Чаго Вы чакаеце ад новага прэзідэнта Украіны?

Источник материала:  
28.02.2010 12:30 — Новости Общества
Чаго Вы чакаеце ад новага прэзідэнта Украіны?Цэнтральная выбарчая камісія Украіны афіцыйна аб’явіла лідара Партыі рэгіёнаў Віктара Януковіча прэзідэнтам краіны. Пратакол з вынікамі галасавання ў другім туры 7 лютага 2010 г. зацвердзілі ўсе 15 сябраў ЦВК, з іх пяцёра — з “асаблівым меркаваннем”. Паводле даных ЦВК, за Януковіча прагаласавалі 48,95% выбаршчыкаў, прэм’ера Юлію Цімашэнка падтрымалі 45,47% украінцаў. Супраць усіх прагаласавалі 4,36% грамадзян. Усяго ў галасаванні прыняло ўдзел 69,07% грамадзян.

Аляксандр Класкоўскі, палітолаг:

"МАСКОЎСКАЯ ЭЙФАРЫЯ ХУТКА СКОНЧЫЦЦА"


— Асабіста я нічога не чакаю. Думаю, што пэўны перыяд будзе адзначацца маскоўская эйфарыя. І Януковіч ёй падыгрывае, падражнівае такімі заявамі, якія ствараюць ілюзію, што цяпер у двухбаковых украінска-расійскіх стасунках усё будзе тып-топ. Мяркую, што ў гэты перыяд пачне праяўляцца рэўнасць з боку афіцыйнага Мінска, таму што ён аказваецца нібыта ў цені, у нявыгадным становішчы. Двухбаковыя беларуска-ўкраінскія кантакты, якія былі вельмі актыўнымі, на пэўны час заціхнуць. Але рана ці позна ў Крамля здарыцца вялікі “аблом”, калі там зразумеюць, што Януковіч — таксама праўкраінскі палітык. І вось тады ўжо на новай глебе пачнуцца гульні паміж Кіевам і Мінскам. Калі аб’ектыўна, то і на Украіну, і на Беларусь энергетычная імперыя цісне аднолькава.

Наталля Рабуха, эканаміст, грамадзянка Украіны:

"НІЧОГА ДОБРАГА АД ЯГО ЧАКАЦЬ НЕ ВАРТА"


— Ад Януковіча нічога не чакаю, бо я яго не выбірала. Я не лічу, што ён валодае тымі якасцямі, якія павінен сёння мець прэзідэнт Украіны. Да таго ж ізноў пачнецца перадзел усяго, што было падзелена. Спачатку “аранжавыя” дзялілі паміж сабой смачныя кавалкі, цяпер Януковіч пачне ўсё падмінаць пад сябе, прызначаць сваіх дырэктараў і г.д. Многія ўкраінцы за яго, бо яшчэ жыве вера ў тое, што ён сваёй моцнай рукой і ўплывам навядзе парадак. Але, баюся, гэты парадак будзе ўсталёўвацца на ўзроўні “паняткаў”.

Ігар Забара, акцёр, рэжысёр, грамадзянін Украіны:

"ГУРТОМ КРАЩЕ І БАТЬКУ БІТИ"


— Я галасаваў за Юлю, жыццёвае крэда якой і яе адносіны да інтэлігенцыі мне больш па душы. Бо каб Януковіча назваць інтэлігентам, трэба выпіць вельмі шмат гарэлкі. Гэты чалавек і інтэлігентнасць ніяк не манціруюцца. Чувак з судзімасцямі стаў прэзідэнтам — нонсэнс! Не выключана, што ў Кіеў прыедзе данецкая братва ў спартыўных штанах. Гэта за межамі дабра і зла. Януковіч збіраецца захаваць домік “вялікага ўкраінскага паэта Чэхава” і любіць вершы Ганны Ахметавай. Пра што гаварыць? Нашы народы могуць паспачуваць адзін аднаму. Ім нарэшце ёсць аб чым пагаварыць. Брацтва народаў якраз у гэтым і праявіцца. Як кажа ўкраінская прыказка, “гуртом краще і бацьку біти”.

