Адной вандроўкай у двух зайцоў
Беларуска-славацкае супрацоўнiцтва ў галiне турызму цiкавае не толькi ў плане бiзнэсу, але i мiжкультурных кантактаў
Гандлёвы абарот памiж Славакiяй i Беларуссю летась склаў каля 200 млн долараў. Мы пастаўляем туды калiйныя ўгнаеннi, халадзiльнiкi, плiты, вырабы з чорных металаў, медыцынскую апаратуру, тэкстыльныя вырабы, соль i нафтапрадукты. А ўвозiм пераважна тэлевiзары, манiторы, праектары, запчасткi для аўтатэхнiкi i iншае. Узаемадзеянне досыць дынамiчнае. Мiнулым летам у Брацiславе прайшло пасяджэнне сумеснай беларуска-славацкай камiсii па гандлёва-эканамiчным i навукова-тэхнiчным супрацоўнiцтве. Падпiсаная праграма супрацоўнiцтва дзяржаў у сферы турызму. I першыя вынiкi не прымусяць сябе чакаць — турыстычны патэнцыял i iнвестыцыйныя магчымасцi абедзвюх краiн у гэтай галiне будуць прэзентаваныя ў красавiку. Мерапрыемства пройдзе ў беларускай сталiцы пры падтрымцы Славацкага агенцтва па турызме. Пасол Славакii ў Беларусi Марыян СЕРВАТКА высока ацэньвае патэнцыял супрацоўнiцтва ў гэтай сферы. Падчас сустрэчы з журналiстамi ён адзначыў, што гэта не толькi цiкавы бiзнэс, але i добрая платформа для мiжкультурных кантактаў.
Са свайго боку Славакiя заахвочвае беларусаў да вандровак. З 3800 вiзаў, выдадзеных летась славацкiм консульствам, прыкладна трацiна трапiла ў беларускiя пашпарты бясплатна. Зэканомiць на консульскiх зборах пашчасцiла пераважна студэнтам, выкладчыкам, навукоўцам, спартсменам, мастакам i iншым дзеячам сферы культуры. I цалкам верагодна, што пасля красавiцкай прэзентацыi ў палку ахвотнiкаў папесцiцца на курортах Славакii прыбудзе. Кiраўнiк дыпмiсii нагадаў пра перамовы ЕС i Беларусi па спрашчэннi вiзавага рэжыму. Славацкi бок, у прыватнасцi, высока ацэньвае вынiкi дзейнасцi Беларусi па ахове межаў, барацьбе з арганiзаванай злачыннасцю, незаконнай мiграцыяй, наркагандлем i гандлем людзьмi.
Мяркуецца завязаць кантакты на ўзроўнi нацыянальных iнвестыцыйных агенцтваў. Славацкiя прадпрыемствы, паводле слоў дыпламата, праяўляюць iнтарэс да кантактаў з Беларуссю ў галiне транспарту, сельскай гаспадаркi, будаўнiцтва i энергетыкi (у прыватнасцi, у рамках рэканструкцыi славацкiх ЦЭЦ). Ёсць таксама зацiкаўленасць у стварэннi з Беларускай чыгункай сумеснага прадпрыемства па вытворчасцi саставаў i рамонце лакаматываў i вагонаў.
Што да гуманiтарных праектаў, то славацкi бок падтрымае iнiцыятыву па стварэннi ў Беларусi банка донараў касцявога мозгу.
Усходняе партнёрства, на думку пасла, можа быць для Беларусi вельмi добрай прасторай для канструктыўнага дыялогу, абмену вопытам з краiнамi ЕС. Аднак гэта таксама i цудоўная магчымасць для Еўрасаюза атрымаць больш блiзкае i глыбокае пазнанне краiн, уключаных у iнiцыятыву.
Зоя ВАРАНЦОВА.