Рашэнне пра склад беларускай дэлегацыі ў Еўранесце плануецца прыняць у пачатку красавіка
Рашэнне пра склад беларускай дэлегацыі ў парламенцкай асамблеі палітыкі ЕС «Усходняе партнёрства» (Еўранест) адкладзена на месяц. Пра гэтапаведамілі ў офісе польскага дэпутата Яцэка Пратасевіча, кіраўніка дэлегацыі парламента ЕС па сувязях з Беларуссю.
10 сакавіка ўдзельнікі дэлегацыі Еўрапарламента ў Еўранесце прагаласавалі за тое, каб рэкамендаваць Еўрапарламенту запрасіць для ўдзелу ў працы Еўранеста ад Беларусі толькі прадстаўнікоў апазіцыі і грамадзянскай супольнасці. Гэтую прапанову і спіс прозвішчаў, што рэкамендуюцца, дэлегацыя накіравала старшыні Еўрапарламента Ежы Бузеку і старшыням парламенцкіх фракцый.
11 сакавіка адбылася сустрэча Бузека са старшынямі фракцый, на якой разглядалася гэта пытанне. Аднак удзельнікі сустрэчы адклалі прыняцце рашэння на месяц.
«Гэта таксама азначае, што будзе адкладзена і першае пасяджэнне Еўранеста, якое было запланавана на 24 сакавіка», — паведамілі ў офісе Яцэка Пратасевіча.
Чакаецца, што пытанне аб складзе беларускай дэлегацыі ў Еўранесце будзе разгледжана ў першай палове красавіка.