Грамадскі туалет даражэйшы за пяць храмаў
Лідскія «Дажынкі‑2010» будуць каштаваць 485 мільярдаў рублёў ($170 мільёнаў). На што іх патрацяць?
У першыя дні года быў названы чарговы горад‑шчасліўчык. Гонар атрымаць тыпавую рэканструкцыю райцэнтра дастаўся Лідзе.
Бюджэт сёлетніх «Дажынак» б’е ўсе рэкорды. Зрэшты, тэндэнцыя назіраецца з году ў год. У рублёвым эквіваленце бюджэт свята павялічваецца штогод — «Орша‑2008» — 320 млрд, «Кобрын‑2009» — 330 млрд, «Ліда‑2010» — 485 млрд.
«Дажынкі» ў крэдыт
Днямі ў інтэрнэт быў выкладзены прыкладны план з «Асноўнымі мерапрыемствамі па падрыхтоўцы Лідскага раёна» за подпісам ужо былога кіраўніка Гродзеншчыны Уладзіміра Саўчанкі. Намеснік старшыні Лідскага райвыканкама Яраслаў Мікавоз пацвердзіў яго існаванне. Па словах супрацоўнікаў лідскіх дзяржаўных устаноў, цяпер дакумент рассылаецца ім для азнаямлення.
Пра тое, як збіраюцца дзяліць дажынкавы пірог коштам 170 мільёнаў даляраў (!), трохі пазней, а зараз адказ на галоўнае пытанне — адкуль возьмуцца грошы?
Фінансаванне свята ў апошнія гады пераклалася з рэспубліканскіх плячэй на рэгіянальныя. За сродкі дзяржаўнага бюджэту будуць пабудаваныя толькі гарадскі стадыён і Лядовы палац — як жа без яго — ды адрамантаваны мясцовы каледж.
Дапамога ад вобласці большая — каля $11 мільёнаў. Галоўная частка гэтых грошай пойдзе на рэстаўрацыю Лідскага замка.
Ажно 58% ад бюджэту «Дажынак‑2010» ($100 мільёнаў!) плануюць атрымаць з банкаўскіх крэдытаў. Прынцыпы «гуляць дык гуляць» і «пасля нас — хоць патоп» загоніць Ліду ў даўгі на дзесяцігоддзе наперад. Летась кобрынскія ўлады таксама набралі крэдытаў, але іх колькасць была ўтрая меншая за сёлетнюю.
Здаровае цела…
Дажынкі не былі б дажынкамі, калі б у Лідзе не пачалі будаваць Лядовы палац. Ён будзе каштаваць $7,5 мільёна. Два футбольныя стадыёны — адзін новы, другі адрамантаваны — абыдуцца яшчэ ў $3,75 мільёна. Нарэшце, спарткомплекс — тыя самыя $3,75 мільёна.
«Хіт сезона» — аквапарк у крэдыт. Усе $15 мільёнаў на яго будаўніцтва мусяць выдзеліць банкі.
Дарэчы, кобрынскі аквапарк фатальна не загружаны праз адсутнасць ахвотных плаваць.
… ці здаровы дух?
У адрозненне ад спорту, культурна‑гістарычная праграма выглядае беднавата. Нарэшце дачакаецца рэканструкцыі гонар горада — Лідскі замак. Рамонтныя працы будуць каштаваць удвая танней за аквапарк.
Раздзел «культавыя аб’екты» скарочаны да мінімуму. Рамонт пяці храмаў умясцілі ў $200 тысяч. І то, крыніцы фінансавання большасці з іх дагэтуль нявызначаныя. Толькі з касцёлам усё зразумела — на яго грошай няма, а таму капітальны рамонт будзе праводзіцца за сродкі грамадзянаў. Да слова, адна грамадская прыбіральня ў цэнтры Ліды будзе каштаваць больш за ўсе храмы…
Спонсара на помнік Гедыміну за $300 тысяч таксама пакуль няма.
Мясцовым уладам не дае спаць спакойна поспех 3D‑кінатэатра «Кіеў» у Мінску, білеты на кінасеансы ў які распрадаюцца на месяц наперад. Таму наступным горадам з 3D стане менавіта «дажынкавая» Ліда.
Мяркуючы па досведзе мінулых гадоў, з кожным месяцам праект будзе разрастацца ўсё мацней. Раённыя чыноўнікі разумеюць, што «Дажынкі» — унікальная магчымасць падаіць карову з фактычна невычэрпным запасам малака, і таму хочуць запланаваць як мага больш мерапрыемстваў. Калі правілы правядзення свята застануцца ранейшымі, наступная магчымасць комплекснага рамонту горада надарыцца прыблізна праз 100 гадоў.
Ягор Марціновіч