Асобы ў штацкім палююць на фотакарэспандэнтку НН Юлію Дарашкевіч
Ёсць інфармацыя, што на 24 сакавіка прызначаны працэс аб нанясенні ёй цялесных пашкоджанняў міліцыянту.
Вось гэтага міліцыянта з тонкімі рысамі твару нібыта збіла Юлія Дарашкевіч. |
А гэта іншы кадр з Плошчы: асобы ў штацкім душаць Сяргея Грыца, фатографа Associated Press. Фота Ройтэрз. |
Гаворка пра падзеі 16 лютага. Юлію затрымалі, калі яна здымала акцыю салідарнасці з палітвязнямі на Кастрычніцкай плошчы. Тады прапаршчык Ігнацьеў забраў у яе журналісцкае пасведчанне, а іншы чалавек у цывільным (не прадставіўся) адвёў яе ў аўтобус, зазначыўшы, што журналістка нібыта ўдарыла яго.
У той вечар фотакарэспандэнтку, лаўрэата міжнародных журналісцкіх прэмій, адпусцілі без складання пратакола. Цяпер справа ўсплыла. Сёння міліцыянты прыходзілі да бацькоў мужа Юліі, шукалі яе. І паведамілі, што 24 сакавіка мае адбыцца суд па справе аб нанясенні ёй цялесных пашкоджанняў міліцыянту. Звяртае ўвагу дата: за дзень да Дня Волі.
Увечары асобы ў штацкім ужо ламіліся ў дзверы кватэры, дзе жыве Юлія. Яе муж ім не адамкнуў. Пасля паўгадзіннай аблогі яны рэціраваліся, пасля таго як фотажурналістка ў тэлефонннай размове паабяцала інспектару Саладуну, што заўтра з"явіцца да яго з адвакатам.