Будзем разам, землякі!

Источник материала:  
Будзем разам, землякі!Лісты ў рэдакцыю — тая зваротная сувязь, якая звязвае штотыднёвік “Голас Радзімы” і чытачоў. Калі ў кагосьці ўзнікае жаданне звярнуцца, напісаць у газету, значыць, усталяваліся даверлівыя адносіны, як у блізкіх і сяброў. У лістах, што мы атрымоўваем, цікава адчуць змястоўнае жыццё нашых суайчыннікаў, якое яны ладзяць у розных кутках свету. Але іх па-ранейшаму вабіць радзіма, і яны не хаваюць сваіх пачуццяў. Як гэта робіць Святлана Мярзлова са Львова.
Прывітанне з Львова! У мяне ёсць добрая нагода расказаць пра нас, беларусаў Заходняй Украіны: нядаўна суполка наша адсвяткавала 10-я ўгодкі.
Цяпер на тэрыторыі Львоўскай вобласці жыве досыць многа, больш за 10 тысяч нашых суайчыннікаў, яны ў асноўным людзі паважаныя, прызнаныя ў грамадстве. Падлічана: больш за 80 працэнтаў беларусаў Львоўшчыны маюць вышэйшую адукацыю. Актывам суполкі можна ганарыцца: поруч са мной працуюць і акадэмік, і член-карэспандэнт Акадэміі навук, а таксама 16 кандыдатаў навук. Стараста беларускай суполкі, створанай у Львоўскай вобласці, — генерал-маёр у адстаўцы Сяргей Уладзіміравіч Кулікоў, чалавек усімі паважаны, дзелавы, ініцыятыўны. А ў спісах актыву яшчэ 68 афіцэраў, ёсць настаўнікі, урачы, інжынеры, юрысты, артысты, журналісты... У кіраўніцтва суполкі ўваходзіць і Архіепіскап Львоўскі і Галіцкі Аўгусцін — ён родам з вёскі Глушкавічы Лельчыцкага раёна.
На ўрачысты сход, які праходзіў у Доме Арганнай і Камернай Музыкі горада Львова, сабралася больш за 200 актывістаў нашай суполкі і гасцей. Ад імя пасольства Беларусі ва Украіне нас вітаў саветнік па консульскіх пытаннях Юрый Слука, ад абласной адміністрацыі — прадстаўнік дзяржкамітэта Украіны па справах ветэранаў Алег Сасенка. Былі прадстаўнікі і ад іншых нацыянальных суполак, арганізацый.
Сама я ў Львове ўжо больш за 20 гадоў. На этнічнай радзіме бываю часта, бо на Гомельшчыне, у Хойніках, жыве мама, Любоў Іосіфаўна Чарняк. І я там нарадзілася, закончыла школу. Вучылася ў Магілёўскім тэхналагічным інстытуце, працавала інжынерам-тэхнолагам у Мінску, потым выйшла замуж за афіцэра. За ім паехала, яшчэ да распаду СССР, спачатку у Чэхію, а потым ва Украіну. Удалечыні ад радзімы так хочацца часам пачуць родныя песні, сустрэцца з землякамі — таму і збіраемся мы разам. Дарэчы, ёсць у Львове і Ганаровае Консульства Беларусі, яго ўзначальвае Ігар Драцяк.
З 2004 года ў Львове працуе Беларускі адукацыйна-культурны цэнтр. Важная яго частка —беларуская нядзельная школа, дзе ўсе, хто пажадае, могуць вывучаць беларускую мову і літаратуру, гісторыю Беларусі, культуру нашага народа. У Цэнтры ёсць секцыя мастацкага выхавання, створаны хор беларускай песні “Белая Русь” і маладзёжны хор “Купалінка”, дае прадстаўленні камерны тэатр “Яшчэ не вечар”. Між іншым, нашы артысты выступаюць з канцэртамі не толькі ва Украіне: былі на фэстах у Кобрыне, Ганцавічах і іншых гарадах Беларусі. І нашы дзеці маюць магчымасць ездзіць на адпачынак у Беларусь. Кантакты з Радзімай пашырыліся, калі кіраўніцтва суполкі падпісала дамовы аб супрацоўніцтве з адміністрацыямі беларускіх гарадоў Ліды, Дзяржынска.
З цеплынёй згадваю, як летась наша дэлегацыя гасцявала ў Ганцавічах — там святкавалі Дзень Незалежнасці. Нам былі вельмі рады, мы адчувалі зычлівасць, увагу землякоў. Раённы горад, як і ўся Беларусь, пакінулі добрае ўражанне: вакол чысціня, парадак, людзі з аптымізмам глядзяць у заўтрашні дзень. Летась і ўладыка Аўгусцін пабываў у чарговы раз на радзіме, удзельнічаў у святочным набажэнстве на трэці дзень Сёмухі.
Беларуская суполка у Львове — вельмі актыўная! Праводзім розныя святы, ушаноўваем нашых ветэранаў, найперш на Дзень перамогі, Дзень незалежнасці Беларусі. Калі гэта дзяржаўныя святы, то праходзяць яны афіцыйна, з выкананнем гімнаў Украіны і Беларусі, запрашаюцца прадстаўнікі мясцовай улады. Пра жыццё ў Беларусі, справы суполкі інфармуе наша газета “Весткі з Беларусі”, якая выдаецца за сродкі спонсараў, мясцовага бюджэту і распаўсюджваецца бясплатна. Дарэчы, на кінастудыі “Беларусьфільм” створаны чатыры кінафільмы аб працы і адметных асобах нашай суполкі. Мы сябруем з супрацоўнікамі мінскага Музея Якуба Коласа і членамі сям’і гэтага вялікага паэта, з Віцебскім тэатрам імя Якуба Коласа. Летась ладзілі вялікае фальклорнае свята “Гістарычная спадчына майго народа”.
Жывучы поруч з украінцамі, мы, беларусы, адчуваем: яны адносяцца да нас па-брацку. І мы гатовы паспрыяць дружбе, умацаванню рознабаковых кантактаў паміж нашымі народамі. У тым ліку і гандлёва-эканамічных. У прыватнасці, цяпер рыхтуемся падпісаць дамову аб супрацоўніцтве паміж беларускай суполкай Львоўскай вобласці і Мазырскім райвыканкамам. Маем намер умацоўваць сувязі Украіны з нашай этнічнай радзімай у галіне эканомікі, культуры, адукацыі, турызму.
Дарэчы, пры беларускай суполцы Львоўскай вобласці створаны Цэнтр па культуры і турызме, які я цяпер узначальваю. Вельмі жадаем, каб як мага больш землякоў з усіх мясцін Беларусі, ды і з замежжа прыязджалі да нас у Львоў, у госці. Прыязджайце, далучыцеся да адметнай культуры Заходняй Украіны, паглядзіце выдатныя помнікі архітэктуры і мастацтва, замкі Львоўшчыны, пабывайце у нашых незабыўных Карпатах. А мы па-зямляцку дапаможам арганізаваць экскурсію па Львове: у найлепшых ракурсах убачыце наш прыгожы горад. У нашай суполцы, між іншым, папулярны такі верш: “Няхай гады мінаюць шпарка,/ Ды на вякі і назаўжды/ У хаце будзе хлеб і чарка/ І разам будуць землякі!” Упэўнена: такія сустрэчы будуць усім на карысць. І дзеля гэтага мы гатовы да шырокага супрацоўніцтва як з беларускай дыяспарай за мяжой, так і з грамадскімі арганізацыямі, турфірмамі, дзяржаўнымі структурамі Беларусі.
Адрас нашай электроннай пошты такі: kostyamerzlov@rambler.ru Пішыце, прыязджайце!

Святлана Мярзлова,
намеснік старшыні Львоўскай беларускай суполкі
па культуры і турызме


←Комар носа не подточит?

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика