Вайна была Вялікая. Для пісьменнікаў-ветэранаў падзеі 1941—1945 гадоў — не гісторыя, а жывая памяць
Напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны ў Доме літаратара сабраліся пісьменнікі — ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і вайны ў Афганістане. Саюз пісьменнікаў падарыў літаратарам новыя выданні іх кніг. Карэспандэнт “НГ” наведала вечарыну майстроў пяра і ў размовах з літаратарамі пераканалася, што для іх вайна — не гісторыя, а жывая памяць.Мікалай Чаргінец, старшыня Саюза пісьменнікаў, падкрэсліў, што творчы “прафсаюз” заўсёды падтрымліваў ветэранаў і чарговая сустрэча былых франтавікоў і партызан — не дзяжурнае мерапрыемства, а праяўленне салідарнасці — грамадзянскай і чалавечай. Прыйшлі на вечарыну не толькі самі пісьменнікі, але і іх сваякі, жонкі, дзеці. Атрымалася сямейнае свята. Пісьменнікі згадвалі гады маладосці, якія прыпалі на Вялікую Айчынную вайну. Успаміны гэтыя — як кадры кінахронікі: яркія, праўдзівыя і шчымлівыя.Поўныя гісторыі ваеннага мінулага пісьменнікаў чытайце ў чарговых тамах кніжнага праекта Саюза пісьменнікаў, які рэалізуецца з мінулага года. К 9 Мая выйдуць кнігі ўсіх сучасных літаратараў — ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны.