Наталля Пяткевіч: Ідэалагічная вертыкаль у Беларусі адбылася
Пастаўленая задача адрадзіць на вышэйшым узроўні ідэалагічную работу ў Беларусі ў поўнай меры рэалізуецца.
Такую думку выказала ў чацвер журналістам першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі Наталля Пяткевіч, якая прымала ўдзел у рабоце рэгіянальнай канферэнцыі ідэалагічных работнікаў Брэсцкай вобласці ў Кобрыне.
«Сёння мы ўжо можам сказаць, што ідэалагічная вертыкаль у нашай краіне ёсць, і мы ўжо гаворым не пра станаўленне, а пра ўдасканаленне яе работы»,
— сказала Наталля Пяткевіч.
У якасці пазітыўнага змянення яна адзначыла з’яўленне ідэолагаў не толькі ў дзяржаўнай сферы, але і ў прыватным бізнесе. «Прыемна адзначыць, што на прыватных прадпрыемствах выбудоўваецца ідэалагічная работа, і гэта не націск зверху, а сапраўды патрэбнасць. Гэта вельмі важна, таму што задача ідэалагічнай работы — ствараць непасрэдны кантакт паміж простым чалавекам і ўладай, садзейнічаць выяўленню патрэбнасцей, праблем людзей і іх вырашэнню. Гэта галоўная задача, без вырашэння якой не можа існаваць дзяржава, і гэта галоўнае прызначэнне ідэолага», — лічыць Наталля Пяткевіч.