Пяць плюсаў і пяць мінусаў Уладзіміра Някляева
Паэт Уладзімір Някляеў заявіў аб старце грамадскай кампаніі «Гавары праўду». Падкрэсліваецца, што гэтая ініцыятыва непалітычная. Тым не менш, Уладзімір Някляеў працягвае разглядацца як патэнцыйны кандыдат у прэзідэнты. Якія моцныя і слабыя бакі гэтага кандыдата?
Фота Юліі Дарашкевіч. |
1. Здольны аб’яднаць
+ Някляеў мае прыязныя адносіны з большасцю апазіцыйных палітыкаў. Ён ніколі не ганіў апазіцыю за бяздзейнасць, інертнасць, слабасць. Наадварот, гаварыў пра тое, што яна робіць усё, на што зараз здольная. У Някляева нармальныя стасункі з Мілінкевічам, Казуліным, Баршчэўскім. Нават з Пазняком яны пару гадоў назад сустракаліся ў Варшаве. Пры пэўных раскладах Някляеў мог бы стаць тым чалавекам, што аб’яднаў бы апазіцыю. Ягоная асоба не выклікае адчужэння як у нацыяналістаў, так і камуністаў.
— У Някляева няма самастойнага досведу ўдзелу ў палітыцы. Ён браў удзел у выбарчых кампаніях Уладзіміра Ганчарыка і Аляксандра Казуліна. (Заўважым, не Домаша і Мілінкевіча.) Тым не менш, заставаўся там на другіх ролях. Ролю першасную ў палітыцы Някляеў выконвае ўпершыню, таму памылкі будуць непазбежнымі. Зрэшты, ёсць досвед са сферы культуры. Нейкі час Някляеў узначальваў Саюз пісьменнікаў і ПЭН‑Цэнтр.
2. Эмацыйнасць
+ Па энергетыцы выступаў і эмацыйнасці знайсці роўнага Някляеву ў беларускай палітыцы будзе цяжка. Паэт ведае, як завабіць публіку, прымусіць яго слухаць, каб людзі глыталі кожнае ягонае слова. Калісьці ён вёў тэлеперадачу. А выступ на вулічнай акцыі для шматтысячнага натоўпу — гэта стыхія Някляева.
— Эмоцыі не заўсёды граюць станоўчую ролю. Някляеву не заўсёды хапае пачуцця тактоўнасці і вытрыманасці. Разам з тым, Някляеў мае цвёрды характар.
3. Грошы
+ Калі Някляеў пойдзе ў прэзідэнты, ягоная кампанія будзе рабіцца на беларускія грошы. Дзяржаўныя СМІ не змогуць папікнуць кандыдата, што ён жыве за кошт заходніх грантаў.
— Разам з тым, усё яшчэ невядома, што ж за «нябедныя» людзі стаяць за Някляевым. Ёсць сумневы, што Уладзімір Пракопавіч сам выйшаў на гэтых фундатараў. Калі не ён, то хто? Казулін? Нехта з прадстаўнікоў наменклатуры? Някляеў пакуль не агучыў выразную палітычную пазіцыю. Ён за дыялог з уладай ці за санкцыі? За саюз з Расіяй ці за ўступленне ў Еўрасаюз?
4. З інтэлігенцыі
+ Падтрымка інтэлігенцыі. За «Гавары праўду» падпісаліся вядомыя і аўтарытэтныя ў краіне людзі. Такія, як Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін, Зінаіда Бандарэнка. Падтрымка такіх асобаў адразу дадае Някляеву лішніх пунктаў. Інтэлігенцыя падтрымае паэта, чые вершы да гэтага часу ёсць у школьнай праграме.
— Разам з тым, разлічваць на актыўную падтрымку інтэлігенцыі Някляеў можа наўрад. Гэта хутчэй маральная сімвалічная дапамога. Сам Някляеў у нядаўнім інтэрв’ю «НН» гаварыў, што час удзелу інтэлігенцыі ў палітычнай барацьбе мінуў. Прэзідэнцкую ж кампанію робяць дасведчаныя актывісты і моладзь. Ці будзе моладзь працаваць на Някляева, сказаць цяжка.
5. Пазнавальнасць
+ Пазнавальнасць. Вядомасць Някляева не меншая, чым у лідэраў апазіцыі. Доўга тлумачыць, хто такі Уладзімір Някляеў, выбарцам не давядзецца. «Гэта той, што «Сёння ў нашай хаце свята» напісаў», — можна ўспомніць яшчэ з дзясятак вершаў паэта, што сталі хітамі.
— Сумнеўнае мінулае. За Някляевым цягнецца хвост скандальнага мінулага. У 1999 годзе ён быў вымушаны з’ехаць з краіны. Гэта было звязана з ягоным канфліктам з унтэр‑ідэолагам Замяталіным. Праз нейкі час паэт усё ж вярнуўся на Радзіму. Ніякіх наступстваў не было. Тым не менш, кампрамат на Някляева‑кандыдата ў прэзідэнты можа быць знойдзены.