На беларуска‑літоўскай мяжы ўзнікла вялікая чарга з аўтамабіляў
26 лютага на беларуска‑літоўскай мяжы ў раёне пагранпераходу «Прывалка» ўзнікла вялікая чарга з аўтамабіляў.
Як паведаміў БелаПАН сведка, які накіроўваецца ў Беларусь з Літвы на аўтамабілі, ён чакае афармлення ўжо больш за тры гадзіны, у той час як афармленне на літоўскім баку заняло некалькі хвілін.
Каментуючы сітуацыю, начальнік прэс‑цэнтра Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Аляксандр Цішчанка выказаў меркаванне, што ўзнікненне чаргі звязана з новымі правіламі часовага ўвозу аўтамабіляў з трэціх краін на тэрыторыю Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, якія ўвайшлі ў сілу 25 лютага.
У адпаведнасці з пагадненнем паміж урадамі Беларусі і Расіі з 25 лютага мытнае афармленне транспартных сродкаў, якія зарэгістраваныя ў замежнай дзяржаве і часова ўвозяцца на мытныя тэрыторыі Рэспублікі Беларусь або РФ, павінна ажыццяўляцца на знешняй мытнай мяжы Саюзнай дзяржавы. У дакументах павінен быць устаноўлены тэрмін часовага ўвозу.
«Гэта новая працэдура для транспарту, яна магла злёгку павялічыць час мытнага афармлення», — сказаў Цішчанка. Паводле яго слоў, з боку памежнікаў афармленне праводзіцца ў звычайным рэжыме, «ніякай крытычнай сітуацыі няма».
Начальнік прэс‑цэнтра таксама заўважыў, што чарга на мяжы можа быць звязаная з традыцыйным павелічэннем патоку машын напярэдадні выхадных.