Арцём Дубскі — у штрафным ізалятары
Арцём Дубскі знаходзіцца ў штрафным ізалятары. Маці палітвязня Алена Дубская даведалася пра гэта сёння, калі прыехала ў магілёўскую папраўчую калонію агульнага рэжыму на спатканне з сынам.
Супрацоўнікі калоніі адмовіліся прыняць ад яе перадачу, патлумачыўшы, што Арцём Дубскі ад 10 лютага на 15 сутак пераведзены ў штрафны ізалятар.
Алена Дубская даведалася, што Арцёма абвінавацілі ў тым, што аднойчы ён няветліва павітаўся з кімсьці з супрацоўнікаў калоніі, а таксама пачаў збор подпісаў сукамернікаў пад патрабаваннем палепшыць умовы ўтрымання ў калоніі.
Цягам 15 сутак Арцём Дубскі ў адзіночнай камеры будзе пазбаўлены шпацыру, магчымасці атрымліваць лісты, пошту, мець спатканні.
Арцёма Дубскага пакаралі зняволеннем за парушэнне правілаў адбыцця пакарання ў «справе 14‑ці». Падставай стала тое, што хлопец самавольна з’ехаў ва Украіну. Яго затрымалі летась 13 лютага, калі ён ехаў, каб удзельнічаць у святочнай акцыі ў дзень святога Валянціна.
Адвакат Арцёма Дубскага Тамара Сідарэнка будзе абскарджваць пакаранне свайго падабароннага. Паводле праваабаронцаў, 15 сутак у штрафным ізалятары гэта даволі суровая мера для і без таго зняволенага чалавека.