Уборачная ў студзені
Камітэт дзяржаўнага кантролю выкрыў афіцыйных статыстаў. Выяўленыя маштабныя прыпіскі ў Мінскай вобласці ў сельскай гаспадарцы.
Камітэт дзяржкантролю Міншчыны пералічыў сабраны ў рэгіёне ўраджай. Замест росту вытворчасці сельгаспрадукцыі на ўзроўні 109,5%, аказалася 100,01%. І гэта пры тым, што сюды палічылі памідоры і бульбу, сабраныя беларусамі на дачных і прысядзібных участках, хоць зразумела, што ацаніць іх працу ў прынцыпе немагчыма.
Тых, хто, праязжаючы па беларускіх дарогах, захапляецца разаранымі і дагледжанымі палямі, высновы дзяржкантролю могуць моцна знерваваць.
А) скажаюцца сапраўдны стан праблем, нехта спрабуе ствараць бачнасць дабрабыту.
Б) Для паказчыкаў ураджайнасці і доказу паспяховасці беларускай сельгасвытворчасці ў гаспадарках засейваюць «няўлічаныя палі». Надоі з трох кароў, як вядома, большыя, чым з адной, але калі прыпісаць іх адной, то можна стаць героем.
В) У сярэдзіне студзеня (!) кантралёры знайшлі на палях няўбранымі кукурузу, бульбу, буракі. Хоць у органы дзяржаўнай статыстыкі яшчэ ў сярэдзіне лістапада паступіла інфармацыя аб поўным завяршэнні ўборкі.
Г) Нарэшце, завяршаючы год апошняй сезоннай агароднінай - буракамі - гаспадаркі масава «перевыконвалі паказчыкі». Буракі ўзважвалі разам з зямлёй і атрымлівалі добрыя лічбы. Прычым, зямлю засыпалі тысячамі тон. Такім чынам 130 гаспадарак штучна павялічылі валавы збор салодкіх каранёў больш чым на 130 тысяч тон.
У цэлым па Мінскай вобласці справаздачы аб вытворчасці сельгаспрадукцыі аказаліся завышанымі на 10 мільярдаў рублёў.