На АНТ нейтральны фільм пра Янку Філістовіча
На тэлеканале АНТ вечарам у пятніцу быў прадэманстраваны фільм Людмілы Клінцовай «Шпіён з‑пад Вілейкі». Гэты дакументальны фільм дэманстраваўся ў рамках праекту «Зваротны адлік» і быў прысвечаны асобе Янкі Філістовіча.
Перадача была вытрыманая ў абсалютна нейтральных колерах. Нават служба Філістовіча ў СД была растлумачаная, як непрыманне ім савецкай акупацыі, якая рэпрэсавала бацьку Янкі. Не было ні кроплі негатыву сказана пра пасляваенныя эміграцыйныя арганізацыі беларусаў у Заходняй Еўропе, а таксама пра асобу Барыса Рагулі.
У перадачы была агучаная лічба, што пасля 1950 года ў беларускіх лясах заставалася каля 10 тысяч партызанаў‑антысаветчыкаў. Таксама аўтар перадачы заявіў, што шмат дзе яны мелі падтрымку мясцовага насельніцтва, бо ў краіне працягвалася калектывізацыя, рэпрэсіі.
Звяртае ўвагу, што Філістовіча не выдаў ніводзін з 18 дапытаных па гэтай справе вяскоўцаў. Нават селянін, у якога ён схаваўся паранены, яго не выдаў. У дачыненні да Янкі ні разу не прагучала словаў кшталту «бандыт». Сама ж аперацыя па вылоўліванні дыверсанта была названая ледзьве не ўзорнай. А Філістовіча высока ацанілі як канспіратара.
Напрыканцы фільма быў агучаны той факт, што падчас вобшуку рэчаў у Філістовіча была знойдзена запіска з словамі «У горадзе в. ш. войскаў». Чэкісты доўга не змаглі расшыфраваць гэты надпіс. Потым Янка адказаў следчаму: «Вам даравальна, вы каўказец. Але няўжо ў вас няма беларусаў? В.ш. — гэта значыць «вельмі шмат».
Фільм здымаўся з выкарыстаннем архіваў КДБ. Аднак упершыню не было савецкай прапагандысцкай мантры. Такая нейтральная пазіцыя ў дачыненні да Філістовіча выглядае досыць нечаканай і новай.
* * *
Янка Філістовіч — малады беларускі эмігрант, які на заданне Рады БНР у супрацы з амерыканскай выведкай дэсантаваўся ў Беларусі дзеля збору інфармацыі і гуртавання партызанаў. Ён хаваўся ў лясах пад Вілейкай год. Пасля арышту яго расстралялі. У фільме гаварылася, што Філістовіч выклікаў у следчых МГБ павагу, але яны лічылі яго беларускім фанатыкам.