Малако ў Беларусі выкідаюць проста на вуліцу тонамі
Мясцовым жыхарам звалілася на галаву некалькі тон малака, ужо разлітага па пакетах. Вёска размешчаная ў 17-ці кіламетрах ад Слуцку ў накірунку Старых Дарогаў.
Мясцовыя жыхары патэлефанавалі ў рэдакцыю газеты «Кур'ер» і паведамілі, што невядомыя людзі вывалілі тысячы пакетаў малака на зямлю ў двух дварах, размешчаных у розных канцах вёскі. Паводле папярэдніх звестак супрацоўнікаў ДАІ, усяго было выгружана каля 5 тон пакетаванага малака, а гэта больш за 5 тысячаў пакетаў аб'ёмам 0,9л.
З інфармацыі на пакетах вынікае, што малако пастэрызаванае пітное, узбагачанае ёдаваным бялком з масавай доляй тлушчу 0,5%, выраблена 8 і 9 сакавіка на Слуцкім сыраробным камбінаце. Яно прыдатнае да ўжывання да 17 гадзінаў 11 і 12 сакавіка адпаведна.
Жыхары насілі дадому пакеты з малаком у торбах, вывозілі на тачках і фурманках, запрэжаных коньмі. Аднак асаблівага ажыятажу вакол малочных кучаў «Кур'ер» не назіраў. Магчыма з-за таго, што тлустасць прадукта не да спадобы і прадукт доўга не захоўваецца, ці ж частка васількаўцаў ужо паспела «затарыцца». А можа мясцовы люд быў збянтэжаны прысутнасцю міліцыі.
«На бліны нармальна. Катам, сабакам, свінням таксама пойдзе», - каментавалі жыхары малочнае багацце.
Гаспадар аднаго з падворкаў, дзе было пакінутае малако, патлумачыў, што ў аўторак увечары, 9 сакавіка, да яго хаты пад'ехаў грузавік, у якім знаходзілася два чалавекі. Адзін з іх заявіў, што аўтамабіль зламаўся, малако прападзе. Пасля чаго згрузіў на зямлю некалькі тон малака. Трымайце, маўляў, карыстайцеся.
Як высветлілася, аналагічным чынам была выгружаная другая частка малака ў двары, размешчаным у іншым канцы вёскі.
Адразу ж, у Васількава, знаходзіўся «малочны» грузавік і кіроўца, з якім гутарылі супрацоўнікі ДАІ.
Паводле інфармацыі афіцэраў ДАІ Аляксандра Шавалеева і Аляксандра Кандрацені, мяркуючы па накладных, гаворка ідзе пра пяць тон малака. Пункт прызначэння грузу - Магілёў.
Неўзабаве на месца падзеяў прыехаў, як ён сябе назваў, забеспячэнец фірмы, якая набыла партыю малака на мясцовым сыраробным камбінаце.
Ён патлумачыў вартавым правапарадку, што малако было пакінутае ў жыхароў вёскі на захоўванне. Грузавіку ж у гэты момант неабходна тэрмінова ехаць за іншым таварам у Менск, і затрымка прыносіць яго ўладальнікам страты. А па малако, здадзенае на захоўванне жыхарам Васількава, прыедзе іншая машына.
«З-за гэтай затрымкі я страчу больш, чым каштуе ўсё гэтае малако», - сказаў забеспячэнец фірмы.
«Як яно здадзенае на захоўванне, калі на вашых вачах гэтае малако разцягваюць?», - задаў яму пытанне Аляксандр Шавалееў, паказаўшы на старога, які ў гэты час цягнуў праз дарогу тачку, гружаную пакетамі малака.
У адказ на прэтэнзіі забеспячэнца, Аляксандр Шавалееў патлумачыў, што дзеянні супрацоўнікаў міліцыі можна абскардзіць ва ўсталяваным Законам парадку, а ў гэты момант сітуацыя патрабуе высвятлення шэрагу абставінаў, дзеля чаго чакаецца прыбыццё супрацоўніка АБЭЗ Слуцкага РАУС.
Вось такія дзіўныя справы адбываюцца ў Беларусі.