Як мы прарывалiся ў беларускi шоу-бiзнэс. Частка 2
Скандальны музычны гурт, заснаваны карэспандэнтамi "Звязды", працягвае ўзыходжанне на пакручастую гару беларускага шоу-бiзнэсу. Мы далi першыя канцэрты на Бацькаўшчыне, ўпiхнулi ўласны клiп на тэлебачанне i разнеслi кружэлкi са сваiм галоўным хiтом "Вулiца-дым" на радыёстанцыi. Працягваем друкаваць практычны дапаможнiк пра тое, як атакаваць Алiмп беларускай эстрады.
У навагоднiм нумары "Звязды" выйшаў першы артыкул з серыi "Як мы прарывалiся ў беларускi шоу-бiзнэс" (31 снежня 2009 года). Там распавядалася пра першыя крокi карэспандэнтаў "Звязды" ў беларускай музычнай iндустрыi. Мы стварылi сваю "Фабрыку зорак", куды запрасiлi добрых музыкаў i, вядома, сябе. У вынiку нарадзiўся музычны гурт HandmadE, якi ўвосень 2009 года запiсаў на студыi першыя песнi i паехаў на гастролi ў Лiтву. Аднак запрашэнняў выступiць на Бацькаўшчыне ўсё не было, што нас моцна абурала.
Затое мы мелi песню, запiсаную ў добрай якасцi, i клiп, зняты рэжысёрам Анатолем Вечарам. Гэта вiдэа цяжка параўнаць з клiпамi розных дзiмаў бiланаў i лэдзi гагаў. Зняты ён быў за мiнiмальныя грошы, зманцiраваны таксама надзвычай хутка. Але дзякуй, што ў Беларусi ёсць такiя файныя барадатыя дзядзькi, як Анатоль Вечар з тэлеканала "Лад", якi бясплатна дапамог маладому гурту.
— <І>Хлопцы, толькi правы на ваш клiп трэба выкупiць, каштуе гэта 650 тысяч беларускiх рублёў, — папярэдзiлi нас у "Белтэлерадыёкампанii". — Прынясiце квiтанцыю, i аформiм усе неабходныя дакументы.
Чалавек, адказны за афармленне, пайшоў у адпачынак, што зацягнула працэс. Але праз некалькi тыдняў пасля таго, як аплацiлi квiтанцыю, мелi на руках кружэлку з клiпам на песню "Вулiца-дым".
— Пытанне адно — як цяпер упiхнуць клiп нашым музычным тэлеканалам? — разважалi мы ўсiм гуртом.
— I там ёсць свая агентура, — супакойваў наш начальнiк гiтарыст Андрэй Маркуц. — А дзе знаёмых людзей не знойдзецца, аддамо клiп наабум.
"Гляджу тэлевiзар... Раптам мiльганула твая фiзiяномiя"
Перш-наперш кружэлка з клiпам трапiла ў беларускае бюро сусветнавядомага тэлеканала MTV.
— I што вы думаеце? Пасадзiлi ў скураны фатэль, прагледзелi клiп, спадабалася, — далажыў Андрэй Маркуц.
Ужо праз тры днi знаёмыя вiншавалi нас ў сацыяльных iнтэрнэт-сетках: "Вiншуем, бачылi па тэлебачаннi ваш клiп".
Пасля завезлi кружэлкi на тэлеканал "БелМузТв", якi таксама глядзяць па ўсёй краiне. I там нас нiхто не з'еў. Назаўтра мiлагучны жаночы голас паведамiў па тэлефоне, што клiп спадабаўся.
Яшчэ праз два днi ў зале тайскага бокса, дзе займаецца аўтар гэтага матэрыялу, таварыш Саня паведамiў прыемную навiну:
— Жэня, ездзiў на выхадных дамоў у Маларыту, сядзiм з сяброўкай перад тэлевiзарам, п'ём гарбату. Раптам мiльганула твая фiзiяномiя, — распавядаў таварыш Саня, шырока вылупiўшы вочы. — Падумаў, што, вiдаць, галаву адбiлi, мроiцца. Але не — пазней цябе зноўку паказалi — у смешным капелюшы, у палiто i з гiтарай. Я думаў, ты нармальны чалавек, а ты, аказваецца, сапраўдны музыка...
Вырашылi адвезцi песню i на менш папулярны тэлеканал, якi цяпер мае назоў "ВТВ", а раней быў "Першым музычным".
— Фi, ваш клiп нам не падышоў, — ператэлефанавалi нам назаўтра. — Так бы мовiць, недастаткова дорага зроблены.
Мы не паверылi сваiм вушам. 650 тысячаў за клiп аддалi, а iм нядорага. Гэта колькi сумленнаму чалавеку пiўных бутэлек трэба пераздаваць, каб пайсцi на такi крок.
— А ад вашых "дарагiх" клiпаў памiдоры ў цяплiцах вянуць! — толькi i адказалi мы на такое буржуйскае нахабства.
Але сякiя-такiя сувязi з тэлебачаннем мы, як разумееце, завязалi.
"Песнi на беларускай мове ў нас не круцяць"
Наступны крок нашага стратэгiчнага плана — укаранiць кампазiцыю на беларускiх радыёстанцыях. Запiсалi дзясятак дыскаў, на якiх пазначылi аўтараў тэксту i музыкi, i паехалi па радыёстанцыях. I тут мы сутыкнулiся з небывалым дагэтуль нахабствам.
— Песнi на беларускай мове у нас не круцяць, — ашаламiлi нас на адным з папсовых радыё. — Шэф хутчэй харакiры сабе зробiць, чым кампазiцыю на мове ў эфiр выпусцiць.
Мы сказалi, што жадаем, каб iх шэфам занялася Генпракуратура i паехалi далей.
—У вашай песнi ёсць кавалак з рэпам, нам такiх творчых эксперыментаў не патрэбна, — абурылi нас на радыёстанцыi Unistar.
— Калi хочаце трапiць да нас у эфiр, слухайце нешта накшталт расiйскага радыё "Еўропа плюс", запiсвайце музыку такога плана i тады ласкава запрашаем, — параiлi нам на "Альфа-радыё".
Калi чуеш такое ад дзеячаў беларускага радыё, то папросту апускаюцца рукi. Радыёстанцыi павiнны ўсiмi сiламi "раскручваць" нацыянальную музыку, але замест гэтага толькi i робяць, што ставяць палкi ў колы, пры гэтым iгнаруючы рэкамендацыi мiнiстэрстваў культуры i iнфармацыi.
Многiя музычныя рэдактары, куды мы аддавалi кампазiцыi, папросту нас праiгнаравалi. Анi тэлефанаванняў, анi прывiтанняў пасля праслухоўвання нашай музыкi.
Перакананы, што менавiта з-за такiх вось дзеячаў наша эстрада мае ўзровень, нiжэйшы за плiнтус. З такiм стаўленнем на некаторыя радыёстанцыi могуць пралезцi толькi "блатныя".
Вось чаму нашы артысты займаюць апошнiя месцы на "Еўрабачаннi" i даюць паспяховыя канцэрты хiба што ў палях.
Дзякуй Богу, такая крытычная сiтуацыя адзначаецца не паўсюль. I на нашым драматычным шляху ўсё ж такi сустрэлiся сумленныя людзi.
Дакладна ведаем, што кампазiцыю "Вулiца-дым" узялi ў плэй лiсты на радыёстанцыях "Радыюс FM", "Радыё-Мiнск", "Мiнская хваля" i "Сталiца".
"Хоць бы "Дзень перамогi" залабайце. Мой дзед да Берлiна дайшоў!"
Трэба сказаць, што да пэўнага часу гурт HandmadE ўкладаў у творчасць выключна свае грошы, музычная дзейнасць не прыносiла нi капейкi. Доўжылася гэта, пакуль знаёмы бас-гiтарыст Цiхан не прапанаваў нам выступiце ў "мажорнай" мiнскай рэстарацыi.
— Якая будзе капуста? — пацiкавiлiся мы ў Цiхана.
— Яны плацяць 30 баксаў на чалавека, — адказаў басiст.
Спачатку мы пахныкалi, маўляў, чаму так мала? А калi навялi даведкi, аказалася, што гэта стандартная такса для беларускiх кавер-гуртоў, якiя выконваюць у шынках не сваю ўласную музыку, а вядомыя сусветныя хiты ва ўласным выкананнi.
