Пажарны парадак. Начальнік абласнога ўпраўлення МНС Канстанцін ШАРШУНОВІЧ пра работу выратавальнікаў і пра тое, што трэба рабіць, каб не тушыць пажары
З усіх нашых нешматлікіх спецслужбаў МНС, бадай, больш за ўсіх абдзелена ўвагай пісьменнікаў і рэжысёраў. Калі кіно пра міліцыю круцяць кожны дзень, дык фільм пра пажарных не знайсці днём з агнём. Відаць, стэрэатып такі. На першы погляд здаецца, што нават з сур’ёзнага пажару закручанага сюжэта не атрымаецца: прыехалі пажарныя, патушылі агонь ды і разышліся. А вось дарэмна. Пагутарыўшы з начальнікам абласнога ўпраўлення МНС Канстанцінам Шаршуновічам, асабіста пераканаўся ў тым, што менавіта з таго моманту, як полымя пагасла, і пачынаецца самае цікавае. Зрэшты, дадзім слова прафесіяналу.
Так усё пачыналася
З выбарам прафесіі я не вызначаўся. Мой бацька ў Камянцы ўсё жыццё адпрацаваў у пажарнай ахове, так што мне заставалася працягваць яго справу. У 1975 годзе, адразу пасля школы, я паступіў у Львоўскае пажарна-тэхнічнае вучылішча.Пасля вучылішча мяне, маладога афіцэра, размеркавалі ў Баранавіцкі раён. Пасада — інспектар пажарнага нагляду. Тады я выязджаў толькі на буйныя пажары, у баявым разліку ў мяне было сваё месца. Але галоўны профіль — расследаванне прычын узгарання. Рэдка здараецца, што з ходу можна вызначыць, чаму пачаўся пажар. Трэба праводзіць агляд, шукаць “доказы” ў вуглях... Работа інтэлектуальная, падобная на работу следчага. Часта без чалавечага фактару не абыходзіцца. Ёсць няшчасныя выпадкі, ёсць і злачынствы. Памятаю, у 1979 годзе за дзень хтосьці спаліў 14 сціртаў саломы. Мы доўга шукалі падпальшчыка, нарэшце знайшлі — ім аказаўся рабочы мясцовай гаспадаркі. Яму нейкую праблему кіраўніцтва не вырашыла, вось ён, каб адпомсціць, і распальваў “кастры”.Вышэйшую школу пажарнай аховы я скончыў у Маскве. Потым — Ганцавіцкі раён, Лунінец. Там, дарэчы, сутыкнуўся са спецыфічнымі пажарамі. У тыя гады якраз поўным ходам ішло асушэнне балот. Тарфянікі гарэлі адзін за адным, як быццам палі порахам пасыпалі. Вецер пераносіў агонь са страшнай сілай... Тушэнне тарфянікаў — справа складаная, патрабуе вялікага майстэрства і вопыту.Затым — Брэст. Тут я адразу трапіў у абласны аддзел пажарнай аховы, стаў інжынерам нарматыўна-тэхнічнага аддзялення. А ў савецкі час будынкі ўзводзілі даволі інтэнсіўна — як жылыя, так і прамысловыя. І ў кожным праекце трэба было прадугледзець эвакуацыю пры пажары, вентыляцыю, водазабеспячэнне. На кожны пункт — норма. Іх агульны звод — сапраўдны фаліянт, які трэба было ведаць як “Ойча наш”. І хоць тады праектныя групы былі дастаткова сур’ёзныя, праблем усё роўна хапала.
Атакуюць... авадні
У адрозненне ад многіх іншых сфер у нашай сістэме ў пачатку 90-х разрухі не было. Сістэма пажарнага кантролю не аслабла. Напэўна, многія яшчэ жылі па інерцыі, памятаючы пра стабільнасць савецкіх часоў. Сёння 90 працэнтаў смяротных выпадкаў на пажарах — гэта п’янства. На жаль, найбольшая ўдзельная вага ад гэтай статыстыкі прыпадае на вёску, прычым вылучыць найбольш праблемны раён цяжка: небяспечныя месцы ёсць усюды.Нягледзячы на тое што па-ранейшаму большая палова нашай работы — гэта ліквідацыя пажараў, развіваюцца і іншыя службы. Так, у апошні час у жылых дамах сталі ўсё часцей гняздзіцца насякомыя: восы, шэршні, авадні. Калі ў 2007 годзе было каля 500 выклікаў на іх ліквідацыю, дык ужо ў 2008-м выратавальнікі выязджалі амаль 700 разоў.
Навука кіраваць
Сёння ў нашым упраўленні каля 2,5 тысячы супрацоўнікаў. І зладжанасці ў рабоце, напэўна, было б дабіцца цяжка, калі б супрацоўнікі не ўсведамлялі, што адказнасць усяго калектыву, па сутнасці, залежыць ад кожнага з іх. Зрэшты, нам ёсць яшчэ да чаго імкнуцца. Мне хацелася б дакладнай аналітычнай работы — аналітыку стаўлю ў аснову. Павінен быць наладжаны працэс маніторынгу: не толькі канстатацыя факта надзвычайнай сітуацыі, але і дэталёвае высвятленне прычын. Гэта значыць, не проста запісаць у журнал “упала дрэва”, а высветліць, чаму яно ўпала і што трэба зрабіць, каб больш такое не паўтарылася.
Надзейны тыл
Работа наша прэстыжная, але разам з тым вельмі і вельмі няпростая. Ёсць нават такі анекдот. “Адзін сябар расказвае другому: маўляў, уладкаваўся на выдатную працу. Усё шыкоўна: высокая зарплата, сацыяльная ахова на вышыні, жыллём забяспечаны, калектыў добры, увогуле — прыгажосць... Але як на пажар ехаць — хоць звальняйся!” Мой рабочы дзень заканчваецца не раней чым у сем гадзін вечара. Жонка да мужа-пажарнага доўга прывыкала, зараз праблем няма. Як кажуць у арміі, тыл надзейны. Вольнага часу, на жаль, малавата, але час для адпачынку знайсці можна — са школьных часоў люблю гуляць у валейбол. І ў дзяцінстве, і ў юнацтве быў членам валейбольных каманд. А расслабіцца дапамагае добрая кніга ці гітара. У кампаніі люблю спяваць, асабліва песню з кінафільма “Зямля Саннікава”: “...призрачно все в этом мире бушующем”... А для душы настольная кніга — томік вершаў Лермантава. “Мцыры”, напрыклад, магу расказаць напамяць!