“Дыктоўка будзе столькі, колькі будуць жыць беларусы”
Удзельнікі пісалі тэкст прадмовы Ўладзіміра Караткевіча да кнігі «Памяць зямлі беларускай».
Сёлета дыктоўка праходзіць у тры этапы: 21 лютага – першы, 15 сакавіка – у дзень прыняцьця першай Канстытуцыі, паводле якой беларуская мова стала адзінай дзяржаўнай, – другі і 25 сакавіка – з нагоды ўгодкаў ўтварэньня БНР – трэці.
Як ведаюць сваю родную мову, у нядзелю правяралі жыхары Ліды, Магілёва, Слуцку ды іншых гарадоў. А ў Менску на агульнанацыянальную дыктоўку сабралася блізу ста чалавек.
Старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў:
“Спэцыфіка гэтага года ў тым, што ўступае ў сілу новы правапіс. Таму мы дыктоўку ў гэтым годзе спалучылі з прэзэнтацыямі беларускамоўных выданьняў, асабліва слоўнікаў. Упершыню стаіць пытаньне, каб яе зрабіць інтэрактыўнай. Калі чалавек прыйшоў пісаць дыктоўку, гэта сьведчыць пра яго патрыятызм, што ён сваю мову не толькі паважае, але і практычна ёй карыстаецца. Калі чалавек піша дыктоўку, ён адчувае сябе актыўным носьбітам гэтай мовы, а заадно і мову праверыць, наколькі ён яе ведае. Таму пішуць і дыпляматы, і журналісты, і пісьменьнікі”.
21 лютага дыктоўку таксама напісалі кіраўнікі дыпляматычных місіяў Украіны і Швэцыі Ігар Ліхавы і Стэфан Эрыксан.