Указ №518 пра арэнду даў прастору для павышэння расцэнак

Источник материала:  
13.02.2010 19:57 — Новости Общества

«Чыноўнікі, падобна, пачалі ўсведамляць якія праблемы спарадзіў новы ўказ пра арэнду, але вырашаць іх будуць доўга» — такое меркаванне выказаў кіраўнік Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва Сяргей Балыкін, каментуючы ход выканання ўказа прэзідэнта № 518 «Аб некаторых пытаннях арэнды і бязвыплатнага карыстання маёмасцю», які набыў моц 1 студзеня. Праблемы памеру арэнднай платы абмяркоўваліся 12 лютага на пасяджэнні Савета па развіцці прадпрымальніцтва.

Паводле слоў Сяргея Балыкіна, кватэрнае пытанне — адно з ключавых для малога і сярэдняга бізнесу ў Беларусі, што не дзіўна, бо мала хто з айчынных прадпрымальнікаў мае ва ўласнасці неабходныя плошчы, «арэндныя ж стаўкі ў нашай краіне, мякка кажучы, кусаюцца».

Вырашыць пытанні арэнды павінен быў прэзідэнцкі ўказ № 518, аднак ён, у «большай ступені спарадзіў новыя праблемы, чым вырашыў старыя», сказаў эксперт.

«Прадпрымальнікі адзначаюць, што арэндная плата пасля таго як указ набыў моц вырасла амаль у тры разы. Аднак калі паглядзець на зацверджаныя ўказам арэндныя стаўкі, то можна пераканацца, што арэнда вырасці не павінна, больш за тое — павінна знізіцца… Але д`ябал, як вядома, хаваецца ў дэталях. У нашым выпадку — у каэфіцыентах», — канстатаваў Сяргей Балыкін.

Паводле яго слоў, указ дазваляе ў залежнасці ад попыту на памяшканне прымяняць каэфіцыент ад 0,5 да 3. «Вельмі часта чыноўнікі прымяняюць максімальны ці блізкі да яго каэфіцыент. Таксама зусім незразумела, для чаго выкарыстоўваецца каэфіцыент 3 пры арэндзе плошчаў для размяшчэння кіраўнікоў, а таксама бухгалтарскіх, кадравых і юрыдычных службаў. Чаму чыноўнікі хочуць за кабінет дырэктара браць утрая больш, чым за кабінет простага супрацоўніка? Няўжо кіраўнікоў, бухгалтараў і юрыстаў разглядаюць як своеасаблівых паразітаў на целе рабочага народа, ад якіх трэба пазбавіцца? І хіба не зразумела, што без начальства ніякая арганізацыя існаваць не можа?» — задаў пытанне эксперт.

Ён таксама нагадаў, што ўказам засталася неўрэгуляванай сітуацыя, калі кіраўнік, бухгалтар і вытворчасць размяшчаюцца ў адным памяшканні. «Іншая праблема заключаецца ў тым, што рознага роду каэфіцыентаў ва ўказе шмат і парадак іх прымянення тлумачыцца дваяка. Напрыклад, нейкае прадпрыемства займаецца выключна аказаннем паслуг і на гэтай падставе мае права прэтэндаваць на паніжальны каэфіцыент 0,4. У адным радку ўказа напісана, што гэты каэфіцыент ужываецца да ўсіх плошчаў, што арандуе прадпрыемства, у тым ліку і да кабінета дырэктара. Гэта значыць за дырэктарскі кабінет арэнду павінны браць з павышальным каэфіцыентам 3, але таксама прымяняць і каэфіцыент 0,4. Аднак чыноўнікі ўказваюць на іншы радок і на гэтай падставе паніжальны каэфіцыент не прымяняюць», — канстатаваў эксперт.

Надзея прадпрымальнікаў на тое, што ўказ калі-небудзь будзе зменены, засноўваецца на словах намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Леаніда Анфімава, які ўдзельнічаў у працы Савета, сказаў Сяргей Балыкін. «Любы нарматыўны акт павінен быць самадастатковым. Калі мы пачынаем указ тлумачыць па-рознаму — значыць, пры яго распрацоўцы падышлі фармальна і павярхоўна», — адзначыў высокапастаўлены чыноўнік.

←Пытанне пра Еўранест трымаюць падвешаным

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика