Турысты, пахаваныя пад снегам, знойдзеныя...
Учора надзеi на тое, што нашы суайчыннiкi, якiх расшуквалi ў Мурманскай вобласцi пасля сходу лавiны ў горным масiве, выжывуць, на жаль, не спраўдзiлiся: чацвёра беларускiх турыстаў загiнулi.
Як паведамiлi карэспандэнту "Звязды" ў прэс-службе МЗС Беларусi, паводле атрыманай iнфармацыi з Мiнiстэрства па надзвычайных сiтуацыях па Мурманскай вобласцi, учора былi знойдзеныя целы ўсiх чатырох чалавек, што трапiлi пад снег. Шырыня гэтай лавiны дасягала 30 метраў, даўжыня — 70, глыбiня — больш за тры метры. Нагадаем, што аперацыя па выратаваннi нашых турыстаў пачалася 9 сакавiка, калi пра здарэнне паведамiлi двое нашых грамадзян, якiя знаходзiлiся ў групе i ацалелi. "Консульскiм аддзелам пасольства Беларусi ў Маскве ажыццяўляюцца ўсе неабходныя ў такiх выпадках мерапрыемствы", — адзначылi ў прэс-службе МЗС Беларусi.
Ну i ну!
Збег з-пад варты пасля аперацыi...Арыштаваны за рабаўнiцтва 56-гадовы рэцыдывiст уцёк з-пад варты з хiрургiчнага аддзялення лiдскай бальнiцы пасля таго, як яму выразалi апендыцыт.
Як паведамiлi ў прэс-службе УУС Гродзенскага аблвыканкама, на гэты раз неаднаразова судзiмы Анатоль Кудзелка павiнен быў адказаць перад законам за рабаўнiцтва: абвiнавачаны, якi, дарэчы, не мае пэўнага месца жыхарства, пакрыўдзiў сабутэльнiка — адабраў у таго грошы. Трапiўшы па волi лёсу на бальнiчны ложак, зламыснiк не стаў чакаць суда i збег пры першай жа магчымасцi: каля пяцi гадзiн ранiцы ён знiк з палаты бальнiцы. У адносiнах да супрацоўнiкаў мiлiцыi, якiя ахоўвалi арыштаванага, праводзiцца службовая праверка. Як адзначаюць у праваахоўчых органах, уцякач асаблiвай небяспекi для грамадзян не ўяўляе. На выгляд яму 60 гадоў, рост — каля 1,65-1,70 метра, сярэдняга целаскладу, валасы светла-русыя з рыжаватым адценнем, носiць вусы i бараду. Быў апрануты ў куртку цёмнага колеру з плашчовай тканiны, бальнiчную рубашку сiне-белага колеру ў клетку, цёмнае трыко i тапачкi-сланцы. Па гэтым факце ўзбуджана крымiнальная справа па частцы 1 артыкула 413 КК — "уцёкi з папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення свабоды, арыштнага дома цi з-пад варты".
Ігар ГРЫШЫН.