Беларусь – 17-я ў агульным медальным заліку Алімпіяды ў Ванкуверы
У нядзелю на Алімпіядзе ў Ванкуверы прайшоў лыжны марафон на 50 км. Алімпійскім чэмпіёнам стаў нарвежац Петэр Нуртуг, які ў бліскучым стылі на апошніх метрах вырваў перамогу ў немца Акселя Тайхмана.
Беларус Сяргей Далідовіч фінішаваў 25-м.
Такім чынам разыграна 85 з 86 камплектаў узнагарод, і засталося вызначыць толькі ўладальнікаў залатых і сярэбраных медалёў у хакейным турніры – у 22:15 пачнецца матч Канада – ЗША.
Відавочна, што яго вынік не паўплывае на месца Беларусі ў агульным медальным заліку (раўняецца па колькасці залатых узнагарод).
Наша краіна на XXI зімовых Алімпійскіх гульнях ў Ванкуверы падзяліла 17-ы радок разам са Славакіяй. У гэтых краін па адным залатым, сярэбраным і бронзавым медалі.
Алімпійскім чэмпіёнам у лыжнай акрабатыцы стаў Аляксей Грышын, срэбра ў індывідуальнай гонцы на 20 км заваяваў біятланіст Сяргей Новікаў, бронзу – у гонцы на 15 км біятланістка Дар’я Домрачава.
Гэта найлепшы вынік беларусаў за часамі выступлення самастойнай камандай. Алімпійскіх чэмпіёнаў дагэтуль у нас не было, і наогул найлепшым вынікам былі дзве ўзнагароды: у Лілехамеры-1994 – два срэбры, у Нагана-1998 – дзве бронзы.
На Алімпіядзе ў Солт-Лейк-Сіці ў 2002 г. у беларусаў была адна бронза, у Турыне–2006 – срэбра.
Медальны залік (залатыя, срэбраныя, бронзавыя, у дужках — усяго):
1. Канада — 13, 7, 5 (25)
2. Германія — 10, 13, 7 (30)
3. ЗША — 9, 14, 13 (36)
4. Нарвегія — 9, 8, 6 (23)
5. Паўднёвая Карэя — 6, 6, 2 (14)
6. Швейцарыя — 6, 0, 3 (9)
7. Кітай — 5, 2, 4 (11)
8. Швецыя — 5, 2, 4 (11)
9. Аўстрыя — 4, 6, 6 (16)
10. Нідэрланды — 4, 1, 3 (8)
11. Расія — 3, 5, 7 (15)
12. Францыя — 2, 3, 6 (11)
13. Аўстралія — 2, 1, 0 (3)
14. Чэхія — 2, 0, 4 (6)
15. Польшча — 1, 3, 2 (6)
16. Італія — 1, 1, 3 (5)
17. БЕЛАРУСЬ — 1, 1, 1 (3)
17. Славакія — 1, 1, 1 (3)
19. Вялікабрытанія — 1, 0, 0 (1)
20. Японія — 0, 3, 2 (5)
21. Славенія — 0, 2, 1 (3)
21. Харватыя — 0, 2, 1 (3)
23. Латвія — 0, 2, 0 (2)
24. Фінляндыя — 0, 1, 4 (5)
25.Казахстан — 0, 1, 0 (1)
25. Эстонія — 0, 1, 0 (1).
Без уліку фіналу хакейнага матча Канада – ЗША.
***
Калі ж лічыць па агульнай колькасці ўзнагарод, то Беларусь і Славакія займаюць 19 і 20-е месцы. У Аўстраліі – таксама тры ўзнагароды, але два залатыя медалі.
А наогул ўзнагароды заваявалі прадстаўнікі 26 краін.