка не маюць ніякага дачынення да так званай «паляўнічай справы». «Гэта пачатак палявання на найбольш папулярныя незалежныя СМІ. Дзень 16-га сакавіка для гэтага выбралі невыпадкова. Суд над Антуховічам, затрыманні моладзевых актывістаў, ператрусы… Увесь дзень улада дэманстравала сваю запалоханасць». Спадар Саннікаў таксама зазначыў, што падзеі 15-га сакавіка будуць набываць ўсё большы розгалас у свеце. «Рэакцыя будзе яшчэ больш моцнай. Яна павінна быць адназначнай. ЕС павінен прызнаць памылковасць сваёй палітыкі ў дачыненні да Беларусі. Хопіць гуляць у гэтыя гульні – яны прыводзяць да вынішчэння народа. Зараз увесь свет чакае на рэакцыю беларусаў. 25-га сакавіка мы павінны сказаць сваё слова» -- заявіў палітык.