Някляеў прэзентаваў грамадзянскую кампанію «Гавары праўду»
25 лютага быў дадзены старт грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду». Яе заснавальнікамі выступілі пісьменнікі Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін, грамадскія дзеячы Зінаіда Бандарэнка і Генадзь Грушавы, шахматыст Віктар Купрэйчык, акадэмік Радзім Гарэцкі, экс-кіраўнік БХК Таццяна Процька, старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна. Лідэрам абраны пісьменнік Уладзімір Някляеў.
Прэзентацыя ГК прайшла ў мінскім гатэлі «Краун Плаца».
Уладзімір Някляеў у сваім выступе неаднаразова падкрэсліваў, што гэта не палітычная кампанія, а культурная і грамадская ініцыятыва.
«Я неаднойчы спрабаваў стварыць такую кампанію», ‑‑ сказаў пісьменнік.
Някляеў згадаў у сваім выступе няўдалыя спробы Казуліна стварыць «Беларускі дом», а таксама ягоныя ўласныя — фонд «Разам».
Някляеў зазначыў, што ніводная палітычная партыя ці грамадская арганізацыя не ўвайшлі ў грамадзянскую кампанію «Гавары праўду» мэта якой «даносіць праўду да народа».
На пытанне, ці збіраецца Уладзімір Някляеў удзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах, знакаміты пісьменнік адзначыў, што да яго неаднаразова звярталіся «нябедныя людзі», але ён адмовіў.
Тым не менш гэтыя «нябедныя людзі» згадзіліся спансіраваць новую грамадзянскую кампанію, — сказаў ён.
На пытанне: «Што гэта за нябедныя людзі», Някляеў сказаў, што пераважна яны жывуць за межамі краіны, а менавіта ў Расіі.