Вячаслаў Сіўчык, палітык, каардынатар беларускіх удзельнікаў “Майдана”:

"ЧАКАЙЦЕ ПАШЫРЭННЯ РУСКАЙ МОВЫ"


— Мне здаецца, што Януковіч абсалютна не памяняўся за апошнія пяць гадоў. Іншая справа, што да яго прызвычаіліся, і зараз сітуацыя ва Украіне значна горшая, чым у 2004 годзе. Натуральна, Януковіч будзе імкнуцца вярнуць тое, што было за часамі Саюза, бо людзі з Партыі рэгіёнаў, якія стаяць за ім, маюць вельмі цесныя стасункі з расійскай партыяй улады. Таму не ведаю, наколькі Януковічу ўдасца зрабіць расійскую мову другой дзяржаўнай, але ж тое, што гэтая мова ўжо ў бліжэйшы час будзе панаваць на ўсходзе і на поўдні Украіны, цалкам рэальна. Мне смешна чытаць украінскую аналітыку пра тое, што Януковіч усё роўна стане ўкраінскім прэзідэнтам, які будзе праводзіць тую ж палітыку, што і Віктар Юшчанка. Мне гэта нагадвае 1994 год, калі наша эліта таксама не прадбачыла наступстваў вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі.

Валерыя, украінская бізнэсоўка:

"ГЭТА ЗУСІМ ІНШЫ ЯНУКОВІЧ"


— Гэта ўжо не Януковіч узору 2004 года. Гэты Януковіч перамог у справядлівых выбарах. Цяпер ён, абраны прэзідэнтам, будзе ўлічваць існаванне розных сіл ва ўкраінскім грамадстве і мусіць стаць сапраўдным прэзідэнтам.

Януковіч, канечне, не самае яснае святло ў акенцы. Але прыемна, што да апошняга моманту ўсё было непрадказальна. Хацелася б ад яго аб’яднання ўсіх магчымых вектараў украінскай палітыкі, хаця ў сённяшняй Украіне прэзідэнт з’яўляецца даволі слабай фігурай. І вельмі цікава, што будзе з парламентам. Ва Украіне склалася ўласнасць, добра ці кепска, але гэта так. І ніякіх перадзелаў там быць не можа. І тое, што прэзідэнт — не самая галоўная фігура, вельмі добра гаворыць пра Украіну, у якой ужо сфарміравалася сапраўднае грамадства.

Юры Хашчавацкі, кінарэжысёр, карэнны адэсіт:

"ЯНУКОВІЧ — КАРОТКАЯ ПАЎЗА"


— Калі яны засталіся ўдваіх, Цімашэнка і Януковіч, я, паміж намі, хварэў за Януковіча. Па адной простай прычыне: Юля — гэта неверагодна ўладалюбівая жанчына. Яна сапраўды, як Жана Д’Арк, якая рвалася да ўлады неверагодным чынам. Я абсалютна ўпэўнены, што праз два тэрміны Цімашэнка зрабіла б усё, каб застацца пажыццёва. А Януковіч слабак. Калі ў яго яйкамі кідалі ў Львове, дык ён страціў прытомнасць. Гэта сведчыць аб тым, чаго можна ад яго чакаць. Каб у Юлю патрапілі яйкам, дык яна б пайшла біць морду. Таму я перакананы, што пасля заканчэння прэзідэнцкага тэрміну Януковіч, захоча ён ці не, паляціць з прэзідэнцкага крэсла, а яго месца зойме нармальны кандыдат, якія ва Украіне ёсць: Яцанюк, Цігіпка, напрыклад. Гэтыя два чалавекі набылі моц падчас першага тура. І за імі будучыня. А Януковіч — гэта кароткая паўза.

←Подделывая дизельное топливо, махинаторы похитили почти 2 млрд рублей

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика