Хілары Клінтан: Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі працягвае заставацца вельмі дрэннай
Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі працягвае заставацца «вельмі дрэннай, таму што беларускія ўлады па‑ранейшаму парушаюць гэтыя правы». Такая ацэнка ўтрымліваецца ў штогадовым дакладзе Дзярждэпартамента ЗША аб сітуацыі з выкананнем правоў чалавека ў свеце, які 11 сакавіка прэзентавала дзяржсакратар Хілары Клінтан.
«Гэтая справаздача з’яўляецца важным інструментам для актывістаў, якія змагаюцца за правы чалавека ва ўсім свеце, для журналістаў і вучоных, якія адсочваюць парушэнні правоў чалавека і паведамляюць пра тых, хто змагаецца, а таксама для ўрадаў, уключаючы наш уласны, у стратэгіі падтрымкі абароны правоў чалавека для вялікай колькасці людзей у вялікай колькасці краін», — сказала Клінтан.
У раздзеле, прысвечаным Беларусі, зазначаецца, што ў краіне »сур’ёзна абмежавана» права грамадзян на свабодныя выбары, улады не расследуюць належным чынам «палітычна матываваныя выпадкі знікнення людзей».
«Таксама працягваліся затрыманні і арышты людзей паводле палітычных матываў за крытыку ўлады або ўдзел у дэманстрацыях. Судовая сістэма пазбаўлена незалежнасці, прысуды былі вядомыя загадзя, а многія судовыя працэсы праводзіліся за зачыненымі дзвярамі», — гаворыцца ў дакладзе.
Яго аўтары зазначаюць, што ў 2009 годзе ўлады Беларусі абмяжоўвалі грамадзянскія свабоды, у тым ліку свабоду прэсы, слова, сходаў і рэлігіі, а таксама працягвалі выкарыстоўваць »палітычна матываваны прызыў у армію маладзёжных актывістаў».
Апрача таго, пры разгоне мірных акцый пратэсту ў Беларусі супрацоўнікі праваахоўных органаў прымянялі «празмерную сілу».
«Няўрадавыя арганізацыі і палітычныя партыі зведвалі націск, штрафы і пераслед. Рэлігійныя дзеячы былі аштрафаваны або дэпартаваны за правядзенне набажэнстваў, а цэрквы працягвалі зведваць націск уладаў, — зазначаецца ў дакладзе. — Улады таксама працягвалі пераслед незалежных прафсаюзаў і іх членаў, што ўскладняла магчымасці рабочых ствараць або ўступаць у прафсаюзы і весці калектыўныя перамовы з работадаўцамі».
У якасці прыкладаў у дакуменце згадваюцца разгон і збіванне дэманстрантаў 16 лютага і 16 ліпеня 2009 года, разгон акцыі пратэсту супраць беларуска‑расійскіх ваенных вучэнняў 9 верасня.
У дакладзе гаворыцца аб затрыманні і арышце ваўкавыскіх прадпрымальнікаў Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава і Уладзіміра Асіпенкі, праслухоўванні тэлефонных размоў актывістаў апазіцыі, адмове ў распаўсюджванні недзяржаўных газет праз дзяржаўную сетку кіёскаў «Белсаюздруку», адлічэнні студэнтаў за грамадска‑палітычную актыўнасць, дыскрымінацыі актывістаў незарэгістраванага Саюза палякаў на Беларусі і тых грамадзян, якія карыстаюцца беларускай мовай.