Духмяны хлеб на белым палатне...

Источник материала:  
Духмяны хлеб на белым палатне...Ксенію Лявонаўну Падвербную паважліва называюць захавальніцай традыцый
Здараецца часам, што логіка ўражанняў перакрывае логіку падзей. Калі пакідаў хату гасціннай майстрыхі Ксеніі Лявонаўны, яна падарыла мне ў дарогу духмяны бохан свежаспечанага хлеба. Прама з печы. Я вёз каштоўны бохан дадому, у Дзяржынск. Водар хлеба разыходзіўся на ўвесь аўтобус, і вочы людзей навокал, здавалася, святлелі... А мне той пах раскалыхнуў памяць: прыгадалася не вельмі сытнае, мякка кажучы, дзяцінства. Тады, у цяжкія пасляваенныя гады, мая мама таксама даставала з печы духмяныя, з добра падпечанай скарыначкай, боханы. Хлеб на стале для нас, траіх дзяцей, што засталіся без бацькі, заўсёды быў вялікім святам. І павага да такой святыні, як хлеб, засталася ў мяне з тых часоў на ўсё жыццё. Упэўнены: нехта, чытаючы гэтыя радкі, таксама ўспомніць сваё дзяцінства, смак матчынага хлеба.
Ксеніі Лявонаўны жыве на Дзяржыншчыне, у вёсцы Вялікія Навасёлкі. Гэту майстрыху называюць захавальніцай даўніх майстэрстваў і традыцый. У вёску мяне падвёз і прадставіў жанчыне яе аднавясковец, старшыня Дзяржынскага раённага Савета дэпутатаў Канстанцін Немчык. Гаспадыня правяла нас у чыста прыбраны пакой, шчодра аздоблены хатнімі рэчамі. Вакол — саматканыя покрывы, ручнікі, сурвэткі... Вышыўкі на гэтых рэчах — на ўсе колеры вясёлкі. На вокнах у хаце шмат кветак, на сценах, у кутах — іконы.
Майстэрства Ксеніі Лявонаўны як вышывальніцы, выдатнай ткачыхі адзначана нават дыпломам — вось ён, на сцяне. Яна ўзнагароджана Мінскім абласным аддзелам культуры “за захаванне лепшых узораў традыцыйнага народнага ткацтва і за ўдзел у абласной выстаўцы “Традыцыйнае ткацтва Міншчыны”. Прызнацца, аж не верыцца, што бялюткія, як снег, льняныя покрыўкі зробленыя яе рукамі, а не дзе на фабрыцы. Яшчэ нядаўна ткацкі станок стаяў у яе пасярод хаты і ўзімку не быў без работы. Дарэчы, гаспадыня перавезла яго са сваёй малой радзімы, з Касцюковіцкага раёна Магілёўшчыны. Дастаючы з куфра шматлікія тканыя, вышываныя вырабы, яна звычайна распавядае пра сваю жаночую долю.
Ёй ужо за 85. У сялянскай сям’і, дзе нарадзілася, у яе было пяцёра братоў і сястра. Бацькі рана не стала, і маці давялося іх адной гадаваць і выхоўваць. Ксенія скончыла толькі чатырохгодку: школа была за сем кіламетраў, ды і маці па гаспадарцы патрэбна была дапамога. Працавала ў калгасе, была і звеннявой, і брыгадзірам. Працоўны стаж немалы, ажно 55 гадоў.
“Рукі Бог даў умелыя...” — сціпла гаворыць яна сама наконт вытокаў майстэрства. Наўчылася, скажам, малая Ксенія лапці з лыка плесці, ды так гожа, што зручны сялянскі абутак вырабляла для ўсёй сям’і. Гадоў у 14—15 умела і ткаць, вышываць. З маленства прыглядалася, як робіць гэта маці, суседкі — так і павялося. Шмат чаго прыгожага за жыццё нарабіла. Цяпер цяжэй: і зрок падводзіць, і сілы не тыя...
І якія ж страшныя гады перажыла! Усе пяцёра яе братоў загінулі на франтах Вялікай Айчыннай. Дзякаваць Богу, муж Ксеніі Лявонаўны вярнуўся, хоць і інвалідам. А вёску яе родную напаткаў вогненны лёс Хатыні, доўгі час ёй давялося разам з маці і сястрой жыць у зямлянцы. Муж памёр у 1980-м, і сястра, на той час мінчанка, пераканала Ксенію Лявонаўну пераехаць жыць бліжэй да яе. Так яна і апынулася ў Вялікіх Навасёлках, яшчэ адпрацавала ў мясцовым калгасе 15 гадоў. Дзяцей вывела ў людзі: адна дачка жыве ў Дзяржынску, другая — у Мінску, а сын — у Оршы. Яна не скардзіцца на лёс, лічыць сябе шчаслівай. І заўсёды імкнецца рабіць дабро, не трымаць злосці нават на таго, хто яе пакрыўдзіў. Жыве ў глыбокай веры, і кажа: трэба дараваць людзям, тады і нам усім даруе Гасподзь Бог.
Духмяны хлеб на белым палатне......А хлеб свой Ксенія Лявонаўна пячэ і сёння — яна, мусіць, адна з нямногіх вяскоўцаў, хто памятае, зберагае даўнія традыцыі хлебапячэння. Мне цяжка ўявіць, але яна ніколі не купляла хлеб у краме — заўсёды выпякала сама. І сакрэт майстэрства яна таксама прывезла ў наш раён са сваёй малой радзімы. Хлеб у яе з кіслінкай, вельмі смачны, да таго ж добра захоўваецца, цэлы тыдзень не чарсцвее. Дарэчы, ад маці ў яе такая завядзёнка: перш чым пасадзіць хлеб у печ, кожны бохан абавязкова перахрысціць. Вялікая яна майстрыца выпякаць і булачкі, а таксама святочныя пірагі.
Да Ксеніі Лявонаўны часта наведваюцца вучні Навасёлкаўскай сярэдняй школы, з якімі яна не проста сябруе, але і перадае ім сакрэты майстэрства. Часта яе запрашаюць і ў школу, дзе ў багатым на экспанаты краязнаўчым музеі можна пабачыць і яе вырабы. Таму ёсць надзея: народныя традыцыі будуць жыць.

Лявон Сцепановіч

←Шукалі дзіця, а знайшлі...

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика