3+2, або Першы+АНТ
Ведай сваiх
Вызначыўся прадстаўнiк Беларусi на "Еўрабачаннi"Дакладней, на абодвух — музычным i песенным
З 34 маладых выканаўцаў, дапушчаных да праслухоўвання, прафесiйнае журы на чале з дырыжорам Нацыянальнага акадэмiчнага народнага аркестра Беларусi iмя І. Жыновiча, народным артыстам Беларусi Мiхаiлам Казiнцом вылучыла ў фiнал 9 чалавек. Сярод усiх, безумоўна, таленавiтых i перспектыўных, пасля праслухоўвання двух класiчных твораў у выкананнi кожнага журы ўсё ж абрала толькi аднаго — пераможцу, якому выпаў гонар выступiць нашу краiну на мiжнародным конкурсе ў Вене.
Гэтым шчаслiўцам, як паведамiла прэс-служба Белтэлерадыёкампанii ўчора, стаў вiяланчэлiст Iван Карызна (мiж iншым, унук вядомага паэта-песеннiка Уладзiмiра Карызны, аўтара не толькi шматлiкiх лiрычных песень, але таксама тэксту Дзяржаўнага гiмна Рэспублiкi Беларусь). Зрэшты, маладому музыканту ёсць чым ганарыцца, i акрамя радаслоўнай: у свае 18 гадоў Iван — вучань Уладзiмiра Перлiна, выпускнiк Рэспублiканскага музычнага каледжа пры акадэмii музыкi, цяпер студэнт Парыжскай кансерваторыi, стыпендыят Мiжнароднага дабрачыннага фонду Спiвакова i стыпендыят Спецыяльнага фонду Прэзiдэнта РБ, а таксама лаўрэат 7 мiжнародных конкурсаў, якi выступаў у якасцi салiста з аркестрамi "Вiртуозы Масквы" i "Musica Viva", пабываў з гастролямi ў Бельгii i Галандыi, ЗША i Бахрэйне...
Дарэчы, у конкурсе маладых выканаўцаў класiчнай музыкi "Еўрабачанне" наша краiна сёлета бярэ ўдзел упершыню. Цi паспяхова — даведаемся ў перыяд з 7 па 14 мая, калi ў Аўстрыi адбудзецца мiжнароднае творчае спаборнiцтва Eurovision Young Musicians 2010 (яго, дарэчы, пакажа беларускае тэлебачанне). А ўжо з 3 сакавiка на Першым канале пачнуць выходзiць дзённiкi нацыянальнага адбору на конкурс маладых музыкантаў "Еўрабачанне".
3+2, або Першы+АНТ
Учора ж вырашылася iнтрыга i з "пасланнiкам" нашай краiны на песеннае "Еўрабачанне-2010", што адбудзецца ў маi ў Нарвегii. Паводле рашэння фокус-групы, у якую ўвайшлi прадстаўнiкi вядучых беларускiх тэлеканалаў, за Беларусь на гэтым конкурсе выступiць гурт "Тры плюс два" з песняй "Far away". Рэзервовым выканаўцам, што называецца, на ўсякi пажарны выпадак, названы выхадзец з Мурманска, спявак ALEKS з песняй "How can it be?". Дарэчы, усяго на адрас Белтэлерадыёкампанii паступiла 41 заяўка, прычым не толькi з Беларусi, але таксама з Польшчы, Расii, Чэхii, Iсландыi, Iрландыi, Iспанii i Аўстралii.
Што адметна, у кулуарах малады гурт "3+2" называлi адным з фаварытаў сёлетняга адбору задоўга да таго, як было агучана афiцыйнае рашэнне. Хоць яшчэ лiтаральна пару тыдняў таму гэты калектыў быў практычна нiкому не вядомы — утварыўся ён стыхiйна, з удзельнiкаў праекта тэлеканала АНТ "Новыя галасы Беларусi", якiя цяпер выступаюць у чарговым музычным праекце, "Музычны суд", у якасцi выканаўцаў. Першы складнiк — гэта тры дзяўчыны: Юлiя Шышко i сёстры-блiзняты Алена i Нiнэль Карповiч, пад часткай "два" хаваюцца Арцём Мiхаленка i Егiазар Фарашан. Песня "Far away" Леанiда Шырына i Юрыя Вашчука таксама ўпершыню прагучала менавiта на "Музычным судзе".
Такiм чынам, тэлеканалы ўсё ж "аб'ядналiся" пэўным чынам у падрыхтоўцы да "Еўрабачання", хоць афiцыйным прадстаўнiком Беларусi ў Еўрапейскiм вяшчальным саюзе па-ранейшаму з'яўляецца толькi Белтэлерадыёкампанiя. Менавiта яна i будзе трансляваць сёлетнi конкурс — нагадаем, паўфiналы яго адбудуцца 25 i 27 мая (беларусы выступяць у першым), фiнал — 29 мая.
Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.