РОЗГАЛАС
Традыцыйна першымi ў пункты правядзення ЦТ (14 чэрвеня) прыйдуць абiтурыенты, якiя плануюць здаваць тэст-экзамен па беларускай мове. На наступны дзень (15 чэрвеня) запланавана правядзенне цэнтралiзаванага тэсцiравання па рускай мове. Гiсторыю Беларусi абiтурыенты будуць здаваць 17 чэрвеня, геаграфiю — 18 чэрвеня, матэматыку — 20 чэрвеня, грамадазнаўства — 22 чэрвеня, Сусветную гiсторыю найноўшага часу — 24 чэрвеня, фiзiку — 25 чэрвеня, бiялогiю — 27 чэрвеня, замежныя мовы — 29 чэрвеня i хiмiю — 30 чэрвеня. Для абiтурыентаў, якiя не змогуць узяць удзел у ЦТ у асноўны дзень па ўважлiвай прычыне, прадугледжаны рэзервовы дзень — 5 лiпеня. Але здаць у рэзервовы дзень можна будзе толькi адну вучэбную дысцыплiну. Пачатак тэставых iспытаў застаўся ранейшы — 11 гадзiн ранiцы.
Надзея НІКАЛАЕВА.
Гранаты ў музеяхЯшчэ летась у музеi баявой славы брэсцкай сярэдняй школы № 16 быў заўважаны асаблiвы экспанат — баявая граната, якую ў часы вайны называлi "лiмонка".
Усё б нiчога, але граната часоў Другой сусветнай вайны была ў поўнай спраўнасцi i баявой гатоўнасцi! Тады гэты iнцыдэнт разглядалi як надзвычайнае здарэнне. I на ўсялякi выпадак раённым аддзелам мiлiцыi i КДБ паступiла дырэктыва праверыць мясцовыя школьныя музеi. Падобных экспанатаў знайшлося нямала. На музейнай палiцы сярэдняй школы вёскi Псышчава Iванаўскага раёна ляжала дакладна такая ж граната, у Параслянскай школе Пружанскага раёна знайшлася мiнамётная мiна, у адным са школьных музеяў Пiнска захоўваўся гранатамёт. Ну а баявых патронаў знайшлi ў школах i сярэднiх навучальных установах процьму.
Як сказаў карэспандэнту "Звязды" намеснiк начальнiка ўпраўлення аховы правапарадку i прафiлактыкi Брэсцкага абласнога УУС Генадзь Вайтовiч, небяспечныя экспанаты са школьных куткоў баявой славы пазабiралi, а педагогам рэкамендавалi праводзiць выхаваўча-патрыятычную работу з дапамогай любых экспанатаў часоў вайны, акрамя баявой зброi i боепрыпасаў.
Яна СВЕТАВА.
Адпомсцiў праз iнтэрнэт37-гадовы мiнчанiн размясцiў у "павуцiне" несапраўдную iнфармацыю пра жанчыну, якая адмовiлася ад сустрэчы з iм.
Як паведамiў карэспандэнту "Звязды" прэс-афiцэр Кастрычнiцкага РУУС Сяргей Чабатароў, па дапамогу да праваахоўнiкаў прыйшла 27-гадовая жанчына, чый гонар абразiў невядомы, якi выклаў на сайт для знаёмстваў, што выкарыстоўваецца для iнтымных знаёмстваў за грошы з дзяўчатамi лёгкiх паводзiнаў, кантактны тэлефон пацярпелай. Нягоднiк таксама праiлюстраваў старонку фотаздымкам iншай жанчыны ў голым выглядзе. Зразумела ж, знайшлiся "заклапочаныя", якiя пачалi турбаваць жанчыну, якая, мiж iншым, замужам i знаходзiцца ў водпуску па даглядзе дзiцяцi, i прапаноўваць недвухсэнсоўнае знаёмства. У Кастрычнiцкiм РАУС, куды звярнулася пацярпелая, завялi крымiнальную справу па частцы 2 артыкула 188 КК — "паклёп". Як выявiлася падчас расследавання, несапраўдныя звесткi ў iнтэрнэце размясцiў 37-гадовы мiнчанiн, з якiм заяўнiца мела стасункi праз сетку. У ходзе перапiскi незнаёмка настолькi зацiкавiла зламыснiка, што ён прызначыў ёй сустрэчу, на якую, аднак, тая не адгукнулася. Тады пакрыўджаны мужчына напiсаў ёй, што "за такiя жарты цябе хто-небудзь правучыць i будзеш плакаць". Толькi апошняе, па ўсiм бачна, наканавана было менавiта яму: падобныя "жарты" караюцца не жартоўна — да 6 месяцаў арышту. Разам з тым, у ходзе разбору пацярпелая i яе крыўдзiцель знайшлi кампрамiс: мужчына кампенсаваў маральную шкоду, а жанчына пагадзiлася забраць заяву. Крымiнальная справа па прымiрэннi бакоў закрытая.
Iгар ГРЫШЫН.