РОЗГАЛАС
Мала таго, што безбiлетнiк "калясiў" у грамадскiм транспарце бясплатна, ён яшчэ накiнуўся на жанчыну-кантралёра.
Падпiўшая парачка вярталася ў мiкрараён "Серабранка", што ў Мiнску, паведамiў карэспандэнту "Звязды" прэс-афiцэр Ленiнскага РУУС Сяргей Козел, вечарам у паўпустым тралейбусе. Адкуль толькi ўзялiся кантралёры, але апошнiм дзяўчыне з хлопцам паказаць не было чаго — ехалi без бiлетаў, а штраф плацiць не захацелi. У адказ кантралёры прапанавалi "зайцам" на наступным прыпынку пакiнуць тралейбус. хлопец пачаў спрачацца з кантралёрамi. Калi ж словы скончылiся, ён схапiўся за поручнi i, як след разгойдаўшыся, ударыў нагамi ў спiну жанчыну-кантралёра. Зламыснiка затрымалi ў хуткiм часе супрацоўнiкi мiлiцыi, якiх выклiкаў кiроўца тралейбуса.
Рабаўнiкi забралi кашалёк з мiльёнамiНеабачлiва адчынiўшы дзверы кватэры на званок, 27-гадовы мiнчанiн пасля моцна пашкадаваў: у яго жыллё на вулiцы Бялецкага ўварвалiся двое незнаёмцаў.
Паводле звестак прэс-афiцэра Маскоўскага РУУС Таццяны Грыб, нахабнiкi запiхнулi гаспадара ў кватэру i пачалi збiваць, патрабуючы грошы i каштоўнасцi. Пацярпелы пабавiўся ад няпрошаных вiзiцёраў толькi пасля таго, як яны заўважылi пакiнуты на стале кашалёк i знiклi з гэтай здабычай. У кашальку знаходзiлiся 3 мiльёны 600 тысяч рублёў i 90 долараў ЗША. Адшукалi аднаго з крыўдзiцеляў пацярпелага праз дзень. Як выявiлася, падазроны — 21-гадовы непрацуючы, раней судзiмы мiнчанiн. Яго памагатага затрымалi менш як праз тыдзень.
Звёў рахункi з жыццём у... бальнiцы49-гадовы мiнчанiн, якому была зробленая аперацыя i якi знаходзiўся на лячэннi ў НДІ пульманалогii i фтызiятрыi.
Як паведамiў карэспандэнту "Звязды" старшы памочнiк пракурора горада Мiнска Сяргей Балашаў, нежывога пацыента каля трох гадзiн ночы знайшоў у палаце медперсанал. Як выявiлася, ён скончыў жыццё самагубствам, перарэзаўшы на руках вены з дапамогай ляза, якое выцягнуў з брытвы. Нiякай перадсмяротнай запiскi чалавек не пакiнуў, таму ўсе акалiчнасцi здарэння высвятляюць следчыя пракуратуры Цэнтральнага раёна сталiцы. Загiнулы мужчына, мiж iншым, быў цяжкахворым на туберкулёз i пасля аперацыi не хадзiў. У палаце ён ляжаў адзiн.
Iгар ГРЫШЫН.
Гульнi з кулямi17-гадовы школьнiк з пасёлка Бальшавiк Гомельскага раёна знойдзены мёртвым дома на канапе.
Як паведамiлi ў прэс-службе УУС Гомельскага аблвыканкама, побач з целам былi рэшткi гiльзы калiбру 11 мм, патрон перфаратара са свердзелам, пласкагубцы, куля калiбру 7,62 мм, парашок шэрага колеру, металiчныя рэшткi бенгальскiх агнёў i разабраная навагодняя хлапушка. Чым займаўся юнак у апошнiя хвiлiны свайго жыцця i якiм чынам ён атрымаў пранiкальнае раненне ў грудзi i апёк левай рукi, можна толькi здагадвацца.
Iрына АСТАШКЕВIЧ.