— Кiраўнiцтвам рэстарацый трэба, каб людзi танчылi пад вядомую музыку, а значыцца залiвалi лейку i замаўлялi як мага больш ежы, — распавядаў знаёмы бубнач аднаго з мiнскiх кавер-гуртоў. — Канцэптуальная музыка ў беларускiх кавярнях не вiтаецца. Пад яе звычайна мала ядуць i п'юць. А наконт 30 баксаў, дык гэта нармальная стаўка для мiнскага музыкi за выступленне.
На выступленне мы пагадзiлiся, трэба з нечага пачынаць. У рэстарацыi папярэдзiлi, што будзем iграць выключна сваю музыку.
— Хоць бы "Дзень перамогi" залабайце. Мой дзед да Берлiна дайшоў! — гарлапанiў клiент рэстарацыi, пакуль сябры не вынеслi яго, амаль нерухомага, у таксоўку.
Iнцыдэнт быў вычарпаны, i аказалася, што неабавязкова быць "лабухам", каб спадабацца публiцы ў рэстаране.
I наша музыка, якую ўсе наведвальнiкi, натуральна, чулi ўпершыню, прымусiла людзей прыцiхнуць i адарвацца ад салатаў, мяса i выпiўкi.
— Хочам ад вас дачку! — жартавалi (а мо i намякалi) маладыя дамы, што пацягвалi вiно за барнай стойкай.
Так у нас з'явiлiся першыя прыхiльнiцы, якiя наведвалi ўсе без выключэння канцэрты. А выступленнi працягвалiся: два з iх прайшлi ў мiнскiх клубах, адно — у канцэртнай зале "Мiнск" на юбiлеi Лiцэя БДУ.
Першыя карпаратывы
А ў хуткiм часе нас пачалi запрашаць на карпаратывы. Адпаведна ганарары таксама пачалi расцi.
Так аднаго разу бiзнэсовец Аляксандр, наведвальнiк тае самае першае рэстарацыi, дзе ад нас хацелi дзяцей, запрасiў пайграць на вяселлi яго сяброў.
— Дзякуй, што вы прыехалi, хацелi спачатку паклiкаць "Ляпiсаў" цi "J:Морсаў", а яны як зарадзiлi ганарар!.. I пры гэтым кажуць: "Не больш за 40 хвiлiн", — так нас сустракаў Аляксандр у фае рэстарацыi. — Таму дзякуй, што прыехалi. Маю толькi адну просьбу: жанiх — Антон, а нявеста — Юля...
За выступленне атрымалi па 150 тысяч рублёў на нос. Гэта было першае вяселле ў маiм жыццi, калi госцi адплясвалi выключна пад беларускамоўныя песнi.
Наш другi карпаратыў прайшоў у сталоўцы ля сталiчнага трактарнага завода. Сваё 50-годдзе адзначала адна паважаная дама. Калi мы падышлi да ўвахода з шыльдачкай "Праходзiць у сталоўку ў брудным адзеннi i спецвопратцы ЗАБАРОНЕНА", там ва ўсю грымелi "Ружовыя ружы Светкi Сакаловай". Як пасля такiх хiтоў разварушыць спакушаную савецкай музыкай рэтрааўдыторыю?
Надзiва i тут наша ў многiм лiрычная праграма людзям спадабалася. А калi песнi пайшлi весялейшыя i на танцпляцоўку выскачыў тамада з бразготкай, у пляс не пусцiлiся хiба толькi бабулькi з кiйкамi... Зноў жа зарабiлi па 150 тысяч у кiшэню.
Такiм чынам, канцэртная дзейнасць у нас пацiху-памалу наладжваецца, творчыя iдэi вiруюць у нашых музычных галовах.
Наш клiп паказваюць па тэлебачаннi, песнi хоць i не шырока, але гучаць па радыё. I нават на карпаратывы запрашаюць, як тую Прымадонну.
Аднак сапраўднага шоу-бiзнэсу пакуль не атрымоўваецца. Не хапае грошай нават на студыйныя запiсы (адна песня — 350—400 долараў). Таму наш наступны крок — запiс альбома сваiмi сiламi. У знаёмай радыёжурналiсткi пазычылi добры дыктафон.
— Хлопцы, пасядзiм, пакорпаемся, можа, што i запiшацца, — складалi мы днямi ўласны антыкрызiсны план. — Выкладзем песнi ў iнтэрнэт. А там, глядзi, i Мадонна якая-небудзь на нашу творчасць клюне...
Яўген ВАЛОШЫН.
(Працяг будзе.)