МІНСК, НА ЯКIМ НЯМА ЗВЫЧАЙНАГА МIНСКА

Источник материала:  

Першы экзэмпляр унiкальных паштовак пра "нечаканую" сталiцу Беларусi трапiў у рэдакцыю "Звязды"

Што трэба ведаць, каб зразумець чалавека? Недастаткова карыстацца толькi адной агульнай "знешняй" iнфармацыяй кшталту колеру валасоў, скуры, росту — трэба адчуць ягоную душу. А гэта, безумоўна, i яго звычкi, i любiмыя словы — карацей, усе тыя дробязi, што складаюць асобу чалавека... Так i горад: каб яго зразумець, трэба ў лiтаральным сэнсе параднiцца з iм, шмат шпацыруючы па адных i тых жа месцах, падмячаючы для сябе нейкiя асаблiвасцi такога, здавалася б, даўно знаёмага места.

МІНСК, НА ЯКIМ НЯМА ЗВЫЧАЙНАГА МIНСКАI адзiнаццаць унiкальных паштовак пра Мiнск, якiя сёння выйшлi з друку, служаць менавiта гэтай задачы — даць магчымасць паглядзець на горад з зусiм iншага ракурсу. Бо, вядома, шматлiкiя турысты, альбо проста госцi сталiцы не маюць магчымасцi доўга шпацыраваць па Мiнску, спасцiгаючы ягоную сутнасць, а таму шмат хто так i не разумее яго, абзываючы то звычайнай "савеччынай", то "чысценькай бяднотай"... Аўтар жа, са свайго боку, прапаноўвае паглядзець вачыма карэннага мiнчука-фатографа, прэзентуючы менавiта тыя дробязi, якiя за 3 гады плённай працы ўдалося пакiнуць на стужцы старога Zenit'у. Кажуць, дарэчы, што стужкавыя фотаапараты лепш перадаюць дух таго, што прыпадае разам са светам на фотастужку: час там нiбыта замаруджваецца — нешта падобнае мы назiраем i на мiнскiх паштоўках, дзе крумкачы нiбы павiслi ў паветры, а снег застыў над галавой "дзяўчыны з парасончыкам"...

Мiж iншым, так! Гэта менавiта зiмовыя фотакарткi з усёй шматлiкасцю беларускай зiмы: у адным годзе снегу амаль не бывае, а ў iншым (як у сёлетнiм) з яго можна сапраўдныя снежныя замкi майстраваць. Дакладна з прычыны зiмовасцi сюжэтаў паштоўкi i выкананыя ў бела-сiнiм каляровым спектры. У дадатак фотаздымкi суправаджаюцца беларускiм i англiйскiм тэкстамi, што дапамагае лепш пранiкнуцца фiласофiяй сталiцы.

А як вам прапанова аўтара ўсiм ахвотным самастойна дадумаць дванаццатую цiкавостку горада, уяўляючы сябе на месцы шукальнiка дробязяў Мiнска? Менавiта ад таго традыцыйная колькасць турыстычных фотакартак у дванаццаць паштовак была замененая на 11 асобнiкаў з пакiнутым белым квадратам пад нашу задуму...

I даслаць разам з iншымi фотапаштоўкамi сваiм каханым, сябрам цi знаёмым па пошце, карыстаючыся месцамi для марак ды вольнай прасторай на самой паштоўцы. Дакладна гэтым аўтар прапаноўвае адрадзiць старую беларускую традыцыю дасылаць адно аднаму паштоўкi з-за мяжы, з iншых гарадоў з нагоды i без яе, бо як кранальна пабачыць праз сто гадоў пажоўклы кавалачак кардона з выявай жыцця мiнулага стагоддзя з аўтографам: "Сяджу ля Свiслачы, цягнiк толькi праз тры гадзiны — думаю пра Вас"!..

Дакладней даведацца пра Мiнск, на якiм няма звычайнага Мiнска, а таксама пра далейшыя планы аўтара па стварэннi чатырох сезонных серый паштовак нечаканай сталiцы можна, завiтаўшы ў iнтэрнэце на старонку: kubl.livejournal.com

P.S. Сёння "Адзiнаццаць мiнскiх паштовак" ужо можна знайсцi ў некаторых галерэях. Сярод iх мiнскiя "Галерэя "Ў", "Славутыя майстры", "Падземка" — падрабязней чытайце на сайце аўтара.

Мiкола ТАМАШЭВIЧ.

←Есть вопрос

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика