Загінуў магілёўскі аператар Белсату Вадзім Аршынскі
Трагедыя здарылася ў чацвер 18 лютага прыблізна а 12-й гадзіне дня, калі Вадзім Аршынскі вяртаўся дамоў з чарговых здымак.
Пра гэта паведаміў магілёўскі журналіст Генадзь Суднік. Дом, у якім жыве сям’я Аршынскага, рамантуецца, таму над уваходамі ў пад’езды зробленыя адмысловыя драўляныя навесы. Акурат у той момант, калі В. Аршынскі крочыў пад навес, з даху на яго абрынулася сумесь будаўнічага друзу і зляжалага снегу. Навес ад удару не вытрымаў і абрушыўся на журналіста. Па словах сп. Судніка, будаўнікі выклікалі «хуткую», але ўжо было позна. З бальніцы жонцы Вадзіма патэлефанавалі з яго тэлефона і паведамілі пра ягоную смерць.
Вадзіму Аршынскаму было 49 гадоў. Прафесійны аператар. Супрацоўнічаў з незалежнымі СМІ, у тым ліку з тэлеканалам «Белсат». У яго засталося двое сыноў.
Рэдакцыя «Нашай Нівы» выказвае спачуванне сям’і Вадзіма Аршынскага.