Брат мой, Каiн...

Источник материала:  

Свой першы поўнаметражны фiльм беларускi рэжысёр Максiм Носаў рабiў 9 гадоў за ўласныя грошы, а цяпер спадзяецца прасунуць яго на мiжнародныя фестывалi з дапамогай Кшыштафа Занусi

...Па шчырасцi, Носава дасведчаная публiка больш ведае як клiпмейкера i тэлерэжысёра. Гэта ён рабiў стылёвы чорна-белы клiп для гурта "Аtlаntiса" i рыцарскi клiп-эксперымент для нашых дэбютантаў на "Еўрабачаннi" "Аляксандры i Канстанцiна". Гэта на яго рахунку — некалькi сезонаў "Падарожжаў дылетанта", музычныя тэлефiльмы "Маленькiя канцэрты вялiкай вайны", "60 мiрных гадоў" i "Дарогi вайны".

Зрэшты, у яго ж за плячыма — курс у майстэрнi Вiктара Турава i некалькi самастойных кiнаработ — "Іван", "Сiнi-Сiнi" i "Дотык", але ўсё гэта адбылося яшчэ ў мiнулым стагоддзi. У гэтым жа Максiм здолеў не тое што здзiвiць, а ў пэўным сэнсе нават шакiраваць крытыкаў сваiм першым поўным метрам — псiхалагiчнай драмай "Каiн", на якую рэжысёр выдаткаваў уласныя сродкi, сiлы i 9 гадоў жыцця. Прычым дзеля таго, каб зрабiць сапраўды СВАЁ кiно, рэжысёр скарыстаў прынцып "хочаш, каб было зроблена добра, — зрабi сам", выступiўшы ў карцiне i прадзюсарам, i сцэнарыстам, i грымёрам, i мастаком па касцюмах, i пастаноўшчыкам трукаў, i адным з акцёраў, i нават кампазiтарам. Цi варты быў вынiк усiх гэтых высiлкаў?

Прыпавесць мiнулых часоў

У аснове сюжэта — бiблейскiя прытчы пра першае забойства ў гiсторыi чалавецтва (Каiн i Авель) i гiсторыя блуднага сына. Дакладней, прытчы перацякаюць адна ў адну, амаль як у старой казцы: жыў-быў бацька-патрыярх, i было ў яго тры сыны, Каiн, Авель i Сiф. Двое першых кахалi адну дзяўчыну — яе i не падзялiлi аж да таго, што ў прыпадку рэўнасцi Авель забiў дзяўчыну, а Каiн, не дараваўшы, забiў брата i сышоў з дому. Уласна, з гэтага ўсё толькi пачынаецца — пакуты сумлення, пошукi зямнога раю (а мо самога сябе?), жахi, успамiны, фiласофскiя размовы з сустрэтай у бяскрайняй пустынi арабскай дзяўчынкай, нарэшце, вяртанне i, бадай самае галоўнае — дараванне.

Тое, што заняло ў адвольным журналiсцкiм пераказе адзiн абзац, на экране доўжыцца больш за гадзiну (а ў першапачатковым варыянце было яшчэ больш, 2,5 гадзiны). Пры гэтым аповед iдзе практычна без слоў — мовай жэстаў, позiркаў, вобразаў, гукаў i сiмвалаў, разгадаць якiя часам няпроста. Але сустракаюцца i моманты, якiя не патрабуюць перакладу з "высокай кiнематаграфiчнай" на простую, зразумелую кожнаму гледачу мову. Вось хтосьцi расказвае легенду пра зямны рай — быццам далятаюць туды, дзе цячэ адна матухна-рака i цвiце сад, адны толькi вялiкiя белыя птушкi, а далятаючы, ператвараюцца ў людзей, i жывуць у дзiвосным краi Белаводдзе, не абазначаным нi на адной карце свету. Нiчога вам не нагадвае? Месца падзей у той жа час старанна пераведзена ў абстрактнае "дзесьцi i калiсьцi ў Еўропе". Рэдкiя маналогi i адзiнкавыя дыялогi гучаць на нямецкай, арабскай i лацiнскай мовах — без перакладу, з субтытрамi — i на iх фоне ледзь улоўным ценем мiльгае ўрывак... беларускамоўнай калыханкi. Яе блудны сын чуе, марачы аб недасяжным раi, i можа, якраз у гэты момант i ён сам, i глядач здагадваецца, што ў любых вандроўках i блуканнях сэрца чалавека застаецца там, дзе бацькоўскi дом...

