Прыбіральшчыца як лад жыцця
У родным двары гэту “пасаду” Маіна Дземянчук займае добраахвотна
Актыўнасць бывае розная. Адны дабіваюцца жаданага выніку, ходзячы з просьбамі па розных інстанцыях. Другія пастаянна скардзяцца, хоць ад гэтага нічога не мяняецца. А ёсць і такія, хто сваю неабыякавасць пацвярджае канкрэтнай справай, прычым зусім непрыкметна. Без самалюбавання.
Менавіта з такой катэгорыі і Маіна Дземянчук. Хаця тое, што яна робіць з дня ў дзень, з году ў год, вельмі прымектна для тых, хто жыве з ёй у адным доме ці разам працаваў і даўно ведае гэту сціплую жанчыну.
Трыццаць гадоў адпрацавала Маіна Сямёнаўна ў сістэме грамадскага харчавання. Прычым не пончыкі ды піражкі пякла, а прыбірала. Рэстаран, дзе ў тыя часы шмат народу было не толькі на святы, а і ў будні хадзілі на абед. Дваровую тэрыторыю з абодвух бакоў будынка. Тады, дарэчы, яшчэ раслі там старыя таполі, якія “надзялялі” лісцем на ўсю восень, з чым упарта змагаліся працавітыя рукі Сямёнаўны. Парадак яна ўмела трымаць. Улічваючы тое, што дом і работа былі побач, яна і бальнічны з трыма малымі дзецьмі старалася не браць. Пятнаццаць начальнікаў змянілася, а прыбіральшчыца заставалася на сваім месцы. І няхай толькі хто скажа, што работа яе “чорная”, з любым спрачалася. Неабходная -- іншая справа.
Сем гадоў Маіна Дземянчук ужо на пенсіі. І ўвесь гэты час на добраахвотных асновах (!) прыбірае тэрыторыю шматкватэрнага дома № 12 па вуліцы Савецкай, дзе жыве. Паабапал лавак ля свайго пад'езда пастаянна высаджвае кветі і даглядае клумбы. “Раскідвае” і далей па двары маргарыткі, клапатліва абкладваючы іх каменьчыкамі. Вясной беліць дрэвы і бардзюры. Восенню зграбае і вымятае лісце. Пастаянны парадак каля кантэйнераў для смецця -- таксама справа яе працавітых рук.
-- Няўжо пра ўсё гэта вы думаеце пісаць у газету? -- шчыра здзівілася Маіна Сямёнаўна. -- Не варта. Проста я парадак люблю, таму і прыбіраю. Не магу прайсці міма, калі смецце валяецца -- вазьму ды і замяту. З дзяцінства прывучана! Некалі ў нас дома заўжды парадак быў, за гэтым строга сачыў тата. Сам дровы нават “пад мерачку” складваў, ніводнай трэскі не пакідаючы ў двары.
Бацькоўскую сядзібу ў вёсцы Зенькавічы і цяпер трымае ў парадку Маіна Сямёнаўна. З вясны да восені прападае там на агародзе, у лесе.
-- Устаю я заўсёды раненька, -- кажа яна. -- Выйду ў свой двор, пазбіраю смецце, калі трэба, падмяту, агледжу клумбы, пасля нагатую ежы на цэлы дзень і, пакуль узнімецца сонца, еду ў родную вёску.
Заўжды побач з гаспадыняй сабачка. Два каты чакаюць яе ў кватэры, а тры “дзяжураць” каля пад'езда. Усе дагледжаныя, і кожны сваім жыццём абавязаны гэтай жанчыне, якая ў свой час не прайшла міма іх бяздомнага “мяўкання”.
Майстрыха Маіна Сямёнаўна гатаваць баршчы і падлівы, выпякаць пірагі: “Прыглядалася, як дзяўчаты ў рэстаране гатавалі, вось і навучылася”.
А яшчэ навучылася працавітасці, жыць па простых жыццёвых запаведзях, не разлічваючы на чыюсьці ўдзячнасць ці заахвочванне. Чаго і іншым жадае.
Святлана МІХАЙЛОЎСКАЯ.
Уздзенскі раён.
Фота Віктара САБАЛЕЎСКАГА.
Дарэчы…
Раіса ЧАРНЯК, вядучы спецыяліст аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі Уздзенскага райвыканкама:
Гэтыя дамы на вуліцы Савецкай -- першыя шматпавярхоўкі, якія з'явіліся ў райцэнтры яшчэ ў 70-х. Забудова старая, і жывуць тут людзі колішняй, савецкай закалкі. Разважаюць так: двор мой, таму менавіта я, а не хто іншы павінен падтрымліваць парадак. Калі ўвесну і ўвосень камгас прысылае для гэтага транспарт, выходзяць з большай ахвотай, чым маладыя. Нікога не трэба ўпрошваць і тым больш прымушаць. Заўсёды і ва ўсім можна абаперціся на Уладзіміра Пятровіча Бурака з 10-га дома, на Дануту Баляславаўну Башкову з 16-га...
А Маіна Сяргееўна ўвогуле чалавек унікальны. Рэстаран, дзе яна працавала, знаходзіцца недалёка ад райвыканкама. Ідзеш раніцай на работу -- прыбірае, вяртаешся ўвечары дадому -- завіхаецца. Нядзіўна, што і цяпер, на пенсіі, ёй не сядзіцца без справы. Моладзі, безумоўна, ёсць чаму ў яе павучыцца.