У Мінску плануецца пабудаваць восем новых паркінгаў
Пра гэта паведаміў міністр унутраных спраў Анатоль Куляшоў 17 лютага на сустрэчы са студэнтамі Міжнароднага гуманітарна‑эканамічнага інстытута.
Паводле яго слоў, гэта дазволіць аблегчыць праблему з паркоўкай аўтатранспарту ў горадзе і паўплываць на сітуацыю з крадзяжамі з аўтамашын. Міністр зазначыў, што паколькі самі праекты «не высокаакупныя», цяпер гарадскія ўлады шукаюць інвестараў для іх рэалізацыі.
Куляшоў нагадаў, што ў Мінску зараз зарэгістравана каля 650 тысяч адзінак транспарту,
разам з тым у сталіцы налічваецца толькі 250 гаражна‑будаўнічых кааператываў, «куды ўвесь транспарт паставіць немагчыма», і пяць паркінгаў.
Апошнім часам было абсталявана таксама больш як 200 пляцовак пры дарогах за кошт змяншэння вышыні бардзюрнага каменю.
Міністр паведаміў, што летась у Беларусі было ўчынена каля 8 тысяч крадзяжоў з аўтатранспарту, які знаходзіўся ў дварах і на стаянках.
У Мінску больш за ўсё такіх злачынстваў учынялася ў Маскоўскім, Фрунзенскім, Заводскім і Першамайскім раёнах. Нядаўна была затрымана група мінчан, якія ўжо прызналіся ў 45 крадзяжах.