Што адметна — да сустрэчы нават з вузкiм колам гледачоў фiльм двойчы змянiў назву. Задумваў яго рэжысёр як "Каiн", прыкладна ў сярэдзiне работы перайменаваў у "Авель", але падумаў яшчэ... i зноў вярнуўся да "Каiна", палiчыўшы тэму пакаяння i размову пра "бясконцы сэнс жыцця" больш цiкавай i глыбокай, чым тэму ахвярнасцi. "Галоўная iдэя фiльма сугучная нашай нацыянальнай ментальнасцi, талерантнасцi беларусаў", — перакананы рэжысёр. I ў прынцыпе з iм цяжка не пагадзiцца, узгадаўшы, колькi ўсяго перацярпеў наш народ. Як цяжка i выкiнуць з галавы фiнальную выснову бацькi-патрыярха: "Жывы ты цi памёр — не так важна. Я баяўся, што ты страцiў цэльнасць сваёй душы. Толькi адно сапраўды важна — дзеля чаго ты жывеш i за што гатовы памерцi...". Адвечнае пытанне "Я — дзеля чаго?" не пакiдала публiку абыякавай нават у выкананнi мультыплiкацыйнага сабакi Пiрата, што ўжо казаць пра бiблейскага — i адначасова свайго, роднага — персанажа.

Цiкава, цi знайшоў на гэта пытанне адказ сам рэжысёр?

Тлумачэнне сноў

— Рэлiгiйная, духоўная тэма для мяне ўвогуле блiзкая, — тлумачыць Максiм выбар "плацдарма", — у свой час здымаў ролiк "Аvе Mаriа" з музыкай Шуберта, потым зацiкавiўся гiсторыяй Авеля i Каiна, якая па сутнасцi — пра ўсiх нас...

— Але ж гэта не падстава для таго, каб узяцца рабiць увесь фiльм самому. Цi тут схавана нейкая мiсiя?

— Не, паверце, я пайшоў на гэты крок не ад добрага жыцця i не ад нейкiх завышаных амбiцый. Так склалiся абставiны. Некалi я спрабаваў падаць заяўку на кiнастудыю, але там нiчога не адбывалася, нiкому гэта не было патрэбна, i я зразумеў, што, каб дасягнуць пэўнага вынiку, трэба ўсё рабiць самому. Таму праца i расцягнулася на 9 гадоў — толькi шэсць iшлi самi здымкi ў Беларусi i Расii (напрыклад, маштабную батальную сцэну ў чароце, што заняла тры днi, давялося здымаць з перапынкам у паўгода, бо цяжка было сабраць усiх патрэбных людзей у адным месцы, а працавалi ўсе занятыя акцёры бясплатна), яшчэ тры спатрэбiлася на мантаж, камп'ютарную графiку, гукавыя эфекты...

— Так доўга?!

— А што вы думаеце — гэта на студыi iснуе цэлая база патрэбных гукаў, фонаў i шумоў, а мне патрэбна было ствараць яе наноў, у адзiночку. I гэта не такая простая справа, як можа здавацца: нават звычайны шум дажджу ў лесе складаецца з некалькiх узроўняў: стук буйных кропляў, шолах лiстоты, шапаценне галiнак, агульны фон — а потым усё гэта трэба звесцi ў адно цэлае.

— Ну, хоць музыку да фiльма вы маглi не пiсаць самастойна, а звярнуцца да сяброў-артыстаў — павiнны ж былi застацца добрыя сувязi?

— Спачатку такiя дамоўленасцi сапраўды былi, але потым, як даходзiла да справы, людзi адступалi — у каго не атрымлiвалася па часе, хто адвык ад такога паняцця — "працаваць за iдэю". Але, напрыклад, Сяргей Осiпаў дапамог мне з запiсам духавых аўтэнтычных iнструментаў, Сяргей Шыбека з групай аднадумцаў — з пастаноўкай батальных сцэн...

— Андрэй Герасiмчык i Уладзiмiр Максiмкаў па старым сяброўстве папрацавалi аператарамi, а небезвядомы "дылетант" Юрый Жыгамонт сыграў адну з роляў. Дарэчы, чаму, акрамя Юрыя, у фiльме няма нiводнага прафесiйнага акцёра?

— У прынцыпе, у традыцыях неарэалiзму гэта цалкам нармальная практыка, калi ў фiльме занятыя непрафесiяналы — каб не было пэўнай заштампаванасцi, каб пазбегнуць пафасу i прадказальнасцi, i каб можна было паэксперыментаваць на стыку розных жанраў.

Носаў, якому давялося аплачваць усе выдаткi (ад арэнды апаратуры да бензiну) па вытворчасці фiльма са сваёй кiшэнi, тым не менш, сцвярджае, што бухгалтарскага ўлiку не вёў, таму не можа абазначыць бюджэт карцiны. Калегi-канкурэнты, аднак, мяркуюць, што гаворка можа iсцi "прыблiзна пра 5-7 тысяч долараў" — па сутнасцi, гэтыя грошы сёння патрабуюцца для здымак аднаго, не самага затратнага, клiпа. "Каiн" жа, хоць i зроблены ў клiпавай манеры, але вiдавочна прэтэндуе на большае. Як i рэжысёр варты павагi хоць бы за тое, што трацiў у пагонi за сiмваламi i прытчамi не бюджэтныя — нашы з вамi — грошы, а свае ўласныя, заробленыя на тэлебачаннi i студыi "Летапiс".

Глядзець нельга адвярнуцца

Ужо на першым закрытым паказе ў Мiнску, куды, зрэшты, акрамя крытыкаў i журналiстаў, трапiлi асобныя дасведчаныя "проста гледачы", стала зразумела, што "Каiн" — кiно не для ўсiх. Бо меркаваннi прысутных, як i папярэджваў да прагляду сябар Носава i сурэжысёр мантажу Аляксандр Дзем'янкоў, падзялiлiся на дыяметральна супрацьлеглыя: адны называлi вынiк бездапаможным вучнёўствам з прэтэнзiяй на майстэрства, другiя ўхвалялi стылiстычна-мастацкае рашэнне i перайманне лепшых традыцый сусветнага нямога кiно. Тыя ж супярэчлiвыя ўражаннi выказалi i прафесiйныя рэжысёры. Сам рэжысёр прызнаўся: "Я адчуваю, што сёння ёсць дэфiцыт такога кшталту кiно — не аднадзённага, а нармальнага, глыбокага, вобразнага. Таму, хоць i адчуваю сябе як выцiснуты лiмон, але вынiкам я задаволены".

— Для каго ўсё ж ваш фiльм — для вернiкаў, для пiянераў цi, наадварот, пенсiянераў? — не адставалi ўпартыя крытыкi. Рэжысёр спачатку адказаў, маўляў, для людзей, якiя думаюць. Пазней, у прыватнай размове, удакладнiў: для hоmо sарiеns увогуле. "Многiя кажуць, што ўбачылi трэйлер у iнтэрнэце, зацiкавiлiся i хацелi б паглядзець фiльм цалкам", — не без гонару заўважае рэжысёр.

Магчыма, шэраг камерных паказаў i будзе зладжаны з дапамогай кiнаклубаў — напрыклад, у Гродне, — але ў шырокi пракат "Каiн" выпускаць пакуль што не плануецца. Рэжысёр заняты тым, што складае тэкст лiста для пана Кшыштафа Занусi, вядомага сваiм добразычлiвым удзелам у лёсе некаторых маладзейшых калегаў — магчыма, той нешта падкажа, параiць. А ў планах — стварыць карцiне "фестывальную гiсторыю", для пачатку хоць бы ў расiйскiм кiрунку, а там i на еўрапейскiм узроўнi. "Трэба як след разрэкламаваць прадукт, i толькi потым прапаноўваць яго людзям, — паўтарае прапiсныя iсцiны Максiм i, не ўтрымаўшыся, зусiм па-хлапечы нецярплiва дадае: — Хацелася б i ў Беларусi зрабiць нармальную, вялiкую прэм'еру".

Зрэшты, чаму б i не? Не ўсё ж нам даведвацца пра поспехi сваiх i свайго толькi пасля таго, як iх заўважаць за межамi сiнявокай?

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.

←Пока еще не поздно

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика